Журналісцкае расследаванне: дзе і за колькі можа адпачыць моладзь у Астраўцы

08:31 / 20.02.2012

У Астраўцы пакуль няма, як у буйных гарадах, маштабных забаўляльных устаноў з боўлінгам і дыскабарам, начных клубаў, дзе можна “тусіць” да раніцы, казіно, дзе выпрабоўваецца ступень шанцавання, азарту і здольнасці своечасова спыніцца ці іншых элітных забаўляльных устаноў з фейскантролем і здаравеннымі граміламі ў якасці ахоўнікаў. І тым не менш вечарам, асабліва ў выхадныя, вуліцы райцэнтра напаўняюцца гоманам і групамі моладзі, якія не жадаюць сядзець дома.


Прайсціся па вячэрніх установах Астраўца і высветліць, дзе і прыкладна за колькі адпачывае астравецкая моладзь – менавіта такое рэдакцыйнае заданне я атрымала. І пачала маральную і матэрыяльную падрыхтоўку. Папярэдне складаючы спіс устаноў, куды трэба наведацца, яшчэ раз упэўнілася, што іх у нас няшмат і пры жаданні можна абысці нават за адзін вечар – канешне, з улікам, што ў кожным застануся не больш, чым на кубак гарбаты з шакаладкай.
Дарэчы сказаць, невялікая разнастайнасць забаўляльных устаноў – праблема не толькі Астраўца, але і ўсіх малых гарадоў. Праўда, летам кола месцаў адпачынку пашыраецца – можна схадзіць на рэчку, паехаць адпачыць на Янаўскае вадасховішча або арганізаваць з сябрамі паход. Канешне, можна і зімой махнуць у лес на шашлыкі ці ўспомніць дзяцінства і пакатацца на мяшках з горкі. Але застацца начаваць у палатцы пры мінусавой тэмпературы, думаю, не згодзіцца нават самы адчайны рамантык, авантурыст і экстрэмал. Таму, хочаш ці не, а прыходзіцца змяніць адпачынак на свежым паветры на памяшканні вячэрніх устаноў. Куды я і наведалася, прыхапіўшы з сабой аптымістычны настрой, рэшткі даўно атрыманай зарплаты і цвёрды намер – адпачыць як мае быць.


Пачала з кафэ “АнаСтасіЯ”. Кароткае рэзюмэ: знаходзіцца на другім паверсе прадуктовага магазіна з аналагічнай назвай. У народзе таксама вядомае, як “Насця”, “У Насці” або проста піцэрыя. Размяшчаецца вельмі выгадна для жыхароў мікрараёна Валадарскага – блізка і зручна.


Дарэчы, гэта амаль адзінае ў Астраўцы месца, куды можна зазірнуць і днём, каб перакусіць або проста выпіць кубачак гарбаты ці кавы. Сюды таксама можна прыйсці з дзецьмі, каб пачаставаць іх малочным кактэйлем ці марожаным. Што тычыцца вячэрняга наведвання, то ў будні трапіць сюды не складае ніякіх праблем. А вось у выхадныя, асабліва ў суботу, калі вы не прыйшлі ў той час, як іншыя яшчэ толькі збіраюцца, або не заказалі столік загадзя, рызыкуеце “пацалаваць” барную стойку і застацца ні з чым, бо такіх жа жадаючых прыемна правесці час хапае.
У цэлым мне тут падабаецца. “Анастасія” – утульнае месца, дзе прыемна пасядзець, пагаманіць з сябрамі. Падыходзіць таксама і для рамантычных спатканняў закаханых. Аднак, на мой погляд, ёсць тут і свае недахопы. Напрыклад, у тыя ж выхадныя, калі наплыў кліентаў вялікі, нядрэнна, каб працавала больш людзей на кухні і ў зале. Спраўляцца з усімі заказамі адной афіцыянтцы, якая да таго ж яшчэ і бармен, досыць складана. Наведвальнікі не могуць дачакацца сваю піццу і пачынаюць бурчаць. Калі б кліентаў у выхадныя абслугоўвалі хоць бы два чалавекі – і афіцыянтам было б лягчэй, і кліенты заставаліся б задаволены. І яшчэ адзін мінус – тут непажадана танцаваць. Разумею, што кафэ – гэта не дыска-бар. Але ў невялікім горадзе, у якім установы, дзе можна і пасядзець, і патанцаваць, можна пералічыць на пальцах адной рукі, хоць бы невялікая, але асобная танцпляцоўка (каб нікому не перашкаджаць) была б вялікім бонусам, і кафэ ад гэтага толькі б выйграла. Тым больш, што моладзі проста неабходна выліць сваю энергію.
Што тычыцца цэн. Возьмем кампанію з трох чалавек. Звычайны сярэдні заказ, куды ўваходзіць, напрыклад, вялікая піца і сок, абыдзецца каля 20 тысяч рублёў для кожнага. Хочаце пасядзець больш сур’ёзна – рыхтуйце тысяч 35-50 з чалавека – усё залежыць ад віду і складу выбраных страў. Калі ж душа патрабуе свята па поўнай – тут ужо абмежаванняў няма. Аднак памятайце, што для прыгатавання спецыяльных страў трэба, як і належыць, папярэдзіць загадзя.


Наступны прыпынак – рэстаран “Вясёлка”. Адразу хачу папярэдзіць – перш, чым сюды прыйсці, трэба падстрахавацца – тут часта спраўляюцца вяселлі, дні нараджэння, карпаратывы ці праходзяць іншыя “спецзаказы”. І аб гэтым, каб пасля не “абламацца”, пажадана даведацца загадзя.


Што маем? Прыстойны інтэр’ер, вялікае памяшканне, жаданая танцпляцоўка... Аднак, на мой погляд, для моладзі тут усё роўна чагосьці не хапае. Камусьці не падабаецца музычны рэпертуар, некаму – меню… А галоўнае – ну не “торкае”, і ўсё тут. Можа, таму, што рэстаран – установа сур’ёзная і разлічана на разнастайны кантынгент? Тут можна адзначыць якое-небудзь свята ці сямейную ўрачыстасць, але для звычайнай суботняй маладзёжнай “тусні” месца не самае падыходзячае. Пагэтаму, напэўна, тут рэдка сустрэнеш студэнтаў ці нядаўніх выпускнікоў навучальных устаноў. Аўра, мабыць, не тая. Таму кантынгент у асноўным – моладзь больш сур’ёзнага ўзросту.
З чым давядзецца развітацца, калі ўсё ж вырашылі пасядзець у цёплай сяброўскай кампаніі? У сярэднім, “вясёлкавая” пасядзелка з адным гарачым, салатам і лёгкай закускай абыдзецца каля 50-70 тысяч. Канешне, калі вы закажаце, скажам, мінералку і сухарыкі – заплаціце менш. Але ж мы прыйшлі адпачываць! Ну, а далей – наколькі дазваляе фантазія, меню рэстарана і, вядома ж, змесціва кашалька.


Рушым далей. На чарзе – установа з цікавай і экзатычнай назвай “Вайга”. Па разнавіднасці можна аднесці да бара.


Уяўляе сабой два памяшканні – меншае і большае. Праблема нумар адзін тая ж: ніколі не ведаеш, калі прыйсці, каб былі свабодныя месцы. Больш прэстыжным з’яўляецца другая зала – памяшканне большае і, адпаведна, там больш столікаў. Асноўнай “фішкай” “Вайгі”, якая адрознівае яе ад іншых устаноў, з’яўляецца більярд. Можа, таму тут часта можна сустрэць пастаянных кліентаў, якія любяць паганяць шары? Часам гэта нагадвае нейкае тэатралізаванае прадстаўленне – некалькі чалавек гуляюць у більярд, а наведвальнікі за столікамі, назіраюць за імі.
Калі ж вы не з’яўляецеся прыхільнікам більярда, можаце паглядзець тэлевізар – імі абсталявана кожнае з памяшканняў “Вайгі”. Праўда, ёсць адзін нюанс: часам тое, што там паказваюць, перабівае музыка з калонак, якія стаяць побач. Затое прыкольна: карцінка адна, а агучванне зусім іншае. Ды, зрэшты, на гэта мала хто звяртае ўвагу – на самой справе, не тэлевізар жа паглядзець сюды прыходзяць!
Асноўныя мінусы: як і ў “Анастасіі” тут нельга танцаваць. І яшчэ – прабачце за далікатныя падрабязнасці, але “выгоды” тут знаходзяцца на вуліцы. Вельмі нязручна, асабліва зімой. Ды і нерэспектабельна – усё ж у 21 стагоддзі жывём!
Цяпер пра кошт паходу ў “Вайгу”. Калі заказаць папулярны маладзёжны набор – 0,5 піва і чыпсы (ці сухарыкі) – пакінеце ў касе прыкладна 20-25 тысяч рублёў. Гэта залежыць ад таго, хмельны напітак вытворчасці якой краіны больш любіце – айчыннай ці замежнай. Хочаце чагосьці яшчэ – трэба звяртацца непасрэдна да бармена. Шчыра кажучы, меню з асартыментам страў я бачыла вельмі рэдка. Яго функцыю выконвае бармен. Вы пытаеце, ці ёсць, а ён – адказвае ці прапаноўвае альтэрнатыўныя варыянты. У выніку больш сур’ёзны адпачынак абыдзецца ў сярэднім каля 50 тысяч і вышэй.


І апошняе ў маім паходзе месца. Вечар суботы заканчваецца для большай часткі астравецкай моладзі перафразаванай антычнай мудрасцю “Усе шляхі вядуць у “Смак”!”


Калі напачатку вечара адны сядзяць у “Анастасіі”, другія – у “Вайге”, то на заканчэнні яго часцей за ўсё ўсе яны сустракаюцца ў “Смаку”. Моладзь сюды цягне, як магнітам. Хаця, усё тлумачыцца досыць лагічна. Прыемна пасядзеўшы ў іншых кафэ, хочацца і патанцаваць. Вось і ідуць хлопцы і дзяўчаты туды, дзе гэта можна зрабіць. Наогул, “Смак” падыходзіць пад катэгорыю дыска-бара. Уяўляе сабой мадэль мініяцюрнага начнога клуба – танцпляцоўка, па баках якой размешчаны столікі. Ёсць і асобная банкетная зала, дзе можна пасядзець у спакоі. Аднак гэта не значыць, што праблема адсутнасці свабодных столікаў у суботу тут вырашаецца прасцей. Я б сказала, што наадварот. Чула, што часам тут заказваюць нават месца ля барнай стойкі. Калі ж хочаце пасядзець за столікам – паклапаціцеся аб гэтым загадзя.
Сюды можна прыйсці патанцаваць, нічога пры гэтым не заказваючы. Аднак, калі прыйшлі ў “час пік”, перш, чым “адваюеце” месца на танцпляцоўцы, прыйдзецца пастарацца і ў некаторай ступені забыцца пра прыстойнасць і ветлівасць. Давядзецца ўпрыдачу навучыцца спрытна працісквацца скрозь шчыльную сцяну людзей, а часам нават падключыць фізічную сілу. Баюся, што на сціплае “Дазвольце прайсці” некаторыя кліенты не адрэагуюць, а часам проста яго не пачуюць. Ці ўдасца нармальна патанцаваць – таксама пытанне. Бо калі танцуючых шмат, а месца – мала, зрабіць гэта, згадзіцеся, цяжкавата. Шчыра кажучы, мяне заўсёды здзіўляла і ўражвала ўменне афіцыянтак у “Смаку” не толькі прабівацца скрозь суцэльны натоўп людзей, але захоўваць пры гэтым у цэласці змесціва свайго падносу.
Дарэчы, пра заказы. Як і ўсюды, кошт візіту сюды залежыць ад настрою і адпаведнага жадання патраціць грошы. Сярэднія – не шыкоўныя, але і не “посныя” – заказы абыдуцца прыкладна 40-50 тысяч рублёў. Стандартны маладзёжны набор – 20-25 тысяч. Калі ж прыйшлі проста патанцаваць – вернецеся дадому з непатрачаным бюджэтам.
Калі камусьці не хапіла танцаў ці не падабаецца ў “Смаку”, можна ісці “дагнацца” ў “Галактыку”, дзе работнікі аддзела культуры праводзяць дыскатэку, якая час ад часу праводзіцца да 4.00 раніцы. Аднак ніякіх столікаў тут няма і вам прапануюць толькі танцы.


На гэтым мае паходы па вячэрніх установах заканчваюцца. Праўда, ёсць яшчэ рэстаран “Беларусь” і “Беларускі куток”. Аднак першы працуе толькі пад заказы, а другі падзяляецца на “стары” і “новы”. “Новы” таксама ў большасці абслугоўвае спецзаказы, а вось у “стары” не тое, што зайсці, а нават падысці да яго страшна – тут звычайна засядаюць не вельмі “рэспектабельныя” кліенты.


Што ж атрымліваем у выніку? Хочаце проста пасядзець – ідзіце ў “Анастасію”. Пагуляць у більярд? Тады – у “Вайгу”. Яшчэ і патанцаваць? Тады вам дарога ў рэстаран. “Патусіць”, тыпу начной дыскатэкі, у “Смак”. Хочаце зрабіць усё разам і ў адным месцы? Тады… едзьце ў буйны горад. Кошт паходу па астравецкіх кафэ-барах-рэстаранах у сярэднім вагаецца ад 40 тысяч да плюс бясконцасці.
На жаль, падчас майго паходу прыйшлося яшчэ раз упэўніцца, што з маладзёжным адпачынкам у нас тугавата. Не суцяшае і тое, што тыя ўстановы, што ёсць, не імкнуцца нешта змяніць у абслугоўванні, разнастайнасці і якасці меню ці ўнесці якую-небудзь “ізюмінку”. А навошта? Гарадок у нас маленькі, вялікай канкурэнцыі няма, а моладзі адпачываць недзе трэба – і так прыйдуць, як міленькія. Што ні кажыце, а не хапае ў Астраўцы калі не буйнога забаўляльнага цэнтра, то хоць бы ўстановы, дзе можна было б і піцы ці марожанага паесці, і для танцаў месца хапіла, ды і ў боўлінг ці більярд пагуляць. Але пакуль гэта толькі мары…


Марына МАЦКЕВІЧ.