11 снежня астравецкі "Меліяратар" згуляе з воранаўскім "Камунальнікам"

14:30 / 07.12.2011

З 26 лістапада распачаўся чэмпіянат Гродзенскай вобласці па міні-футболу. Сярод іншых каманд паспрабаваць свае сілы і ўдачу вырашыла і зборная Астравецкага раёна “Меліяратар”.


Усе ўдзельнікі чэмпіянату падзелены на дзве групы – “Поўдзень” і “Поўнач”. Лагічна, што астравецкая каманда знаходзіцца ў апошняй. Сапернікамі па групе з’яўляюцца футбольны клуб “Ліда”, смаргонская “Вілія”, “Надзея” з Іўя, “Камунальнік” (Воранава) і “Вікінгі” з Навагрудка.
У першым туры, які праходзіў у Гервяцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе, адбыўся матч, дзе “Меліяратар” гуляў з “Лідай”. Спачатку гульня складвалася для астраўчан вельмі ўдала і на перапынак яны пайшлі з лікам 6:3 на сваю карысць. У другім тайме гульня стала больш напружанай, вострыя моманты ўзнікалі ля варот абедзвюх каманд і час ад часу варатары даставалі мячы з сеткі. У выніку напрыканцы матча лік на табло быў нічыйным – 8:8. Аднак на апошняй хвіліне лідчане забілі крыўдны для астраўчан і пераможны для сябе гол – 9:8.
Акрамя гэтага, прайшлі яшчэ два матчы, дзе “Вілія” “разграміла” “Надзею” 13:2, а “Камунальнік” абыграў “Вікінгаў” 12:7.
А ў мінулыя выхадныя адбыўся другі тур чэмпіянату. На гэты раз зноў жа ў Гервятах “Меліяратар” сустракаўся з “Надзеяй”. Гульня ў астраўчан спачатку “не пайшла”. Ужо на 10 хвіліне яны прайгравалі сапернікам 0:2. Гэта падштурхнула нашых ігракоў да больш рашучых дзеянняў – і праз пяць хвілін яны зраўнялі лік. Да канца першага тайма абедзве каманды забілі яшчэ па мячу і на перапынак пайшлі з нічыйным лікам 3:3.
У другім тайме астраўчане нібы прачнуліся: пачалі больш актыўна атакаваць, гульня стала напружанай, жывой і відовішчнай. Сапернікі таксама не саступалі, і вострыя моманты ўзнікалі як ля адных, так і ля другіх варот. Інтрыга захоўвалася амаль да завяршэння, бо за сем мінут да фіналу лік заставаўся нічыйным 7:7. Але ігракі “Меліяратара” за гэты час здолелі забіць яшчэ два галы – і матч скончыўся 9:7 на іх карысць.
У гэты ж час смаргонская “Вілія” выйграла ў навагрудскіх “Вікінгаў” 10:3, а “Ліда” саступіла “Камунальніку” з Воранава 2:7.
А ў гэтую нядзелю, 11 снежня, у 12.00 у Гервяцкім ФАК адбудзецца чарговы матч чэмпіянату, дзе астравецкі “Меліяратар” згуляе з воранаўскім “Камунальнікам”. Усе жадаючыя аматары футбола змогуць падтрымаць і пахварэць за сваю каманду.


Марына МАЦКЕВІЧ.