Островчане желают водителям
Кацярына Іванаўна Емяльян, госця Астраўца:
– Я хачу пажадаць шчаслівай дарогі мужу, тату, братам, а найбольш – малодшаму, які працуе “дальнабойшчыкам”.
А наогул усім вадзіцелям жадаю ні цвіка, ні жэзла – і каб на іх шляху не сустракаліся такія вадзіцелі, як я – бо правы таксама маю і пастаянна нашу іх у сумачцы, але за руль саджуся ў самых крайніх выпадках.
Марк Лаўрыновіч, госць Астраўца:
– Хачу павіншаваць са святам і пажадаць роўнай дарогі без непрыемнасцей свайму тату і астатнім вадзіцелям нашай сям’і, тым, хто дапамагае дабрацца нам з вёскі ў Астравец і іншыя населеныя пункты, а таксама ўсім вадзіцелям аўтапарка, дзе я праходжу практыку – і абавязкова сабе пасля таго, як атрымаю вадзіцельскія катэгорыі “A”, “B”, “C”.
Генадзій Бубнэль, госць Астраўца:
– Я жадаю прыемнай і шчаслівай дарогі ўсім вадзіцелям МНС, усім тым, хто водзіць аўтамабіль. А асабліва мне хочацца пажадаць нашым цудоўным жанчынам быць цудоўнымі яшчэ і на дарозе. Хоць ёсць такія, што могуць даць “фору” ў ваджэнні аўтамабіля любому мужчыне.
Яўген Бразевіч, вучань 6 “Б” класа сярэдняй школы №1 г. Астравец:
– Я хачу пажадаць шчаслівай дарогі тату, маме маёй сяброўкі Веранікі, а асабліва дзеду, які працуе на аўтобусе і возіць рабочых на пляцоўку будаваць АЭС.
Я таксама некалі стану вадзіцелем і куплю сабе чырвоную “Ферары”!
Ванда Паўлаўна Хевук, жыхарка Астраўца
– Усім вадзіцелям Астравецкай раённай бальніцы, дзе я некалі працавала, а таксама ўсім тым, хто сеў за руль і выехаў на трасу, жадаю ўвагі, асцярожнасці, не рызыкаваць без неабходнасці і наогул – памятаць пра тое, што ад іх залежыць не толькі іх уласнае жыццё, але і жыццё іншых людзей.
------------------------------
Андрэй ПАМЕЦЬКА.
Фота з сайта vkontakte.ru