Какие впечатления оставил у островчан конкурс "Мисс Островчанка-2012" выяснял корреспондент «Астравецкай праўды»

09:12 / 27.08.2012

Астравеччына славіцца сваімі прыгажунямі. Пацвярджэннем таму з’явіўся конкурс “Міс Астраўчанка-2012”, які пераўтварыўся ў яркае, запамінальнае шоу і прыцягнуў да сябе ўвагу новых прыхільнікаў.
Карону пераможцы прымерыла Ксенія Шлыковіч і атрымала ў дадатак грашовы сертыфікат.
Аб адносінах нашых грамадзян да правядзення конкурсаў прыгажосці распытваў наш карэспандэнт.


Артур Сянюць, жыхар в. Трокенікі:


– З задавальненнем сачыў за тым, як 22-гадовая беларуска выйграла конкурс прыгажосці ў Кітаі. Мадэль Іна Граблеўская стала ўладальніцай галоўнага прыза ў памеры 10 тысяч долараў. Яна таксама была прызнана 2-й віцэ-міс на конкурсе “Міс бікіні свету”.
Яшчэ адна прадстаўніца Беларусі, пераможца VІІІ нацыянальнага конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь” Юлія Скалковіч змагалася за выхад у фінал прэстыжнага міжнароднага конкурсу “Міс свету-2012”, які прайшоў 18 жніўня ў горадзе Ардосе (КНР), у якім удзельнічалі прыгажуні са 116 краін свету. На жаль, у топ-30 удзельніц конкурсу беларуска не трапіла.
Хто ведае, можа, нехта з астравецкіх прыгажунь у будучым парадуе нас перамогай на міжнародных конкурсах.


Ірына Вінча, цырульнік:

– Патрапіць на конкурс “Міс Астраўчанка-2012” я не змагла, працавала ў гэты дзень. Але аб усім, што там адбывалася, даведалася з расказаў сябровак і з “Астравецкай праўды”. Гэта было сапраўды цікавае мерапрыемства, якое паказала, што ў нас ёсць прыгожыя і разумныя дзяўчаты, у якіх прысутнічае не толькі знешняя прыгажосць, але і глыбокі ўнутраны свет. Дастойна пахвалы і тое, што ў іх хапіла смеласці прыйсці на кастынг, паспрабаваць свае сілы.


Наталля Трамбовіч, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта:

– Удзельнічаць у конкурсах прыгажосці вельмі цікава. Гэта натхняе дзяўчат самарэалізоўвацца. Такія мерапрыемствы дораць добры настрой і веру ў свае магчымасці, каб поўнасцю раскрыць свае якасці і здольнасці, унутраную сутнасць.
Я вельмі перажывала за сваю зямлячку з Варнян Марыю Еўтушэнка, і ад душы парадавалася, калі даведалася, што яна стала першай віцэ-міс конкурсу і атрымала салідную грашовую ўзнагароду.


Наталля Касцючэнка, астраўчанка:

– У гэтым годзе я закончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці эканаміст. Цяпер шукаю месца працы.
Пра конкурс “Міс Астраўчанка-2012” даведалася з расказаў сябровак і з “Астравецкай праўды”.
На жаль, у нас да конкурсаў жаночай прыгажосці адносяцца даволі скептычна – маўляў, яшчэ адно банальнае “спаборніцтва ў купальніках”. Але, як паказала практыка, гэта не так. Аб тым яскрава сведчаць водгукі гледачоў і саміх удзельніц, якія прайшлі ўсе іспыты.

Святлана Сцефановіч, метадыст аддзела культуры:


– Пры правядзенні конкурсу “Міс Астраўчанка-2012” нам вельмі хацелася пазбегнуць афіцыёзу, адступіць ад традыцыйных стандартаў, таму мы распрацавалі канцэпцыю тэатралізаванага шоу, падчас якога кожная ўдзельніца мела магчымасць паказаць сябе з найбольш выйгрышнага боку.
На жаль, многім дзяўчатам уласцівыя залішняя сціпласць і сарамлівасць: а што падумаюць і скажуць суседзі і знаёмыя… Але нам з калегамі ўдалося пераканаць некаторых “заціснутых” удзельніц, што гэта – аджыўшыя стэрэатыпы, ад якіх лепш пазбавіцца. Што ў выніку атрымалася, гледачы бачылі.



---------------------------------

Гутарыў Іван ПЕТРЫК.