Апытанне: 23 лютага – свята ўсіх мужчын?

16:00 / 26.02.2012

Паводле традыцый, у многіх сем’ях 23-га лютага адзначалі Дзень абаронцаў Айчыны – ушаноўвалі тых, хто ўжо выканаў свой абавязак перад грамадствам, віншавалі і тых, хто зараз праходзіць армейскую службу і каго яшчэ чакае прыняцце прысягі на вернасць і адданасць Радзіме.
Наш карэспандэнт сустрэўся з прадстаўнікамі розных прафесій і задаў пытанне: “Як вы лічыце, 23 лютага – свята тых, хто служыў ці служыць у арміі ці ўсіх мужчын?”


Тамара Уладзіміраўна Перавозчыкава, астраўчанка:
– На мой погляд, гэта свята ўсіх мужчын, бо іншага падобнага ў іх няма. Сапраўдны мужчына павінен не толькі з аўтаматам у руках абараняць сваю Радзіму, але і быць мэтанакіраваным, мужным, адказваць за свае словы і ўчынкі, берагчы сваю сям’ю, жыць яе клопатамі. Бо мужчына без цвёрдай жыццёвай пазіцыі мала чаго варты.


Алена Нікіфараўна Такарчук, кіраўнік ансамбля “Польскае рэха Астраўца”:
– 23 лютага, канешне, не нацыянальнае свята, але кожны мужчына, які прымаў прысягу на вернасць Беларусі, лічыць яго сваім.
Я ў гэты дзень павіншавала мужа, сына, абодвух зяцёў, а таксама ўсіх мужчын з нашага ансамбля. А падарункам для ўсіх мужчын нашага раёна няхай будуць нашы вясёлыя, задорныя песні на беларускай, польскай, рускай, украінскай мовах.

Андрэй Іваніцкі, школьнік:
– 23 лютага – гэта свята ўсіх дарослых мужчын. Мой тата працуе на будаўніцтве Астравецкай АЭС. Я павіншаваў яго з Днём абаронцаў і падарыў сувенір, які зрабіў сваімі рукамі ў гуртку разьбы па дрэве ў гімназіі №1.

Ганна Вікенцьеўна Валынец, ваеннаслужачая в/ч 2044:
– Афіцыйна гэтую дату сталі адзначаць пасля таго, як атрады Чырвонай Арміі 23 лютага 1918 года атрымалі перамогу над рэгулярнымі войскамі кайзераўскай Германіі.
Дарэчы, цяпер Дзень абаронцаў святкуюць фактычна толькі Беларусь і Расія. А Міжнародным мужчынскім днём у многіх краінах свету лічыцца 19 лістапада. Менавіта ў гэты дзень прынята адзначаць дасягненні мужчын у грамадскім і сямейным жыцці, а таксама іх стаўленне да жанчын.
Што тычыцца мяне, то 23 лютага я віншую свайго мужа, таксама ваеннаслужачага, і сына, які вучыцца ў Галіцынскім пагранічным інстытуце, а таксама сваіх саслужыўцаў.

Валянціна Вільеўна Віннічак, педагог дадатковага навучання:
– Безумоўна, гэта свята ўсіх мужчын, якія з’яўляюцца і абаронцамі, і надзейнай апорай у сям’і, нашай сілай, радасцю і любоўю.
Я 23 лютага дома не адзначала, толькі павіншавала сваіх сыноў з Днём абаронцаў і ўручыла сімвалічныя падарункі.

Таццяна Станіславаўна Дукевіч, тэхнічны работнік гімназіі №1:
– І што з таго, што іншы мужчына па якой-небудзь прычыне не служыў у арміі? Я лічу, што ўсе мужчыны 23 лютага заслугоўваюць ад нас, жынчын, асаблівай павагі і шчырых віншаванняў.
Я, напрыклад, для сваіх мужчын – таты, мужа, брата і пляменнікаў – прыгатавала смачны абед, а мая дачка Дзіяна падрыхтавала некалькі нумароў для хатняга канцэрта.

Валянціна Мікалаеўна Корзун, старшая медсястра садка “Дубок”:
– Я б нават сказала, што гэта свята не толькі ўсіх мужчын, але і многіх жанчын. Я напрыклад, медыцынскі работнік, атрымала ваенны білет, з’яўляюся радавым запасу і пры неабходнасці магу быць прызванай на ваенную службу, значыць, гэта і маё свята.
У маёй сям’і трое мужчын: сын, зяць і ўнук, якіх я, вядома ж, віншавала з Днём абаронцаў.

Гутарыў Іван ПЕТРЫК.