Гордость за страну испытали депутаты Островецкого райсовета и сотрудники райисполкома, посетив Музей современной белорусской государственности и Дворец Независимости

08:00 / 21.09.2017
1

Вялікая група прадстаўнікоў органаў мясцовай улады Астравеччыны – дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, члены раённага выканаўчага камітэта і работнікі яго апарата, кіраўнікі і супрацоўнікі сельвыканкамаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна -- на мінулым тыдні пабывалі ў Музеі  сучаснай беларускай дзяржаўнасці і ў Палацы Незалежнасці.

…Пазней, калі ўжо вярталіся дамоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук выказала бадай што агульную думку ўсіх удзельнікаў гэтай надзвычай насычанай экскурсіі:

--Галоўнае пачуццё, якое перапаўняе зараз душу, -- гонар за сваю Айчыну і яе Прэзідэнта.

І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Вельмі добра, што экскурсія ў сталіцу пачалася з Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Сучаснай – бо беларуская дзяржаўнасць адлічвае сваю гісторыю з часоў Вялікага княства Літоўскага. А навейшая гісторыя – з 1990 года, прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь. І многія са старэйшых  удзельнікаў экскурсіі памятаюць не толькі пустыя паліцы магазінаў – іх, на жаль, у музеі не выставіш, а і тыя папяровыя купоны, якімі разлічваліся ў крамах, візітныя картачкі пакупніка – асобна на мужчынскі, жаночы і дзіцячы асартымент, у адпаведнасці з якімі можна было купіць толькі вызначаную колькасць мужчынскіх шкарпэтак ці жаночых калготак – вядома, пры ўмове, што іх у нейкім магазіне “выкінуць у продаж”. Маладзейшым калегам бачыць гэтыя экспанаты і слухаць сваіх старэйшых калег было дзікавата: няўжо ўсё гэта “мела месца быць”?

b2.jpg

І ад гэтых самых першых крокаў гісторыі беларускай дзяржаўнасці, праз першыя прэзідэнцкія выбары, развал і разруху, наша дзяржава прыйшла да сённяшніх дасягненняў: выпуску самай сучаснай тэхнікі, запуску свайго касмічнага апарата, высокатэхналагічных прарываў у медыцыне і іншых галінах. Асабістыя рэчы касманаўта Алега Навіцкага і беларускі дзяржаўны сцяг, які ён браў з сабой у космас і віншаваў з ім беларускі народ з галоўнымі святамі; ракеткі, з якімі тэнісістка Вікторыя Азаранка дабілася звання першай ракеткі свету; касцюм, у якім заваявала свой першы медаль біятланістка Дар’я Домрачава; беларускія рапс і пшаніца, футры і нафта, эксклюзіўныя прыборы і тэхналогіі – пераходзячы з адной залы ў другую, астраўчане перапаўняліся пачуццём гонару за сваю краіну.

b1.jpg

Але самыя моцныя ўражанні ўсіх чакалі ў Палацы Незалежнасці, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Усе, каму даводзілася бываць на праспекце Пераможцаў у сталіцы, звярталі ўвагу на гэты масіўны “кубік” са шкла і бетону. Некаторым пашчасціла пабываць тут на цырымоніі ўзнагароджання, падчас прызначэння на адказныя пасады, ці, як мне аднойчы, падчас прэс-канферэнцый Прэзідэнта. Але ўбачыць Палац Незалежнасці ва ўсёй яго красе і велічы, напэўна, можна толькі падчас такіх вось экскурсій, якія праводзяцца па папярэдніх заяўках.

 Так сталася, што наша краіна не можа пахваліцца старажытнымі замкамі і палацамі – нават тыя, што засталіся ад колішніх магнатаў, не вытрымалі выпрабавання часам, войнамі, вандаламі. Але сучасны Палац Незалежнасці ў Мінску, пабудаваны ўсяго за 30 месяцаў замест запланаваных 57, можа паспаборнічаць з многімі сваімі шматвекавымі сабратамі, раскіданымі па свеце – у адначасовай сціпласці знешніх форм -- і велічы ўнутранага ўбранства, нацыянальнай самабытнасці, якой прасякнута ўся прастора, ад лесвіц да шматлікіх залаў і калідораў – і высокамастацкай адметнасці кожнага з іх, высокай тэхналагічнасці абсталявання – і гістарычнай і нацыянальнай самабытнасці.  Калі праходзіш па залах, дзе адбываліся гістарычныя перамовы нармандскай чацвёркі па украінскім пытанні; наспная прэс-канферэнцыя; калі чуеш, што “слуцкую залу асабліва любіць Уладзімір Пуцін”, а сціплую вытанчанасць залы для перамоў па вартасці ацаніла Ангела Меркель; уяўляеш, якой важнасці перамовы праходзяць у кожнай са шматлікіх залаў; узгадваеш па тэлевізійнай карцінцы з навагоднім зваротам Кіраўніка дзяржавы да беларускага народа утульны адасоблены куточак; любуешся прыгажосцю і веліччу сімвалічных кампазіцый Нёмана і Прыпяці ў зімнім садзе;  разглядваеш гістарычныя фотаздымкі – сярод якіх, дарэчы, і фота з закладкай капсулы з пасланнем нашчадкам на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС; ацэньваеш глыбокі сімвалізм падарункаў, зробленых Прэзідэнту падчас яго афіцыйных візітаў у іншыя краіны, -- адчуваеш не толькі эстэтычнае захапленне, не толькі хвалюючае пачуццё прыдачынення да сучаснасці і гісторыі сваёй краіны, але і той самы гонар за сваю Айчыну, пра які гаварыла Ірына Эдуардаўна Тальчук.

 Практычна ўсё ў Палацы Незалежнасці зроблена рукамі беларусаў і на беларускіх прадпрыемствах: мэбля – вытворчасці Пінскай, Бабруйскай, Маладзечанскай фабрык, незвычайнай прыгажосці люстры і бра “родам” з Лідскага прадпрыемства “Каскад”, дываны нараджаліся на камбінатах у Віцебску і Брэсце. Беларускай вытворчасці вогнеупорныя шумапаглынаючыя -- і пры гэтым лёгкія, як подых ветру, шторы; унікальны дах зімовага саду, які выконвае функцыю абагрэву – не кажучы ўжо пра высокамастацкае аздабленне беларускімі майстрамі больш як 60 асноўных залаў, а таксама шматлікіх фае, пераходаў, галерэй.

Ці патрэбны дзяржаве падобны Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці і  Палац Незалежнасці? Кожны з удзельнікаў той вандроўкі быў адназначны: так, трэба! Бо гэта – яркая наглядная дэманстрацыя таго шляху, які прайшла наша дзяржава і тых вынікаў, якіх яна дасягнула.

b3.jpg



Ніна РЫБІК


 

 

Текст: Нина Рыбик