Улада і бізнес – у фармаце адкрытага дыялога

08:00 / 14.03.2012

У Лідзе адбылася калегія Камітэта дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці, на якой разглядаліся вынікі работы органаў улады і кіравання па развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы ў рамках аб’яўленага 2011 года прадпрымальніцтва.


На калегіі прысутнічалі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Марыя Праташчык, першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Леанід Анфімаў, старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Русанаў, старшыні шасці раёнаў Гродзенскай вобласці, а таксама кіраўнікі некаторых суб’ектаў гаспадарання і прадстаўнікі бізнес-суполкі. Мэта сустрэчы – адкрыты дыялог прадстаўнікоў бізнесу і ўлады аб тым, якія праблемы зараз хвалююць бізнес і што павінна зрабіць улада для яго далейшага развіцця.
Сустрэчу распачаў Леанід Васільевіч Анфімаў, які прааналізаваў стан інвестыцыйнага клімату ў краіне ў цэлым і Гродзенскай вобласці ў прыватнасці і адзначыў, што год прадпрымальніцтва садзейнічаў разняволенню дзелавой актыўнасці.
– Паспяховая рэалізацыя айчынных інвестпраектаў – паказчык дзелавога клімату для замежных партнёраў. Завод “Кронас” у Лідзе па ахове металаканструкцый метадам гарачага ацынкоўвання, арганізацыя вытворчасці аўстрыйскай кампаніі “Кронаспан” у Смаргоні, будаўніцтва першай беларускай АЭС у Астраўцы – вось толькі некаторыя цікавыя праекты, якія зараз рэалізуюцца ў вобласці, – адзначыў Леанід Васільевіч.
І разам з тым першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь зрабіў выснову, што бізнес мае патрэбу ў апецы дзяржавы. Пакуль што не створана сістэма суправаджэння бізнесу з моманту яго стварэння да выхаду на прыбытковую работу. Гэта пацвярджаюць і лічбы: каля 30 працэнтаў зарэгістраваных у мінулым годзе фірм не пачалі працаваць.
– Разглядаць патэнцыяльных партнёраў гатовы на будаўніцтве атамнай электрастанцыі – самым маштабным інвестпраекце Беларусі, – заявіў на калегіі дырэктар “Дырэкцыі будаўніцтва АЭС” Міхаіл Васільевіч Філімонаў.
У працяг тэмы старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька зазначыў, што пакуль што інвестары толькі прыглядваюцца да нашага раёна. Тым не менш прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу ўжо зразумелі, што стварэнне інфраструктуры для АЭС – вельмі перспектыўны і прыбытковы накірунак работы. Толькі за апошні год у раёне зарэгістравана 15 прыватных прадпрыемстваў, якія зацікаўлены ў тым, каб прыняць удзел у будаўніцтве аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры.
Трэба сказаць, што калегія праходзіла ў форме адкрытага дыялога. Бізнесмены дзяліліся праблемамі, з якімі яны сутыкаюцца, і разам з прадстаўнікамі органаў улады шукалі шляхі іх пераадолення.
Напрыканцы сустрэчы старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Сяргей Васільевіч Раўнейка зазначыў, што паміж бізнесам і дзяржавай павінны быць двухбаковыя абавязкі: улада павінна стварыць добрыя ўмовы для развіцця бізнесу, а прыватныя структуры – укладваць грошы ў развіццё тэхналогій і папаўняць бюджэт у выглядзе падаткаў.


Вольга ШОЎКУН.
Фота Алы БІБІКАВАЙ.