Астравецкія каратысты прынялі ўдзел у спаборніцтвах, якія праходзілі ў Лідзе

10:38 / 08.12.2011

З добрым настроем, пазітыўнымі эмоцыямі і новым вопытам вярнуліся юныя астравецкія каратысты са спаборніцтваў па кёкусінкай каратэ, якія праходзілі ў Лідзе.


На гэты раз каратысты паехалі зборнай камандай – акрамя пяці астраўчан, у яе ўвайшлі чацвёра рабят з Ашмян – усе яны займаюцца ў трэнера па каратэ Дзмітрыя Куцько. Большасць з іх упершыню ўдзельнічалі ў выязных спаборніцтвах. Таму не дзіўна, што хапала і хваляванняў, і перажыванняў перад выхадам на бой.
Акрамя зборнай з Астраўца і Ашмян, у спаборніцтвах удзельнічалі дзве каманды з горада Ліды і адна – з Лідскага раёна.
У выніку астраўчане прывезлі дадому два медалі. Адзінаццацігадовы Філіп Масальскі, які выступаў упершыню, нягледзячы на гэта, цудоўна правёў баі, прадэманстраваў добрую тэхніку, сілу духу і заняў першае месца. А Ігар Азевіч – дарэчы, адзіны з астраўчан, які выступаў не ўпершыню – стаў бронзавым прызёрам спаборніцтва.
Дзевяцігадовыя Данііл Махневіч і Мікіта Гайдановіч правялі па аднаму бою. І хоць скончылі яны не на іх карысць, рабяты атрымалі першы вопыт і ўражанні, а таксама магчымасць зразумець і выправіць у далейшым свае памылкі.
Самага старэйшага ўдзельніка з Астраўца Максіма Буйко (13 гадоў) жараб’ёўка звяла з вопытным сапернікам з Лідскай каманды, які з’яўляецца ўдзельнікам еўрапейскіх спаборніцтваў. Тым не менш, як адзначыў трэнер, Максім правёў роўны дастойны бой.
–Я задаволены выступленнямі рабят, – пракаменціраваў спаборніцтвы Дзмітрый Куцько. –Гэта быў своеасаблівы адпраўны пункт для пачынаючых. Для іх – першы вопыт і ўражанні. Для мяне – вынік работы, выяўленне недахопаў і памылак і бачанне, над чым працаваць далей. Галоўнае, што рабятам спадабалася і дадому яны вярталіся з добрымі эмоцыямі.


Марына МАЦКЕВІЧ.