Інтэлектуальныя гульні: фінал, багаты на сюрпрызы

15:42 / 08.12.2011

Перад апошняй, дванаццатай гульнёй раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях здавалася, што ўсе “кропкі над і” расстаўлены ў папярэдніх турах, і апошні не зможа істотна змяніць расклад у турнірнай табліцы. Ды толькі ў апошні панядзелак лістапада ўсе ў чарговы раз упэўніліся, што ў гульні бывае ўсялякае: і ў лідэраў здараюцца “крытычныя дні”, і аўтсайдэры бываюць “ва ўдары”… Не станем раскрываць усе карты: ужо на гэтым тыдні, у суботу, на адкрытым турніры па інтэлектуальных гульнях будуць падведзены канчатковыя вынікі чэмпіянату і ўзнагароджаны яго пераможцы і ўдзельнікі. І хоць гэта своеасаблівы “сакрэт полішынэля”: кожны, хто хацеў, даўно падлічыў сваю суму месцаў і вызначыў канчатковы вынік. І тым не менш, калі не саму інтрыгу, то яе бачнасць мы патрымаем і да суботы не станем абнародаваць вынікі апошняй гульні і чэмпіянату ў цэлым…


Дванаццаты тур чэмпіянату прынёс некалькі нечаканасцей, для каго – прыемных, а каму – не вельмі.
Па-першае, вярнуліся ва ўлонне нашай інтэлектуальнай сям’і “блудныя дзеці” – зборная юрыстаў “Антрацытавае сонца”. І іх вяртанне было калі не трыумфальным, то вельмі і вельмі дастойным.
Па-другое, усіх здзівіла каманда “А’КрэМ” – падобна, на заканчэнне чэмпіянату гудагайскія настаўнікі вырашылі паказаць, што дарэмна і заўчасна ім прыклеілі ярлык аўтсайдэраў: яны разгуляліся не жарт і пакінулі “за бортам” многіх лідэраў.
Па-трэцяе, нечакана слаба згулялі некаторыя з прызнаных лідараў – бальнічная каманда “ЦэРэБрал”, да прыкладу.
Калі ж увогуле гаварыць пра фінальны тур, то быў ён дастаткова складаным. Хоць даўно заўважана, што гульні дзеляцца камандамі на цяжкія і лёгкія ў залежнасці ад таго, як хто згуляў, але ўсё ж сем “трун” – гэта мнагавата. Нават не ўспомню, ці было падобнае на нашым чэмпіянаце…
Ніхто не змог адказаць, якую дзіцячую мару хацеў ажыццявіць мужчына з Паўночнай Карэі, які прабраўся ў Японію цераз Сінгапур з усімі сваімі родзічамі – пагадзіцеся, няпроста было здагадацца, што гэтая мара – Діснэй-ленд. У нашых знатакоў ён зрабіў такі далёкі шлях, каб… купіць тамагочы, убачыць цвіценне сакуры ці ўсход сонца, пакатацца на цягніку, стаць самураем і нават імператарам!
Гэткім жа цяжкім — ну не ідзе ў астравецкіх знатакоў японская тэма! — аказалася і пытанне пра японскіх самураяў, якія, калі закончыліся ўсе міжусобныя войны, пры поўным парадзе выязджалі тушыць пажары. Нашы інтэлектуалы палічылі, што больш лагічна было б у такім выглядзе суправаджаць імператара ці ўдзельнічаць у парадах, адзінаборствах і паляванні, збіраць падаткі і нават… таптаць дарогі! А да пажару не дадумаўся ніхто.
Не знайшлося правільнага адказу і на прыгожае, на мой погляд, пытанне аб тым, што не павінна рабіць маці са сваімі шматлікімі дзецьмі, каб не наклікаць на іх бяду. Ніхто не прыйшоў да ўпаўне лагічнага адказу, што іх нельга пералічваць. Знатакі палічылі, што нельга мераць іх рост, клікаць, рабіць ім прышчэпкі (!), а таксама крычаць на дзяцей, цягаць іх за вушы і пакідаць дома адных (настаўнікі ў гэты дзень яўна былі заклапочаны блізкай праверкай па выкананні дэкрэта №18).
Ажно тры “труны” запар было ў сярэдзіне другой часткі гульні. Першай з іх стала пытанне пра вятранку. Знатакі пералічылі ўсе хваробы, якія ведалі, пачынаючы ад вар’яцтва і заканчваючы грыпам (таксама вельмі актуальна напрадзім’і, асабліва для тых, хто лічыць прышчэпкі здольнымі наклікаць бяду). У гэтым дыяпазоне знаходзіліся алкагалізм, слепата, глухата, яшчур, ангіна, малакроўе, ліхаманка – але пра вецер і вятранку не здагадаўся ніхто.
Гэткай жа “труной” стала пытанне пра аднаразовы выраб, які дапамог разбагацець яго вынаходніку. Хоць сярод знатакоў нямала мужчын, пра лязо для галення фірмы “Жылет”, не ўспомніў ніхто. У якасці такіх аднаразовых вырабаў прапаноўваліся патроны – упаўне лагічна, дарэчы, чаму б таму Жылету не вынайсці менавіта іх? А таксама – шпрыцы, ручкі фірмы “Паркер” і сёе-тое яшчэ, што вельмі павесяліла ігракоў і вядучую.
Ніхто не ўзяў пытанне і пра душы, якія лавіў петлямі рознага памеру вядзьмак, хоць некаторыя дайшлі да “духаў” — але гэта якраз той выпадак, што адна літара істотна мяняе сутнасць адказу.
Думаю, ніхто і да гэтага часу не зразумеў, чаму на тым месцы, дзе падалі слёзы пакінутай казачным Садко Валховы выраслі менавіта ландышы – такімі кветкамі маглі быць і незабудкі, і гарлачыкі, і валошкі, і ліліі, як прапаноўвалі ўдзельнікі гульні. Але ў інтэлектуальных гульнях, у адрозненне ад магазінаў, дзе перавага аддаецца патрабаванням пакупніка, апошняе слова заўсёды застаецца за вядучым. Апеліраваць, вядома, можна, але рашэнне ўсё роўна прымае ён, тэлевізійныя гульні — яскравае таму пацвярджэнне.
Высокім быў рэйтынг у пытання пра хлеб – можна спрачацца. наколькі адпавядае сапраўднасці адказ “цеста”, які далі большасць каманд і які не быў залічаны — але толькі ў “А’КрэМа” была адзіна правільная версія. Былі і каманды, што дайшлі да адказу пра бутэлечку з соскай і пустышку, але правільна аформіць адказ змагла толькі “Ніка”.
Затое ўсе адказалі на пытанне пра ненарматыўную лексіку ў пісьме беларускіх партызан Гітлеру і пра крадзенага гуся; амаль усе, за мінусам адной каманды, — пра кітайскую сцяну.
Закончылася гульня сходам капітанаў, на якім самым актуальным было пытанне: ці варта працягваць чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях у наступным годзе? Адназначнае і агульнае “Так!” гарантуе, што ў наступным годзе тыя, хто ўжо “падсеў” на інтэлектуальную “іголку”, і тыя, хто збіраецца далучыцца да іх, раз у месяц зноў будуць сустракацца, варушыць звілінамі і актывізаваць шэрае рэчыва, не дазваляючы сваім мазгам ржавець без выкарыстання…
Пра змены ў правілах будучага чэмпіянату, якія таксама прымаліся на гэтым сходзе, мы паведамім дадаткова.


А сустрэча знатакоў – і не толькі з нашага раёна – адбудзецца ў суботу, 10 снежня, у гімназіі №1 на адкрытым турніры па інтэлектуальных гульнях. Прыняць удзел у ім могуць – і гэта будзе вітацца! — не толькі ўдзельнікі чэмпіянату, а ўсе жадаючыя.
Сустрэнемся!


Ніна РЫБІК.