Вынікі чацвёртага тура раённага чэмпіянату інтэлектуалаў

14:38 / 08.04.2011
9111

У раённым чэмпіянаце па інтэлектуальных гульнях змяніўся лідар: па выніках чатырох тураў наперад выйшла каманда “ЦэРэБрал” з цэнтральнай раённай бальніцы.


Чацвёрты тур стаў адметным тым, што прайшоў не ў трэці панядзелак месяца, як звычайна, а ў першы, і інтэлектуалы не паспелі яшчэ астыць ад папярэдняга раўнда, які “закруціў” інтрыгу. Нагадаем: пасля трох тураў “ЦэРэБрал” ўшчыльную наблізіўся да рэдакцыйнага “Вострава шанцавання”, які ўтрымліваў першае месца на працягу трох тураў: іх раздзяляла ўсяго адно ачко. Зразумела, што медыкі ішлі на чацвёртую гульню, натхнёныя перамогамі ў дзвюх папярэдніх турах і поўныя рашучасці “замацаваць і прымножыць”. Канешне ж, і “Востраву шанцавання” не хацелася аддаваць “жоўтую майку” лідара. Ды і райвыканкамаўскі “Magnum ignotum” не задавальняла чацвёртае месца, на якім яны апынуліся пасля не вельмі ўдалай гульні ў другім туры. І іншым камандам хацелася паправіць сваё турнірнае становішча. А самае галоўнае – пагуляць, атрымаць непараўнальную асалоду ад “раскручвання” самых заблытаных пытанняў – гэта, на мой погляд, у інтэлектуальных гульнях сама галоўнае: перамога над сабой, над уласнай коснасцю, стэрэатыпнасцю мыслення.
Чаго-чаго, а гэтага ў чацвёртым туры было ўдосталь: для размінкі вядучая Ларыса Каханоўская прапанавала ажно 24 тэмы “Сваёй гульні”. І хоць у залік яе вынікі не ідуць, але ж паварушыць звілінамі давялося ўсім, і вельмі напружана. І за кожныя дзесяць ачкоў каманды спрачаліся, нібы ад іх залежаў фінал. У выніку атрымалася, што найлепш справілася са “Сваяком” каманда “Ядзерны востраў” з дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі. На другім месцы апынуўся другі “востраў” – “Шанцавання”, а на трэцім —“Magnum ignotum”.
У галоўнай інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” у кожнай каманды, напэўна, ёсць свая тактыка. І, зрэшты, цяжка растлумачыць недасведчанаму, што такое – “гульня не пайшла”. Калі, здаецца, версія ёсць – а “не дакручваецца”. Ці ў палкіх спрэчках знатакоў капітан выбірае няправільную версію – тады найбольш крыўдна. Напэўна, кожная каманда можа расказаць пра такія выпадкі. І апошняя гульня – не выключэнне.
Да прыкладу, даволі простае пытанне пра спіны немцаў, якія ўбачылі нашы салдаты пасля баёў пад Масквой, узяла толькі каманда “Ніка” з падатковай інспекцыі. Яны ж аказаліся самы здагадлівымі і ў пытанні пра яблык, які трымала ў руках гераіня фільма Кіры Муратавай “Настройшчык”. Толькі “Ядзерны востраў” зразумеў, што Маякоўскі назваў свой зборнік “Проста, як мычанне” “рабым” з-за цэнзуры. “Magnum ignotum” быў адзіным, хто даў правільны адказ пра Гогаля, які стаў прадметам спрэчак аб тым, чый ён пісьменнік – рускі ці ўкраінскі. А “Astra” з гімназіі аднаасобна “ўзяла” пытанне пра “разбор палётаў”. Два пытанні – пра “Дзявятую сімфонію” і лабірынты Кольскага паўвострава — засталіся для нашых знатакоў “непад’ёмнымі” – “труны”. І практычна ўсе каманды, за выключэннем адной, далі правільныя адказы на пытанні пра Бажова і святло ў канцы тунэля.
Ужо пасля першай паловы гульні высветлілася, што наперад вырваліся “Magnum ignotum” і “Ніка”. Наступныя дванаццаць пытанняў лідара не змянілі — “Magnum ignotum” іграў весела, дасціпна, што называецца, “злавіў хвалю” – і ў выніку даў найбольш правільных адказаў – 15: заслужанае першае месца. На другім з трынаццацю правільнымі адказамі– бальнічны “ЦэРэБрал”. А “Ніка” ў другой палове крыху збавіла тэмп – 11 правільных адказаў, як і ў рэдакцыі, і “атамшчыкаў”. Але па рэйтынгу месцы размеркаваліся наступным чынам: “Ніка” — на трэцім, за ёй – “Востраў шанцавання”, пяты – “Ядзерны востраў”. Хочацца адзначыць зборную юрыстаў “Антрацытавае сонца”, якая гуляла ў няпоўным складзе – усяго ўтраіх, але тым не менш вельмі дастойна: юрысты занялі сёмае месца, прапусціўшы наперад каманду з гімназіі “Astra”.
Па выніках чатырох гульняў “ЦэРэБрал” вырваўся на першае месца, абышоўшы на адно ачко “Востраў шанцавання”. Трэцяе месца дзеляць “Magnum ignotum” і на працягу ўсіх гульняў на дзіва стабільная “Ніка”.



Наступная гульня адбудзецца толькі ў сярэдзіне мая – паглядзім, каму вымушаная перадышка пойдзе на карысць, а каму зашкодзіць.

Ніна РЫБІК.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений