Першыя сюрпрызы другога чэмпіянату

08:19 / 23.01.2012





Першы тур другога раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях, які стартаваў у мінулы панядзелак, прынёс першыя сюрпрызы.


Першай прыемнай навіной стала тое, што кола аматараў інтэлектуальных гульняў пашырылася: для ўдзелу ў чэмпіянаце, акрамя ўсіх леташніх удзельнікаў, зарэгістравалася тры новыя каманды: “Праметэй” з РУП ЖКГ, “Оптымум” з Варнян і “Гульні розуму” з Альхоўкі. Да слова сказаць, яны ўжо адчулі неапісальны азарт і драйв, які даюць інтэлектуальныя гульні, на снежаньскім калядным турніры. І, як аказалася, нават адной ін’екцыі аказалася дастаткова, каб заразіцца гэтай надзвычай карыснай і захапляльнай інфекцыяй…
У правілах правядзення другога чэмпіянату ў параўнанні з першым адбыліся змены. Пасля савета капітанаў, які адбыўся ў снежні, было вырашана, што раённыя інтэлектуалы ўжо набраліся дастаткова вопыту, і ў спецыяльных размінках патрэбы не маюць. Таму ў залік будуць ісці цяпер абедзве інтэлектуальныя гульні, якія праводзяцца ў кожным туры. Прычым залік будзе весціся асобна па кожнай з гульняў і па іх суме – так што шансы ўвайсці ў лік пераможцаў у кожнай каманды павялічваюцца як мінімум утрая. А знатакі яшчэ падбавілі самі сабе інтрыгі, калі ўнеслі ў палажэнне пункт аб тым, што пасля заканчэння чэмпіянату кожная каманда ануліруе свае вынікі ў адным з тураў – бо ў кожнай бываюць гульні ўдалыя і не вельмі. Вось і атрымліваецца, што новыя правілы інтрыгу, падобна, закруцяць не на жарт…
Калі ж гаварыць пра вынікі першага тура, то трэба адзначыць, што сюрпрызы пачаліся адразу на старце. Адзін з іх – тое, што пераможца першага чэмпіянату, каманда рэдакцыі “Востраў шанцавання”, не ўвайшла нават у лік прызёраў ні ў адной з гульняў і па суме месцаў пасля няўдалага старту знаходзіцца ў другой палове турнірнай табліцы.
Затое навічкі, каманда “Праметэй” РУП ЖКГ, якую ўзначаліў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Браніслававіч Стурліс – цудоўны прыклад для пераймання для іншых кіраўнікоў! – рванула, што называецца, з месца ў кар’ер: чацвёртае месца ў гульні “Што? Дзе? Калі?” і такое ж чацвёртае па суме месцаў. Ну што тут скажаш – малайцы, камунальнікі! Так трымаць!



Што тычыцца самой гульні, то была яна, так бы мовіць, сярэдняй складанасці. Гэта бачна і па “кучнасці” вынікаў. Дастаткова сказаць, што ў многіх выпадках каманды разводзіў па прыступках турнірнай табліцы яго вялікасць рэйтынг, згодна з якім аддаецца больш высокае месца пры роўнай колькасці ачкоў у гульні “Што? Дзе? Калі?”. А пры роўнай суме месцаў перавага, па правілах, у той каманды, якая заняла больш высокае становішча ў элітарнай гульні “Што? Дзе? Калі?” – менавіта пагэтаму “Праметэй” “пасунуў” і “Антрацытавае сонца”, і “Ядзерны востраў”.
З прапанаваных Ларысай Каханоўскай пытанняў “непад’ёмнымі” для нашых інтэлектуалаў аказаліся тры. Прычым у адным з іх – пра прапушчанае слова ў вершы Пушкіна, здаецца, першапачаткова хавалася памылка. Ні адна з каманд не дадумалася, што “Гітлеру вяроўка” атрымаецца, калі сабраць “з міру па нітцы”. “Труной” аказалася і пытанне пра надпіс на магіле Невядомага Салдата ў Маскве. Яго амаль што ўзяла “Надзея”, але няправільна запісала адказ: у выразе “Імя тваё невядома, подзвіг твой бессмяротны” былі перастаўлены месцамі словы “імя” і “подзвіг” – і сэнс, у адрозненне ад матэматыкі, дзе ад перастаноўкі складаемых сума не мяняецца, аказаўся зусім іншым. Не былі залічаны і “Необычайные приключения итальянцев в России» — на самой справе у назве фільма яны былі “необыкновенные” – тое ж, ды не зусім. І толькі адно пытанне – пра Маскву і Пецярбург – узялі ўсе каманды – праўда, калі б напачатку вядучая не сказала, што размова ідзе пра гарады, наўрад ці была б такая аднадушнасць.
Якія вынікі атрымаліся пасля першага тура чэмпіянату, бачна з прыведзенай табліцы. Падазраём, што некага яны парадавалі, некага — засмуцілі. Але і тым, і другім хочацца сказаць: усё толькі пачынаецца. І нават для тых, хто хацеў, ды не змог па нейкай прычыне прыйсці на першы тур: пры новых правілах з ануліраваннем адной з гульняў у іх практычна такія ж шансы, як і ва ўсіх астатніх.
Так што, як гаварылі некалі ў адной папулярнай рэкламе: далучайцеся – не самая дрэнная кампанія.
Сустрэнемся ў лютым!


Ніна РЫБІК.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.