Пра карупцыю і пластыкавыя картачкі ішла размова на адзіным дні інфармавання насельніцтва

08:12 / 28.03.2012

Адзіны дзень інфармавання насельніцтва адбыўся на мінулым тыдні. На гэты раз ён быў прысвечаны дзвюм тэмам: “Барацьба з карупцыяй у Гродзенскай вобласці. Прычыны і ўмовы” і “Развіццё сістэмы безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак”.


У падрыхтоўцы і правядзенні дня інфармавання актыўны ўдзел прынялі супрацоўнікі пракуратуры раёна, праваахоўных органаў, разлікова-касавага цэнтра №1 г.п.Астравец аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” і цэнтра банкаўскіх паслуг 417 філіяла 423 ААТ “АСБ Беларусбанк”.
У 2011 годзе праваахоўнымі органамі Гродзенскай вобласці выяўлена 260 злачынстваў карупцыйнага накірунку, да крымінальнай адказнасці прыцягнуты 126 асобаў, у тым ліку 152 злачынствы, звязаныя з хабарам і 99 выпадкаў – злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Пра ўсё гэта падрабязна і змястоўна расказаў падчас дня інфармавання працаўнікам сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Міхалішкі” і Міхалішкаўскага сельвыканкама пракурор Астравецкага раёна А.І. Марцінчык. Таксама Аляксандр Іосіфавіч звярнуў увагу, што сярод падобных злачынстваў найбольш распаўсюджаны хабар.
У Астравецкім раёне ў 2011 годзе выяўлена толькі адно злачынства, звязанае з карупцыяй. Наогул жа пракуратурай раёна ў мінулым годзе ў парадку агульнага нагляду былі праведзены 3 праверкі, у выніку якіх унесена адно прадстаўленне і адно прадпісанне, адна абавязаная асоба была афіцыйна папярэджана і адзін грамадзянін прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
А вось па Гродзенскай вобласці ў параўнанні з 2010 годам у 2011 годзе павялічылася колькасць карупцыйных злачынстваў у сферы гандлю – 57 выпадкаў, у 2010 – 35. У будаўніцтве было зарэгістравана 25 злачынстваў (2010 – 28), прамысловасці – 24 (46) і сельскай гаспадарцы – 18 (30).
Напрыканцы сустрэчы А.І. Марцінчык адказаў на пытанні. Прысутных цікавілі некаторыя аспекты працы з абавязанымі асобамі, а таксама ці можа падзяка з’яўляцца хабарам.
Плённа і насычана прайшла сустрэча з калектывам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Па тэме барацьбы з карупцыяй выступіў намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў А.А. Апалінскі, а пра развіццё сістэмы безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак расказаў спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу цэнтра банкаўскіх паслуг №417 ААТ “Беларусбанк” В.І. Мушніцкі. Супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра звярнуліся з просьбай аб магчымасці змянення рэжыму работы касы, якая знаходзіцца на аўтастанцыі.
На сустрэчу з калектывам раённага спажывецкага таварыства былі запрошаны намеснік пракурора Астравецкага раёна Д.А. Дамарад, спецыяліст па аказанню рознічных паслуг разлікова-касавага цэнтра №1 г.п.Астравец аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” С.І. Мілаш, якія падрабязна і цікава раскрылі тэмы дня інфармавання. Д.А. Дамарад расказаў пра карупцыю і асноўныя палажэнні Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія ўстанаўліваюць адказнасць грамадзян за карупцыйныя правапарушэнні. С.І. Мілаш паведаміла аб паслугах разлікова-касавага цэнтру, аб розных акцыях, якія праводзіць банк і магчымасцях кліентаў РКЦ. Таксама спецыялісты кампетэнтна адказалі на пытанні, якія паступалі ў ходзе сустрэчы.
У цэнтральнай бібліятэцы з работнікамі культуры дзень інфармавання правялі намеснік пракурора раёна Д.А. Дамарад і спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу В.І. Мушніцкі. Прысутныя цікавіліся працэнтамі па крэдытах у банку, чаму такія вялікія чэргі каля кас, ці можна атрымаць кансультацыю па тлумачэнні заканадаўства ў пракуратуры? Але найбольшы рэзананс атрымала публікацыя аб’явы ў раённай газеце аўтапарка №4 аб адмене рэйсаў аўтобуса ў Гродна. Грамадзяне хваляваліся, чым змогуць даехаць у абласны цэнтр студэнты ў нядзелю, хворыя, камандзіраваныя, чаму адмянілі рэйс у пяць гадзін раніцы, а не начны, які едзе да Гродна 6 гадзін. Пытанне было накіравана на рэагаванне дырэктару аўтапарка №4.
У працоўных калектывах дні інфармавання правялі намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні дня інфармавання прынялі спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.


Свае пытанні можна накіраваць у аддзел ідэалагічнай работы ці па тэл.: 2-15-79, 23-5-03.


Марына МАЦКЕВІЧ.
Тарэса ПАМЕЦЬКА, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.