Проблемы и перспективы профилактической работы в Островецком районе

10:41 / 29.12.2012

Кажуць, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Пра тое, што вучыцца лепш на чужых памылках, таксама ведаюць усе. Але многія, нягледзячы ні на што, зноў і зноў наступаюць на адны і тыя ж граблі. Менавіта для таго, каб у жыцці людзей было менш праблем, існуе такое паняцце як “прафілактыка”, якой сёння ўдзяляецца вялікая ўвага.
Каб абмеркаваць праблемы і перспектывы прафілактычнай работы ў раёне, у райвыканкаме па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы быў арганізаваны круглы стол “Прафілактыка і ты”. Удзел у ім прынялі намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А.Я. Клімчэня, галоўны спецыяліст гэтага аддзела К.Л. Лянкевіч, начальнік РАУС У.І. Квач, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Р.І. Гайдуль, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Астравецкага райвыканкама Т.М. Драган, намеснік начальніка аддзела адукацыі Н.В. Баніцэвіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне С.М. Іванова, загадчыца аддзялення па сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Я.В. Панасюк, выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ А.П. Лазарава.
Падчас круглага стала кожны мог выказаць уласныя думкі і прапанаваць вырашэнне праблем, якія ўзнікаюць у жыцці чалавека.


В.З. Свіла: Сёння нас не можа не хваляваць сітуацыя з суіцыдамі, якая склалася ў раёне. За тры гады зарэгістравана 34 выпадкі суіцыдаў. Прычым 29 з іх здзейснілі мужчыны, 5 – жанчыны. І большасць з іх – жыхары вёскі. У бягучым годзе такіх выпадкаў адбылося толькі 7 – у той час як у мінулыя гады іх было 17 ў 2010 і 10 ў 2011 годзе. І тым не менш праблема існуе, яе трэба вырашаць.
Я.В. Панасюк: Я лічу, што карані гэтай праблемы крыюцца ў алкагалізацыі насельніцтва.
А.Я. Клімчэня: Канешне, нельга адмаўляць алкагалізм, як адну з прычын суіцыдальных выпадкаў. Але, на мой погляд, гэта – не адзіная праблема. Калі праводзім анкетаванне сярод насельніцтва, сустракаемся з людзьмі, гутарым з імі – бачым, якія заробкі атрымліваюць некаторыя мужчыны. Часта іх зарплата ніжэй, чым у жанчын. Для некаторых гэта з’яўляецца моцным псіхалагічным напружаннем. Магчыма, гэта і штурхае людзей да ракавога кроку. Вось і думаюць яны: навошта такое жыццё? Як вынік – спроба пайсці з яго.
В.З. Свіла: Магчыма, і гэта – адна з прычын. Але статыстыка сведчыць, што 27 выпадкаў з 34, што адбыліся ў нашым раёне, а гэта 79%, былі здзейснены ў п’яным стане.
Т.М. Драган: Алкаголь, канешне, штурхае людзей на “подзвігі”. Чалавек замыкаецца ў сабе, і часам толькі так можа выплюхнуць увесь негатыў, што і прыводзіць да рашэння скончыць жыццё самагубствам.
К.Л. Лянкевіч: Страшна яшчэ і тое, што суіцыды “памаладзелі”. Сёлета пакончыў жыццё самагубствам 18-гадовы юнак – страшна падумаць. У яго ж усё жыццё было наперадзе.
Н.В. Баніцэвіч: Штогод школьныя псіхолагі абследуюць вучняў на схільнасць да суіцыдальных паводзін. Сёлета такое анкетаванне прайшло 1425 школьнікаў, з іх 36 чалавек можна аднесці да групы рызыкі. Гэта страшная лічба. Праводзіць прафілактычную работу, каб пазбегнуць усяго гэтага, павінны дапамагаць, лічу, урачы.
В.З. Свіла: А ў супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў, які погляд на праблему суіцыдаў?
У.І. Квач: Мне здаецца, што ўсё залежыць ад чалавека. Калі ён не можа знайсці сваё месца ў грамадстве – гэта яго праблема. Тады чалавек рознымі спосабамі стараецца яе вырашыць. Для некаторых такім спосабам становіцца суіцыд. А ўсё таму, што, калі вядзеш амаральны лад жыцця, добрай работы ніхто табе не прапануе, у калгасе добрай тэхнікі табе не дадуць – адпаведна і заработная плата будзе не вельмі высокай. Плюс алкаголь, жыццёвая неўладкаванасць… Вынік усім вядомы.
В.З. Свіла: Зноў жа калі звярнуцца да статыстыкі, то бачым, што ў гэтым годзе не зарэгістравана выпадкаў суіцыду сярод людзей старэйшага пакалення. А ў 2011 годзе было 4 выпадкі, у 2010 – 2, калі людзі старэйшыя за 60 гадоў звялі рахункі з жыццём.
С.М. Іванова: Мне здаецца, людзям старэйшага пакалення ў сённяшняй сітуацыі прасцей, як бы парадаксальна гэта ні гучала. Пенсіянеры атрымліваюць пенсію, і трэба сказаць, не такую і малую – у некаторых працуючых зарплата на тым жа ўзроўні, ці нават меншая. У адзінокіх пенсіянераў ёсць сацыяльныя работнікі, якія дапамагаюць змагацца з цяжкасцямі жыцця. Ды і ў самых складаных, выключных сітуацыях органы сацыяльнай службы, могуць дапамагчы – напрыклад, пакласці на сацыяльны ложак у Міхалішкаўскую бальніцу.
В.З. Свіла: І тым не менш прадстаўнікі мясцовай улады, наведваючы людзей пажылога ўзросту, павінны сачыць за станам пячнога ацяплення, электраправодкі, наяўнасцю пажарных апавяшчальнікаў, каб прадухіліць непапраўнае.
С.М. Іванова: У апошні час амаль ва ўсіх дамах пенсіянераў стаяць апавяшчальнікі, з гэтым праблем няма. Мне здаецца, больш увагі неабходна ўдзяліць сем’ям, у якіх маці адна выхоўвае некалькі дзяцей. Ім сапраўды цяжка.
Т.М. Драган: І з гэтым нельга не пагадзіцца. Як маці, якая адна выхоўвае траіх дзяцей і атрымлівае дапамогу па доглядзе за дзіцём да трох гадоў, пражыць на васемсот тысяч рублёў? Наша задача ў такой сітуацыі – інфармаваць бацькоў аб усіх зменах у заканадаўстве, якія тычацца сацыяльнай абароны. Праз сродкі масавай інфармацыі, адзіныя дні інфармавання насельніцтва, пры сустрэчах з такімі сем’ямі.
Ёсць і яшчэ адна вялікая праблема. Сёння ўсе мы павінны як мага больш інфармаваць бацькоў аб паводзінах іх дзяцей. Сённяшнія дзеці ў большасці сваёй – не ідэальныя, але не ўсе бацькі пагаджаюцца з гэтым.
Н.В. Баніцэвіч: Бацькі часта слухаць не хочуць, што іх дзіця можа зрабіць нейкія дрэнныя ўчынкі. Часцей бацькі ва ўсім вінавацяць настаўнікаў – але ні ў якім выпадку сваё дзіця.
Т.М. Драган: Бацькам трэба расказваць пра рэальныя сітуацыі, якія адбываюцца ў жыцці. Зразумела, што гэта павінны рабіць не педагогі і не адміністрацыя школы. Хаця іх таксама нельга выключаць. Ва ўсім гэтым працэсе павінны быць зацікаўлены самыя розныя арганізацыі. Неабходна працаваць на павышэнне аўтарытэту педагога. Настаўнік павінен стаць лепшым сябрам для бацькоў і іх дзяцей.
Н.В. Баніцэвіч: Сёлета ў нашым раёне праходзіў бацькоўскі сход у рэжыме анлайн. Бацькам для абмеркавання прапаноўвалася пытанне: хто павінен адказваць за выхаванне дзяцей? І якім было наша здзіўленне, калі 75% бацькоў адказалі, што адказнасць за выхаванне дзяцей на 90% залежыць ад школы і педагогаў, якія ў ёй працуюць, і толькі на 10% – ад саміх бацькоў. Хаця на самой справе – наадварот.
Р.І. Гайдуль: Давайце паглядзім на гэты факт з другога боку. Дзіця амаль увесь час знаходзіцца ў школе. Нават субота – гэта шосты школьны дзень, у які дзіця абавязаны прысутнічаць на школьных мерапрыемствах. Толькі вечарам, ды яшчэ ў нядзелю дзеці знаходзяцца побач з бацькамі. Зыходзячы з гэтага, атрымліваецца, што выхоўваць павінна школа.
Н.В. Баніцэвіч: Дазвольце з вамі не пагадзіцца. Сапраўды, да абеду дзіця ў школе, пасля абеду наведвае факультатывы, гурткі, секцыі, заняткі ў школе мастацтваў і гэтак далей. Але вечар яно праводзіць дома, з мамай і татам, старэйшымі ці малодшымі братамі і сёстрамі, бабулямі і дзядулямі! І давайце ўявім такую сітуацыю: вечарам дзіця расказвае бацькам, што адбылося ў школе, пачынаецца абмеркаванне пражытага дня. І калі, не дай бог, што-небудзь здарылася – пачынаецца абмеркаванне паводзін настаўніка. І не заўсёды довады бацькоў будуць накіраваны на яго абарону. Тады чаго чакаць ад дзіцяці? Аб якім аўтарытэце настаўніка можна гаварыць, калі бацькі перад сваім сынам ці дачкой могуць дазволіць гаварыць пра настаўніка груба, негатыўна?
Т.М. Драган: Атмасфера ў сям’і ўплывае на паводзіны дзіцяці ў школе і ўвогуле на адносіны з людзьмі. І нельга гаварыць, хто ў большай ступені павінен займацца выхаваннем дзяцей. Бацькі разам з педагогамі павінны працаваць сумесна, каб выхаваць маленькага чалавека добрым грамадзянінам.
У.І. Квач: Яшчэ адна сур’ёзная праблема нашага грамадства – людзі, якія вызваліся з месца пазбаўлення волі, тыя, што здзейснілі супрацьпраўныя ўчынкі ці якія стаяць на ўліку ў нарколага. Гэтай катэгорыі ўвага ўдзяляецца ў асноўным з боку міліцыі. І мы, як можам, стараемся папярэдзіць, прадухіліць паўторныя злачынствы і правапарушэнні. Калі гэтыя асобы ігнаруюць нашыя патрабаванні, то да іх прымяняюцца іншыя меры ўздзеяння. Але справа ў тым, што яны менш за ўсіх абаронены. Ім цяжка знайсці работу, таму што ніхто не жадае звязвацца з патэнцыяльнымі злачынцамі.
Я.І. Панасюк: Закон “Аб прафілактыцы” прадугледжвае сумесную работу. Таму аддзяленне па сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва цесна супрацоўнічае з аддзелам унутраных спраў і асабіста з Анатоліем Іванавічам Баніцэвічам. Раз у тры месяцы для нашых падапечных арганізоўваюцца круглыя сталы і сустрэчы з прадстаўнікамі служб і арганізацый.
У.І. Квач: Але самая вялікая праблема – тое, што такім людзям не патрэбны гэтыя сустрэчы. Ім трэба грошы. А калі іх няма і зарабіць яны не могуць, то і на волі ім няма чаго рабіць. І ўсё пачынаецца па новай...
С.М. Іванова: Так, працаваць ім зусім не хочацца. Сёння мы аднаго такога “работніка” ўладкавалі ў арганізацыю, а назаўтра ён прыйшоў на працу п’яны: там, аказваецца, працаваць трэба?! Вось і швэндаюцца такія “асобы” па вечарах у пошуках піва, віна, гарэлкі.
В.З. Свіла: На семінары, які зусім нядаўна праходзіў у Ваўкавыску, з намі падзяліліся вопытам работы маладзёжных атрадаў грамадскага правапарадку. Іх вопыт вельмі цікавы. Канешне, Астравец – не Ваўкавыск, але штосьці карыснае можна прадугледзець і ў нас.
А.П. Лазарава: Наша раённая арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ўжо занялася вывучэннем гэтага пытання, і ў хуткім часе мы плануем перагледзець спісы дабраахвотных маладзёжных дружын, якія створаны і ў нашым раёне, і паспрабуем ажыццявіць падобную форму прафілактычнай работы ў нас.
К.Л. Лянкевіч: А мне цікава: дзень без алкаголю, які рэгулярна аб’яўляецца ў нашым раёне, дае ў пытаннях прафілактыкі які-небудзь эфект?
В.З. Свіла: За адзін дзень праблему алкагалізацыі насельніцтва не вырашыш, але імкнуцца да гэтага трэба.
У.І. Квач: На апошняй калегіі, якая праводзілася ў Гродне для супрацоўнікаў МУС, выступала дацэнт кафедры, якая якраз займаецца праблемай алкагалізацыі насельніцтва. Дык вось, яна прыводзіла даныя, што выдаткі на выпраўленне наступстваў алкагалізацыі ў 10 разоў пераўзыходзяць так званую выручку ад яе продажу. Як кажуць, без каментарыяў...


У цэлым, размова, якая вялася падчас “круглага стала”, была карыснай для ўсіх яшчэ і таму, што кожны меў магчымасць выказацца па ўзнятай тэме. І, думаю, стане карыснай для нашых чытачоў, у якіх таксама ёсць магчымасць выказаць свой пункт погляду і прапанаваць якія-небудзь сродкі ці метады, накіраваныя на прафілактыку алкагалізму, злачынстваў, суіцыдальных паводзін.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ,
фота аўтара.