Дайце назву новым вуліцам Астраўца

16:01 / 11.03.2011

Першае пасяджэнне камісіі райвыканкама па прысваенню назваў вуліц і ажыццяўленню кантролю за ўпарадкаваннем нумарацыі дамоў у г.п. Астравец праходзіла вельмі бурна і эмацыянальна. Гэта і зразумела: пытанні абмяркоўваліся актуальныя, якія тычацца ўсіх жыхароў райцэнтра. Таму і адказнасць за прынятыя рашэнні члены камісіі адчуваюць павышаную.


На разгляд і абмеркаванне членаў камісіі быў вынесены праект рашэння аб прысваенні назваў вуліц гарадскога пасёлка. Але не ўсе пункты гэтага праекта знайшлі падтрымку членаў камісіі. Без пярэчанняў была ўспрынята прапанова аддзела камунальнай гаспадаркі даць ужо  існуючай вуліцы ў раёне індывідуальнай забудовы, якая ідзе паралельна вуліцы Светлай, назву вуліцы Быліны, а таксама назваць завулкам Меліярацыйным існуючую вуліцу, якая ідзе ад перасячэння з вуліцай Садовай. Пагадзіліся члены камісіі і з прапановай назваць Паркавай вуліцу, што ідзе зараз каля лесапарку (так званая аб’язная вуліца). А вось ідэя назваць Камунальнай вуліцу, што ідзе ад канца Камсамольскай да перасячэння з вуліцай Карла Маркса, не знайшла падтрымкі – вырашана было пашукаць для яе больш значную і мілагучную назву і папрасіць дапамогі ў жыхароў Астраўца.
Выклікала спрэчкі і прапанова лічыць існуючую вуліцу, што ідзе ад перасячэння Фізкультурнай з Прамысловай, працягам вуліцы Фізкультурнай – некаторыя лічаць, што гэтаму ўчастку трэба даць новую назву. Цікава было б даведацца на гэты конт меркаванне жыхароў самой вуліцы.
Лагічна патрабуе новай назвы і вуліца, што ідзе ад Ленінскай уздоўж міліцыі да вёскі Бараноўка.
Такім чынам, толькі ў існуючай частцы Астраўца патрабуюць новых назваў шэсць вуліц. А яшчэ ж будзе фарміравацца новы мікрараён – і там таксама давядзецца даваць новыя назвы. І жыхары раёна, якія часта выказваюць незадавальненне існуючымі, могуць прыняць непасрэдны ўдзел у гэтым працэсе. Зрабіць гэта вельмі проста: даслаць на адрас аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама (вул, Набярэжная, 2) ці ў рэдакцыю свае прапановы – з абавязковым абгрунтаваннем, чаму, на ваш погляд, вуліца павінна насіць тую ці іншую назву. 



Прагаласаваць за назвы вуліц вы можаце на нашым сайце ostrovets.by у раздзеле "Апытанні".

А выказаць свае прапановы з гэтай нагоды, абгрунтаванне той ці іншай назвы, а таксама іншыя назвы, якія не ўвайшлі ў спіс для галасавання, можна пакідаць у раздзеле “Кантакты”)

Ніна АЛЯКСЕЕВА.