Нас чытаюць ва ўсім свеце

09:39 / 30.12.2010
2

Па вялікім рахунку, Навагодняе свята – гэта ўсяго толькі ўмоўна выбраны дзень, дакладней, ноч і нават гадзіна, падчас якой завяршаецца адлік аднаго года і пачынаецца – другога. З тым жа поспехам – і нават больш лагічным – ім мог бы быць абраны дзень сонечнага сонцастаяння, ці самая доўгая ноч, пасля якой дзень пачынае прыбываць, ці астранамічны пачатак вясны, ці… Але ёсць так, як ёсць, і з кожным годам людзі ўсё больш надзяляюць навагоднюю ноч усялякімі цудамі, а яшчэ больш – чаканнем  іх. Ніхто не спрачаецца – напэўна, цуды сапраўды здараюцца з тымі, хто ў іх моцна верыць – яны ж часам адбываюцца з імі і ў іншыя дні года, але навагоднім падзеям надаецца асаблівая знакавасць…


А яшчэ пад Новы год прынята падводзіць вынікі адыходзячага года – рабіць такую своеасаблівую справаздачу, неабавязкова (хоць і пажадана) у пісьмовым выглядзе. І будаваць планы на будучыню, папярэдне зверыўшыся – хто дзеля цікаўнасці, а хто і на поўным сур’ёзе – са шматлікімі гараскопамі, па колькасці якіх навагоднія выпускі газет, часопісаў і ўсялякіх іншых СМІ б’юць усе магчымыя і немагчымыя рэкорды.
Да традыцый можна адносіцца па-рознаму, але яны таму і традыцыі, каб іх захоўваць – што называецца, не мы прыдумалі, не нам і адмяняць. Таму, звярнуўшыся да некаторых нашых землякоў з традыцыйным пытаннем: якім быў для вас адыходзячы год? — мы задалі яго і самім сабе, калектыву рэдакцыі.
Прааналізаваўшы падзеі і дасягненні адыходзячага года, прыйшлі да высновы, што вельмі нават нядрэнным. Практычна ніводзін год не абыходзіцца ў рэдакцыі без перамог у абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсах, але сёлетні па колькасці ўзнагарод і іх значнасці быў адным з самых удалых.
Пачаўся з прыемнай навіны: “Астравецкая праўда” стала пераможцам рэспубліканскага творчага конкурсу сярод рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ “Беларускае праваслаўе: гісторыя і сучаснасць”. З гэтай перамогай нас віншавалі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь А.В. Праляскоўскі і Уладыка Філарэт – у рэзідэнцыі Мітрапаліта і адбывалася ўзнагароджванне, а таксама ўрачысты прыём з гэтай нагоды. У якасці падарунка рэдакцыя атрымала дыплом і грашовую прэмію, за кошт якой змагла прадоўжыць таксама ўжо традыцыйныя вандроўкі па Беларусі і за яе межы. Так што і ў гэтым плане — пазнання нязведаных мясцін – год для нашага калектыву быў спрыяльным.
Такім чынам, год пачаўся ўдала – і, як паказаў далейшы ход падзей, гэтак сама ён і прайшоў: гэта была першая ў гэтым годзе, але далёка не апошняя наша перамога.
У маі прадстаўнікоў “Астравецкай праўды” запрашалі ў сталіцу па ўзнагароды двойчы: мы сталі прызёрамі рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой і атрымалі ў падарунак дыплом і тэлевізар. А яшчэ адным падарункам для нас і для мастацкага калектыву “Польскае рэха Астраўца” стала тое, што за гэтую нашу перамогу апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь адзначыў астравецкіх артыстаў новымі прыгожымі сцэнічнымі касцюмамі – так што наша перамога прынесла двайную ўзнагароду – і двайную радасць.
Чарговай перамогай стала другое месца ў намінацыі “Лепшы праект” у рэспубліканскім творчым конкурсе на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і асноў бяспечнай жыццядзейнасці– узнагароду ў рамках  міжнароднай выставы “СМІ ў Беларусі” нам уручаў міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Э.Р. Барыеў.
А ўвосень капілка ўзнагарод “Астравецкай праўды” папоўнілася ганаровым дыпломам Эдуарда Свірыда, які стаў другім у абласным спаборніцтве лепшых журналістаў. Гэта першая сур’ёзная журналісцкая ўзнагарода Эдуарда Іванавіча, які не так даўно змяніў указку педагога на пяро журналіста – і як бачым, вельмі ўдала. Для калектыву ж перамогі нашых журналістаў у абласных і рэспубліканскіх конкурсах сталі ўжо традыцыйнымі: творчы патэнцыял супрацоўнікаў рэдакцыі дазваляе нам верыць, што гэтая перамога – не апошняя ні ў Эдуарда Свірыда, ні ў калектыве ўвогуле.
А самае галоўнае дасягненне рэдакцыі ў адыходзячым годзе – тое, што нашы чытачы засталіся з намі і нават прымножыліся. Увогуле, калі супаставіць вынікі прайшоўшага ў гэтым годзе перапісу насельніцтва з тыражом газеты, то вельмі красамоўная і нават парадаксальная рэч атрымліваецца. За мінулыя дзесяць гадоў колькасць жыхароў у раёне зменшылася на 5219 чалавек – 17,7 працэнта. А колькасць падпісчыкаў “Астравецкай праўды” павялічылася на 1320 чалавек (хоць аб’ектыўна гэтую лічбу можна смела памнажаць як мінімум на тры – бо, як паказваюць даследаванні, кожную выпісаную газету чытаюць у сярэднім тры чалавекі) – 30 працэнтаў. Нас выпісваюць не толькі ў Астравецкім раёне: як паведамілі на пошце, раённую газету пасылаюць у Ваўкавыск і Гродна, Оршу і Мінск, Наваполацк і Паставы і многія іншыя гарады краіны.
А чытаюць увогуле ва ўсім свеце. Сёлета ў нас адбылася яшчэ адна значная падзея: пасля працяглай “замарожанасці” адкрыўся сайт газеты ostrovets.by, які дазваляе чытаць навіны Астравеччыны практычна ва ўсім свеце, без абмежаванняў – што, як паказваюць водгукі і каментарыі, людзі і робяць — і дзякуюць рэдакцыі за такую магчымасць. Так што чытачоў у нас нашмат больш той лічбы, што стаіць у выхадных дадзеных, колькасць іх пастаянна павялічваецца – і гэта галоўная наша  перамога і асноўнае дасягненне, да якога мы ішлі не адзін год…
А планы на будучыню… Наступны год будзе для “Астравецкай праўды” юбілейным”: 29 мая нашай газеце споўніцца 70 гадоў. Дата, пагадзіцеся, салідная, і рыхтавацца да яе мы пачнем загадзя. Вядома, з дапамогай нашых чытачоў. Плануецца арганізаваць шмат новых конкурсаў, у якіх, спадзяемся,  многія з вас прымуць удзел – пераможцы будуць запрошаны на ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды юбілею.
А ўвогуле – перамогі, юбілеі, падарункі, узнагароды – рэч, вядома, прыемная і знакавая, бо кожны, хто нешта робіць, жадае ведаць, як ацэньваюць яго працу. Але галоўнае для нас – тое, у выніку чаго і атрымліваюцца ўсе перамогі: старацца заставацца такімі ж запатрабаванымі чытачамі, такімі ж патрэбнымі ім, як зараз — каб яны з мноства выданняў на любы густ і колер, з большымі магчымасцямі, лепшым патэнцыялам, чым у нас, аддавалі перавагу ўсё ж нашай газеце. Над гэтым і будзем працаваць у наступным годзе, кожны дзень і кожны нумар.
А  вы, шаноўныя чытачы, выпісвайце, чытайце – і будзем  сябраваць і надалей!
Да сустрэчы ў Новым годзе!


P.S. Дарэчы, традыцыйны навагодні падарунак ад “Астравецкай праўды” – прыгожы каляровы каляндар – будзе абавязкова: вы атрымаеце яго ў першым нумары студзеня.


Ніна РЫБІК.