Пани аптекарша из Кемелишек

18:30 / 12.11.2012
2

Звычайна ў аптэку ідуць за лякарствамі. А ў Кямелішкаўскую – яшчэ і за добрым настроем. Таму што яе гаспадыня, Ніна Іванаўна Якубоўская, – чалавек асаблівы, з пароды так званых “светлых”: яе ўсмешка і шчырая спагада часам уздзейнічаюць на хворага мацней за лекі. Прынамсі, так сцвярджаюць пастаянныя пакупнікі старэйшага ўзросту…


–Гэта я сёння ўсміхаюся, – гаворыць Ніна Іванаўна. – А трыццаць тры гады назад, калі пасля заканчэння Магілёўскага медыцынскага фармакалагічнага каледжа па размеркаванні прыехала ў Кямелішкі і на дзвярах абшарпанага будынка аптэкі ўбачыла вялізны “амбарны” замок, мне было не да смеху. А зайшла ўнутр – наогул заплакала: аптэка больш як паўгода не працавала, у яе памяшканні панавала запусценне. Але слязьмі гору не паможаш – выцерла вочы і стала шукаць вядро ды швабру…
Давёўшы да бляску аконныя шыбы і вітрыну, выдраіўшы сцены і падлогу, Ніна стала разбіраць лякарствы: пратэрмінаваныя – спісаць, нармальныя – на прылавак. Потым склала заяўку на папаўненне асартыменту прэпаратаў і перадала яе ў цэнтральную аптэку па тэлефоне – лекі даставілі назаўтра. Ніна расставіла новы тавар па паліцах, адышлася, паглядзела – крыху падраўняла шарэнгу бутэлечак, падправіла прычоску і адкрыла аптэку…
–Казус здарыўся ў першы ж дзень, – смяецца Ніна Іванаўна. – Уявіце сабе: першая ж пакупніца, жанчына немаладога ўзросту, звярнулася да мяне літаральна так: “Ёдына, прошэн пані, і энэмка, але тылько жэбы была малютка”. Ад нечаканасці я страціла мову – па-польску ж ні бум-бум. Потым пачала думаць: “ёдына” – хутчэй за ўсё ёд. Падаю бутэлечку ёду – пакупніца задаволена ківае галавой і дадае: “І ешчэ энэмка, але не велька”. Спачатку я прапаноўвала ёй па чарзе ўсе прэпараты, назва якіх пачыналася з літары “э”, потым – з “а”… Нарэшце раскрыла паліцы – паказвайце самі, што трэба. “Ото ж она!” – жанчына тыцнула пальцам у бок звычайнай гумовай грэлкі…
У той жа вечар Ніна пачала вучыць польскую мову. Хоць заставацца надоўга ў Кямелішках яна не збіралася – адпрацуе абавязковыя тры гады і “прошэн пані” вернецца дадому ў Навагрудак. А пакуль працу можна спалучыць з паглыбленнем ведаў – дзяўчына паступіла на завочнае аддзяленне фармакалагічнага факультэта Віцебскага медінстытута.
– Фармацэўт проста абавязаны заўсёды вучыцца, – лічыць Ніна Іванаўна. – Асабліва на вёсцы, дзе людзі звяртаюцца да яго з просьбамі кшталту “дайце што-небудзь ад болю галавы” або “дапамажыце – нешта ў страўніку круціць”… У Кямелішках ёсць цудоўная амбулаторыя, у якой прыём вядзе вопытны ўрач Валянціна Францаўна Пятроўская, з якой мы, дарэчы, супрацоўнічаем вельмі плённа, але часам (і часта) людзям прасцей забегчы ў аптэку, чым схадзіць да доктара. Да доктара ж трэба рыхтавацца і маральна, і фізічна, а ў аптэку – дастаткова накінуць паліто на плечы.
…Роўна праз тры гады, калі нарэшце наблізіўся доўгачаканы момант вяртання дадому, Ніна Іванаўна выйшла замуж за Уладзіміра Амаравіча Якубоўскага, настаўніка фізкультуры мясцовай школы, і Кямелішкі сталі для яе роднымі.
Дзеці – дачка Наталля і сын Андрэй – выраслі. І ўжо іх дзеці кожнае лета прыязджаюць у госці да дзядулі з бабуляй. Шмат вады сцякло, процьма падзей здарылася. Мяняюцца людзі, абставіны, вынаходзяцца новыя, больш эфектыўныя прэпараты… І толькі ўсмешка Ніны Іванаўны застаецца ўсё такой жа светлай і шчырай. Цудадзейнай. Менавіта таму, напэўна, жыхары Кямелішак прыходзяць у сваю аптэку не толькі за прэпаратамі, але і за аптымізмам.


--------------------
Ганна ЧАКУР.