Апытанне: а вы былі на вечары сустрэчы?

15:35 / 11.02.2012





Першая субота лютага – асаблівы дзень для былых выпускнікоў школы, якія традыцыйна збіраюцца на вечары сустрэчы.
У гэтым годзе на сустрэчу школьных сяброў у Астравецкую СШ №1 сабраліся выпускнікі, з моманту заканчэння школы якіх прайшло 30 гадоў. Былі і тыя, хто пакінуў сцены альма матэр год таму назад – для іх гэта першая такая сустрэча.
Наш карэспандэнт пагаварыў з некаторымі выпускнікамі аб тым, як склаўся іх лёс пасля заканчэння школы.


Яўгеній Эдмундавіч Мацкевіч, Вадзім Ціханавіч Місуна (выпускнікі 1982 года) і іх класны кіраўнік Святлана Пятроўна Бацюлева.
Вадзім: Правядзенне вечароў сустрэчы – гэта добрая традыцыя, якая аб’ядноўвае многія пакаленні. Сёння нам выпала шчаслівая магчымасць убачыць многіх школьных сяброў. Гэта сапраўды цудоўная сустрэча для ўсіх нас.
Мы з Яўгеніем вучыліся на “выдатна”, сябравалі, нават сядзелі разам за адной партай. Некалькі разоў нас спрабавалі рассадзіць, але на наступны дзень мы зноў былі за адной партай.
Пасля выпускных экзаменаў я паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут. Пасля яго заканчэння працаваў хірургам у бальніцы г. Глыбокае, але пасля смерці жонкі памяняў прафесію – стаў прадпрымальнікам. Падтрымліваю цесныя стасункі з расійскімі партнёрамі.
Яўгеній: Мне больш падабаліся школьныя прадметы тэхнічнага накірунку. Гэтую справу я і выбраў сабе – паступіў у Мінскі радыётэхнічны інстытут. У цяперашні час працую вядучым інжынерам у адной з мінскіх фірм.

Ірына Станіславаўна Отчык, выпускніца 1983 года:
– Яшчэ са школьнай пары я цвёрда была ўпэўнена, што не буду працаваць ні настаўнікам, ні ўрачом. Мяне вабіла прафесія бухгалтара, і я марыла працаваць у банку. Так і атрымалася. Скончыўшы інстытут народнай гаспадаркі ў Мінску 14 гадоў працавала ў “Беларусбанку”. Затым яшчэ пяць гадоў з’яўлялася галоўным бухгалтарам лясгаса. Але нядаўна мне прапанавалі пасаду галоўнага бухгалтара ў “Дырэкцыі будаўніцтва АЭС”, дзе я зараз і працую. Так што можна сказаць – юначая мара збылася.

Алена Віктараўна Велінец, выпускніца 2002 года:
– У школьныя гады мне больш усяго падабаліся біялогія і фізкультура, і будучую прафесію я выбрала звязаную з медыцынай. Пасля заканчэння Маладзечанскага медвучылішча мяне накіравалі на працу ў Валожынскі раён у дзіцячы інтэрнат.
А з 2005 года працую медсястрой у тэрапеўтычным аддзяленні Астравецкай ЦРБ. Выйшла замуж. У нас расце цудоўны сын Анатолій, які восенню збіраецца пайсці ў школу ў першы клас.

Святлана Юр’еўна Фалевіч, выпускніца 2007 года:
– З дзяцінства я марыла стаць юрыстам, каб добра ведаць законы, знаходзіць выхад у складаных сітуацыях і дапамагаць людзям.
Паступіла ў БДУ. Пасля таго, як выйшла замуж, перавялася на завочнае аддзяленне. Цяпер працую ў прыватным прадпрыемстве па спецыяльнасці. Жыву з мужам у Астраўцы, гадуем дачку Яначку, якой ужо тры гадкі.

Кацярына Віктараўна Гушта, выпускніца 2005 года:
– Мы сёння сабраліся разам, каб успомніць свае лепшыя школьныя гады. Вечар атрымаўся вельмі цёплым, нягледзячы на марознае надвор’е. З задавальненнем паслухалі выступленні выпускнікоў-юбіляраў, паглядзелі мультымедыйную прэзентацыю пра былых дырэктараў школы, пра выпускныя класы і пра нашых класных кіраўнікоў, паслухалі расповед дырэктара пра нашу школу на сучасным этапе. Пасля афіцыйнай часткі вечара прайшліся па калідорах роднай школы, зазірнулі ў класы і прыемна здзівіліся ўсяму новаму, што тут з’явілася.
Што тычыцца маёй мары, то яна поўнасцю збылася. Я атрымала прафесію цырульніка і цяпер маю магчымасць удасканальваць на практыцы свой творчы патэнцыял, ствараць прыгожыя прычоскі, дарыць людзям радасць і добрую ўсмешку.


Гутарыў Іван Петрык.