“Вірус”, які распаўсюджваюць і медыкі

09:30 / 11.01.2012

Традыцыі бываюць розныя. Карпаратыўныя, тым больш пераднавагоднія, як правіла, вялікай арыгінальнасцю не вызначаюцца: ёлачка, келіх шампанскага, святочны торт... У лепшым выпадку да апісаных вышэй атрыбутаў дадаецца “дамарослы” Дзед Мароз у асобе самага падатлівага супрацоўніка, ды пара-тройка “барадатых” конкурсаў з прэтэнзіяй на займальнасць.


Калектыў Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы ў гэтым сэнсе з’яўляецца рэдкім выключэннем. Наша газета неаднойчы пісала аб касцюміраваных кулінарных шоу, якія ладзіліся ў бальніцы напярэдадні Новага года.
А сёлета медыцынскія работнікі вырашылі замахнуцца на правядзенне ўласнага пераднавагодняга інтэлектуальнага турніру!





Увогуле ў такой ідэі нічога дзіўнага няма. Каманда “ЦэРэБрал” з раённай бальніцы з’яўляецца пастаянным удзельнікам, неаднаразовым пераможцам і прызёрам этапаў раённага турніру па гульні “Што? Дзе? Калі?”. У актыве каманды – другое месца ў асінхронным чэмпіянаце вобласці. Так што пры адсутнасці ў раёне эпідэміі грыпу – пастукаем тры разы па дрэве – не дзіўна, што сярод персаналу медыцынскай установы распаўсюдзілася інтэлектуальная “інфекцыя”.
У выніку, 28 снежня мінулага года ў актавай зале бальніцы сабраліся ажно 5 “свежаспечаных” каманд знатакоў! Дзеля таго, каб забяспечыць раўнавагу сіл, склад каманд фарміраваўся не па тэрытарыяльнаму прынцыпу прыналежнасці да пэўнага аддзялення, а адвольна. Адсюль і адвольныя, “незалежныя” назвы: “Участак”, “Картэр”, “Дух зямлі”, “Авось”, “Неваляшки”.
Мазгавым цэнтрам кожнай з іх стаў адзін з ігракоў “ЦэРэБрала”. У такім раскладзе быў двайны сэнс.
Па-першае, навічкам было прасцей сарыентавацца ў асаблівасцях і правілах самой гульні.
А па-другое, такім няхітрым спосабам ігракі асноўнай каманды атрымалі выдатную магчымасць патрымаць руку на інтэлектуальным пульсе калектыву, знайсці неабходны рэзерв, а можа, і нават – чаму б не? – сфарміраваць яшчэ адну медыцынскую каманду для ўдзелу ў раённым турніры!
Аднак усё гэта – задача максімум, як казалі бальшавікі напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі.
А задача-мінімум, па словах галоўнага арганізатара карпаратыўнага турніру і яго ідэйнага натхняльніка, капітана “ЦэРэБрала” і “па сумяшчальніцтву” намесніка галоўнага ўрача Уладзіміра Часлававіча Мажэйкі, заключалася ў тым, каб прывіць калегам цікавасць да інтэлектуальнай гульні, ды і проста змястоўна адпачыць. Дарэчы, Уладзімір Часлававіч выступіў у нязвыклай для сябе ролі вядучага гульні і, забягаючы наперад, зазначым, што справіўся са сваімі абавязкамі не горш за Барыса Крука і нашмат лепш за айчыннага Алеся Мухіна! Інтанацыя, жэсты, прыхаваныя ў пытаннях адказы, інтрыгуючыя паўзы, іронія – усе гэтыя сродкі былі паспяхова задзейнічаны вядучым і надалі гульні нейкі асаблівы бляск.
Што да турніру, то ён захапіў удзельнікаў з самага пачатку і не адпусціў, захаваў інтрыгу да самага канца!
Арганізатары не сталі дадаткова ўскладняць удзельнікам жыццё малазнаёмымі конкурсамі і для пачатку палічылі за лепшае засяродзіцца выключна на “Што? Дзе? Калі?”. Зразумела, з пэўным улікам асаблівасці месца правядзення і прафесійнай прыналежнасці ігракоў. Гэта значыць, шэраг пытанняў мелі, так бы мовіць, медыцынскі ўхіл. Напрыклад, аб вымярэнні пульсу. У тыбецкай медыцыне, як аказваецца, яго параўноўваюць з голасам зязюлькі і жаўранка. Калі рытм скарачэнняў сэрца нагадвае “ку-ку” – то ўрачу за стан здароўя пацыента перажываць не варта. Ну, а калі пульс адпавядае шчабятанню жаўранка…




«Дух зямлі» – першы чэмпіён карпаратыўнага турніру


Было пытанне і з магчымымі адміністрацыйнымі аргвысновамі: “Што, на думку Сартра, адрознівае чалавека ад жывёлы?”. Вядучы зрабіў камандам недвухсэнсоўную падказку – менавіта аб гэтым вялася размова на апошняй “лятучцы”. “Памятлівых” сярод знатакоў не знайшлося. А можа, уся справа ў святочным настроі, які зусім не настройваў на вытворчы лад? Тым больш, што і правільны адказ быў зусім не святочным – здольнасць да суіцыду.
Ужо пасля першага туру стала зразумела, што ўсе каманды ідуць па турнірнай лесвіцы “нага ў нагу”. Праўда, з невялікай перавагай на першы радок вырваліся дзве – “Дух зямлі”, якая на большую палову складалася з работнікаў раённых “філіялаў” ЦРБ – супрацоўнікаў Міхалішкаўскай участковай бальніцы, Гервяцкай і Кямелішкаўскай амблулаторый – і каманда раённай паліклінікі “Участак”.
Другі тур таксама не выявіў відавочнага пераможцы, і журы на чале з галоўным урачом ЦРБ Валянцінам Ігнатавічам Тачоным звярнулася за дапамогай да “фотафініша”— рэйтынга пытанняў. Па гэтаму паказчыку з невялікай перавагай перамогу святкаваў “Дух зямлі”!
Што да святочных тартоў, то яны таксама былі! Імянныя, з адпаведным надпісам і вагой! Самы тоўсты, зразумела, атрымалі пераможцы.
А ўвогуле без прыза ў гэты дзень не засталася ні адна каманда. І гэта справядліва. Гульня гульнёй, а свята – святам!


Эдуард ІВАНАЎ, фота аўтара.