Рэпарцёр выходзіць у свет: што паказалі стрэлкі гадзінніка?

12:11 / 26.03.2012

З восені 2011 года наша краіна ўслед за Расіяй адмовілася ад пераходу на зімовы час. Гэтымі абставінамі былі вельмі ўзрадаваны чыгуначнікі – ім не спатрэбілася мяняць графік руху паяздоў. Усцешыліся і іншыя грамадзяне, якія з пераводам гадзінніка вымушаны былі змяняць свой лад жыцця, не разумеючы, навошта гэта ўсё робіцца.
Як адчуваюць сябе нашы грамадзяне пасля таго, як стрэлкі не перасоўвалі назад на зімовы час, распытваў наш карэспандэнт.


Святлана Іванаўна Мешкіс, жыхарка Астраўца:
– Для нас, людзей ва ўзросце, змена прывычнага рытму сну нават на адну гадзіну, уплывае на стан арганізма. У перыяд адаптацыі асабліва адчуваюцца эмацыянальныя хістанні. З’яўляецца раздражняльнасць, парушаюцца біярытмы, узнікаюць цяжкасці з засыпаннем і ранішнім прачынаннем, адчуваецца цяжар, адсутнасць апетыту, нейкая слабасць. Пагэтаму я супраць усякага пераводу гадзінніка. Няхай лепш застаецца ўсё так, як ёсць.

Таццяна Трусевіч з сямігадовай Ксеніяй, астраўчанкі:
– Я працую па зменах (суткі праз трое) у РУП “Белмытсервіс”, і асаблівай розніцы пасля пераводу гадзінніка на сабе не адчуваю. Магчыма, гэта ўжо ўвайшло ў прывычку за столькі гадоў перасоўвання стрэлак.
Праўда, для Ксеніі рана ўставаць у школу не вельмі хочацца. Але дзеці лёгка адаптуюцца да любых умоў.

Тамара Аляксееўна Кісель, бібліятэкар:
– Правільна зрабілі, што не пераходзілі на зімовы час! Я чытала, што біярытмы чалавека цесна звязаны з астранамічным цыклам. Любое змяненне можа адмоўна адбіцца на здароўі чалавека.
Урачы папярэджваюць: калі хутка ўставаць, кроў адлівае ад галавы і артэрыяльны ціск падае. Трэба мінімум пяць хвілін паляжаць, прачнуўшыся, што дапамагае актывізаваць мазгавы кровазварот. Сэрцу і сасудам патрабуецца час, каб прыстасавацца да работы ў вертыкальным становішчы.
Я за тое, каб больш стрэлкі гадзінніка не перасоўвалі сюды-туды. Тым больш, што ўжо афіцыйна прызналі – у гэтым няма ніякай карысці.

Марына Іванаўна Тарарук, сацыяльны педагог Рытаньскага сада-сярэдняй школы:
– Да пераходу з летняга часу на зімовы адношуся адмоўна – гэта не лепшым чынам адбіваецца на здароўі многіх людзей. У выніку – што сэканомім у адным, страцім у другім.
Напрыклад, цяпер, прыходзячы з работы, у мяне застаецца больш свабоднага часу для спраў па гаспадарцы. І для дзяцей вучоба пры дзённым святле з’яўляецца больш дабратворнай.

Анжэла Аляхновіч, работнік Астравецкага філіяла абласнога спажыўтаварыства:
– З пераводам гадзінніка на зімовы, а затым на летні час заўсёды прыходзілася змяняць свой лад жыцця. Праходзіў нейкі перыяд прыстасавання біярытмаў арганізма да новага раскладу рабочага дня.
Мы цяпер прывыклі жыць і працаваць па летняму часу і лічым, што пераводзіць стрэлкі гадзінніка ў далейшым няма ніякай патрэбы.


Гутарыў Іван Петрык.