«Magnum Ignotum» «асавеў», а «Аднакашнікаў» «абнадзеілі»

13:17 / 18.01.2012





Сёмы адкрыты турнір па інтэлектуальных гульнях прайшоў у мінулую суботу ў Ашмянах. У ім прыняла ўдзел рэкордная колькасць каманд з Астраўца – шэсць: “Magnum ignotum” з райвыканкама, “Востраў шанцавання” з рэдакцыі, “ЦэРэБрал” з цэнтральнай раённай бальніцы, гімназічная “Аstra”, каманда СШ №1 “Аднакашнікі” і зборная “Надзея”.


Такая актыўнасць, як і вынікі ашмянскага турніру для нашых каманд, паказалі эфектыўнасць “трэніровак у семестры” – рэгулярных гульняў у мінулым годзе падчас раённага чэмпіянату. Сёлета на ашмянскім турніры нашы каманды зусім не выглядалі “хлопчыкамі для біцця”, ён паказаў, што многія ашмянскія і смаргонскія каманды – тыя ж “Гасіла”, “У дзясятачку”, “Оксна”, якія яшчэ нядаўна здаваліся нам недасягальнымі карыфеямі інтэлектуальных гульняў – вельмі нават можна – і трэба! – перамагаць.




У турніры прымалі ўдзел 26 каманд з Ашмян, Смаргоні, Ліды, Гродна, Астраўца. Па-за конкурсам ішла каманда, так бы мовіць, “тэлевізійных прафесіяналаў” “Тэлепузікі”, якая – скажам, забягаючы наперад — і стала мацнейшай, хоць і без прысуджэння месца, але з атрыманнем спецыяльнага прыза.
Лепшай з астравецкіх на гэтым турніры стала “Magnum ignotum”. У “Сваёй гульні” яна стала трэцяй, пакінуўшы далёка ззаду многіх прызнаных карыфеяў – і гэта стала сур’ёзнай заяўкай на агульную перамогу.



Другой інтэлектуальнай гульнёй стала абсалютна новая, вельмі цікавая і надзвычай цяжкая, асабліва для людзей далёкіх ад музыкі, “Цветамузыка”. Тут астравецкія каманды ў лік прызёраў не ўвайшлі: сёмым стаў “ЦэРэБрал”, на восьмым месцы апынуліся “Magnum ignotum” і “Востраў шанцавання”.
У элітарнай “Што? Дзе? Калі?” лепшы вынік сярод астравецкіх каманд зноў паказала каманда “Magnum ignotum” – гэта быў яўна яе дзень! 15 правільных адказаў з 30 — і ў выніку шостае месца.
Па суме месцаў ва ўсіх трох гульнях наш “Magnum ignotum” стаў трэцім, прапусціўшы наперад толькі “Ушэльцаў” з Ліды, якія, здаецца, яшчэ ні з аднаго падобнага турніру не вярталіся без прызавога месца, і зборную з Ашмян “Камбоджа”. Такім чынам, адзін з экслюзіўных прызоў Ашмянскага чэмпіянату – сава, разам з адпаведнымі дыпломамі прыпісаліся ў Астравецкім райвыканкаме.
Усе астатнія астравецкія каманды згулялі менш удала і апынуліся ў другой дзясятцы. Але яшчэ адна з іх вярнулася дамоў з прызам: кубак “Надзея”, які па палажэнню прысуджаецца камандзе, што паказала добрую гульню, але не ўвайшла ў лік прызёраў, быў уручаны камандзе “Аднакашнікі” з Астравецкай СШ №1.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.