Стартуе раённы чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях

08:33 / 12.01.2012
Па традыцыі ў трэці панядзелак месяца — гэта значыць, 16 студзеня – стартуе другі раённы чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях.

Мінулы год стаў знакавым у развіцці інтэлектуальнага руху ў раёне: Астравец, па словах дырэктара Беларускай лігі інтэлектуальных каманд Паўла Забаўскага, стаў першым і пакуль адзіным райцэнтрам у Беларусі, дзе рэгулярна праводзяцца інтэлектуальныя гульні сярод дарослых каманд.
Сёлета добрую традыцыю, без якой ужо не ўяўляюць сваё жыццё дзясяткі людзей раёна, якія кожны трэці панядзелак месяца спяшаюцца ў Дом культуры “Галактыка”, каб актывізаваць сваё “шэрае рэчыва” і паспрабаваць “разгрызці” інтэлектуальныя задачы, вырашана прадоўжыць.
У правілах правядзення раённага чэмпіянату пасля апошняга савета капітанаў адбыліся пэўныя змены. Цяпер па просьбах многіх каманд у залік будуць прымацца вынікі не толькі “Што? Дзе? Калі?”, але і ў другой інтэлектуальнай гульні, якая ў першым чэмпіянаце ішла як разміначная і ў залік не прымалася. У другім туры вынікі будуць падводзіцца па кожнай з гульняў асобна і затым – па суме месцаў, занятых камандай у абедзвюх гульнях. Прыняты пэўныя змены і пры вызначэнні выніковага месца – палажэнне аб правядзенні другога раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях чытайце на сайце “Астравецкай праўды” ostrovets.by.
Спадзяемся, што ў другім інтэлектуальным чэмпіянаце мы сустрэнемся з усімі сваімі старымі знаёмымі-сапернікамі, а таксама пазнаёмімся-пасябруем-пазмагаемся з новымі!
Да сустрэчы ў новым годзе і ў новых баях – і хай пераможа мацнейшы!


Заяўку на ўдзел у чэмпіянаце можна падаць па тэлефонах 2-11-09, 2-03-64, 2-14-09.


Палажэнне чэмпіянату