"Аднакашнікі" – настаўнікі-інтэлектуалы з сярэдняй школы №1

10:29 / 09.12.2011

Працягваем знаёміць чытачоў “Астравецкай праўды” з камандамі – удзельнікамі раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях. Сёння мы завіталі ў госці ў сярэднюю школу №1 г.п. Астравец да настаўнікаў-інтэлектуалаў з каманды “Аднакашнікі”.
Наша інтэрв’ю з настаўнікамі сярэдняй школы №1 пачалося не зусім звычайна. Як толькі я паспрабала задаць ім першае пытанне, як яны самі засыпалі мяне імі. Прыйшлося самой даваць інтэрв”ю. Калі “апытанне” закончылася, я зноў паспрабавала пазнаёміцца.

– Давайце пазнаёмімся. Хто вы такія? Раскажыце крыху пра вашых ігракоў.
Зоя Куркуль:
У нашай камандзе шэсць чалавек. Праўда, іншы раз гуляем і ўчатырох, і ўпяцярых. Капітан нашай “шасцёркі” – Ігар Аляксандравіч Прусакоў. Сёння ён адсутнічае, але мы яго заўсёды любім і чакаем.
Ларыса Мартынава: Ігар Аляксандравіч – эрудыт з аўтарытарным характарам – такім і павінен быць капітан.
Людміла Корвель: Менавіта ён у нас адказвае за пытанні па гісторыі. Футбол і хакей – таксама яго стыхія.
Зоя Куркуль: Ігар Аляксандравіч больш за ўсіх нервуецца, калі мы даём няправільную версію. Колькі ён тады курыць!!! Перадапошнія дзве гульні яго не было, і мы прайгралі. А на апошняй гулялі з капітанам – і атрымалася нядрэнна. Нам яго не хапае.
Ларыса Мартынава: Зоя Рыгораўна Куркуль – гэта наша аснова. Успомніце, якая першая развіваючая цацка ў дзяцей? Пірамідка. У ёй шмат колцаў – і адзін стрыжань. Колцы нанізваюць на стрыжань пірамідкі. Колцы – гэта мы. А Зоя Рыгораўна – гэта стрыжань, які ўтрымлівае ўсіх нас.
Людміла Корвель: Мы накідваем ёй версіі. А на ёй, паколькі яна іх запісвае, часам ляжыць уся адказнасць за выбар правільнага варыянта.
Ягор Філіпаў: Ларыса Аляксандраўна Мартынава – самая завадная з нас.
Алена Сільвановіч: Ініцыятыўная.
Зоя Куркуль: Чалавек з шырокім кругаглядам. У яе столькі версій!!! Яшчэ пакуль зачытваюць пытанне, яна ўжо пачынае іх запісваць на лісток. А потым паказвае мне.
Алена Генрыхаўна Сільвановіч – вельмі эмацыянальны чалавек. І калі лічыць, што гэта па яе віне пытанне не “ўзялі”, яна некалькі дзён будзе вінаваціць сябе.
Ларыса Мартынава: Проста яна вельмі адказная, перажывае за гульню.
Алена Сільвановіч: Я сапраўды адчуваю сябе не вельмі камфортна, калі дам нейкую версію і мне павераць, а адказ акажацца няправільным. А яшчэ я вельмі ўдзячна Зоі Рыгораўне, што аднойчы яна падышла да мяне і сказала: “Вам трэба абавязкова паспрабаваць. Прыходзьце ў панядзелак у “Галактыку”. Я вельмі баялася і хвалявалася. Але пайшла. І ні разу пра гэта не пашкадавала.
Ларыса Мартынава: Наша Людміла Чаславаўна Корвель – рацыянальны чалавек.
Алена Сільвановіч: Пытанні на логіку – менавіта яе. А яшчэ ўсё, што датычыцца матэматыкі, фізікі, астраноміі.
Людміла Корвель: А Ягор Генадзьевіч Філіпаў у нашай камандзе – гумарыст. І таму мы яму не заўсёды верым. А потым шкадуем, што не прыслухаліся да яго версіі.
Зоя Куркуль: А яшчэ пры абмеркаванні пытання ад яго часта можна пачуць: “У школе нам калісьці гаварылі…” Іншым часам пішу адказ і думаю: якое глупства! Але ж версіі няма, таму запісваю тое, што сказаў Ягор. І праз некалькі секунд чуем адказ. Аказваецца, версія Ягора была правільнай! Гэта ж якая памяць! Якая ўважлівасць! Помніць, што некалі расказвалі ў школе!
Ларыса Мартынава: Ягор Генадзьевіч – гэта будучыня каманды.
– Помніце сваю першую гульню?
Людміла Корвель:
Як і большасць каманд, нас стварылі ў добраахвотна-прымусовым парадку. Ад кожнай “кафедры” ўзялі па чалавеку і адправілі гуляць. І мы пайшлі…
Алена Сільвановіч: А потым з’явілася жаданне гуляць.
Ларыса Мартынава: Спачатку мы назваліся “Маналіт”, што сімвалізавала адзінства. Першую гульню прайгралі. Сядзелі, як самыя прыгожыя шпалеры, – толькі для фону. Праўда, тады так сябе адчувалі многія каманды. Некаторыя з іх больш на гульню і не прыязджалі. Яны і самі не разумеюць, што страцілі!
Людміла Корвель: На наступную гульню прыйшлі пад новай назвай “Сузор’е”.
Зоя Куркуль: Але і гэта назва зацягнула нас невядома куды – зноў прайгралі.
Ларыса Мартынава: На чэмпіянат мы ўжо заявіліся, як “Аднакашнікі”.
– Дарэчы, чаму “Аднакашнікі”?
Ларыса Мартынава:
Падчас адной з гульняў было цікавае пытанне. Нешта накшталт таго, што рабілі дзеці ў канцы навучальнага года? Разбівалі гаршчок з кашай і разам елі, таму іх называлі аднакашнікі. У слоўніку Даля гэтае слова тлумачыцца, як таварышы па навучанні і выхаванні.
Алена Сільвановіч: Цяпер мы разам вучымся адзін у аднаго.
Зоя Куркуль: Аднойчы нават вядучая Ларыса Каханоўская паглядзела на нас з недаверам і спытала: “Вы што, сапраўды аднакласнікі?”. Канешне, не! Проста мы “кормімся кашай з аднаго гаршка. Адзін раз праглынём, а бывае, што і падавімся.
Людміла Корвель: Але, нягледзячы ні на што, гэтыя сустрэчы прыносяць столькі задавальнення! Мы – вельмі азартны народ і ўвесь час рызыкуем.
Алена Сільвановіч: Хаця кожны раз абяцаем, што больш рызыкаваць не будзем.
Зоя Куркуль: Нам на самой справе падабаецца гуляць. Напярэдадні гульні ходзім і пытаемся адзін у аднаго: “Ну што, згуляем?”
Алена Сільвановіч: Цяжка было арганізавацца – хоць і настаўнікаў у школе шмат працуе, але жадаючых гуляць – мала. Затое цяпер мы заўсёды ідзём на гульню з радасцю.
– Якое з пытанняў вам больш за ўсё спадабалася? І за якое вам больш за ўсё крыўдна?
Усе:
Іх было шмат.
Зоя Куркуль: Я дык, напэўна, ніколі не забуду пытанне пра фанеру над Парыжам. І цяпер не разумеем, чаму такі адказ. Ігар Аляксандравіч шукаў, але так нідзе і не знайшоў факта, які быў закладзены ў пытанне. Мы – людзі навукі, і нам хочацца канкрэтных пытанняў і такіх жа адказаў.
Алена Сільвановіч: А помніце пытанне пра абстрактную карціну “Дзяўчаты пад снегам”? Варыянт жа быў. Але ўсе малявалі бугаркі – і мы таксама “павяліся”.
Ларыса Мартынава: А я тады на гульні не прысутнічала. А вось адказ правільны ведала – неяк была ў Мінску на спектаклі, у якім уздымалася тэма мастацтва абстракцыяністаў.
Зоя Куркуль: А я была ў захапленні ад пытання пра мільянера, які зрабіў падарунак жабраку. Ну, што ён мог падарыць? Аказваецца ўсё проста – каляндар. А як думаем мы? Грошы, кватэру, машыну… Вельмі прыгожае пытанне, якое прымушае задумацца над сэнсам жыцця. Глыбокі сэнс.
Людміла Корвель: Цяпер мы ўжо лепш адчуваем пытанні. І слухаць навучыліся, і нават разумеем, што ад нас хочуць.
Зоя Куркуль: Мы, як і гудагайскія настаўнікі, таксама лічым, што пытанні часам бываюць занадта доўгія.
Ягор Філіпаў: А за нас жа “хварэюць” дзеці! Яны кожны раз пытаюць: “Ну як згулялі?” Ім так хочацца, каб мы сталі першымі! І тут не схлусіш. Усё роўна ў газеце ўсё прачытаюць.
Зоя Куркуль: І так непрыемна, калі бачыш, што некаторыя каманды нават без абмеркавання даюць правільныя адказы. Ды яшчэ на такія пытанні! Не верыцца, што можна валодаць такімі фундаментальнымі ведамі.
Ларыса Мартынава: І адразу разумееш, што пытанні “свечаныя”. Значыць, бачылі недзе ў інтэрнэце! Камандам павінна быць сорамна, хоць бы прызналіся! У нас аднойчы была безвыходная сітуацыя – ні адной версіі. Вырашылі папрасіць дапамогі ў “Надзеі”. Яны нешта напісалі на маёй руцэ. Мала таго, што мы не расчыталі іх “іерогліфы”, дык яшчэ і вядучая заўвагу зрабіла. Хоць ты пад зямлю праваліся!
Алена Сільвановіч: Сапраўды, было сорамна. А мы ж маглі б і ў вас падслухаць, побач жа сядзіце – але ніколі такога не рабілі.
Зоя Куркуль: А горш за ўсё тое, што іншым часам мы нават самі сабе не верым!
Ягор Філіпаў: А потым – плачаце!
Ларыса Мартынава: А самыя праблемныя пытанні для нас – з гумарам. Іх “бяром” з цяжкасцямі. А яшчэ – японскія хоку.
– На ваш погляд, што трэба рабіць, каб паспяхова гуляць у “Што? Дзе? Калі?”?
Ягор Філіпаў:
Быць камандай.
Ларыса Мартынава: Давяраць адзін аднаму. А яшчэ мы ўмеем гаварыць, але не ўмеем слухаць. І гэта праблема.
Алена Сільвановіч: А яшчэ, каб навучыліся б давяраць сабе, то ўвогуле цаны нам не было б.
Зоя Куркуль: Не баяцца пытанняў. Іншы раз мы баімся ў іх “утапіцца”.
– А што адбываецца, калі каманда згуляла не так добра, як хацелася б?
Ягор Філіпаў:
Б’ёмся! Бяром коўдру – і робім “цёмную” тым, хто даў няправільны адказ!
Ларыса Мартынава: Не слухайце! Ніколі такога не было! Ніколі ніхто і нікога не абвінавачваў!
Зоя Куркуль: Калі большасць каманд пасля заканчэння гульні рассаджваецца па сваіх машынах і раз’язджаецца ў розных накірунках, то мы ідзём разам і бурна абмяркоўваем усе пытанні і гульню ўвогуле.
– А як вы лічыце, якая каманда на нашым чэмпіянаце самая лепшая?
Ягор Філіпаў:
Канешне, “Аднакашнікі”!
Ларыса Мартынава: Безумоўна!
Людміла Корвель: Тыя, якія сядзяць побач з намі. І насупраць – таксама. Увогуле, усе каманды добрыя.
Ларыса Мартынава: Гэта не так і важна. Галоўнае, што мы збіраемся і гуляем. А для мяне гэта ўвогуле двайная радасць. Першая – гульня, другая – сустрэча са сваімі калегамі.
– А што б хацелі пажадаць сабе і сваім сапернікам?
Ягор Філіпаў:
Быць на вышыні!
Зоя Куркуль: Сумленнай гульні! Няхай пераможа мацнейшы!
Ягор Філіпаў: Цікавых пытанняў! І Дзеда Мароза з цудоўнымі падарункамі!
Зоя Куркуль: І сустрэчы ў 2012 годзе! Вельмі хочацца, каб гульня не спынялася! Усім здароўя і дабрабыту!
– Дзякуй за гутарку. І поспехаў вашай камандзе ў гульні.
Усе:
І вам таксама!
Насамрэч, настаўнікі, якія аб’ядналіся ў каманду “Аднакашнікі”, вельмі цікавыя людзі. Кожны са сваім характарам, у кожнага – свае захапленні. Але ўсіх іх аб’яднала гульня. А яшчэ “Аднакашнікі” – адна з усіх каманд раённага чэмпіянату, ігракі якой кожны месяц за некалькі дзён перад гульнёй заходзяць у рэдакцыю, каб удакладніць, калі будзе наступная гульня. І хочацца верыць, што ў цяперашнім складзе яны сустрэнуцца яшчэ не раз і самыя вялікія перамогі ў іх наперадзе.


Выведаць сакрэты астравецкіх інтэлектуалаў-настаўнікаў з СШ №1 спрабавала Алена ЯРАШЭВІЧ.