Журналисты Гродненской области стали участниками семинара, посвящённого демографической ситуации

11:13 / 09.11.2016
get_imgУпершыню за апошнія дваццаць гадоў у Беларусі зафіксаваны натуральны прырост насельніцтва – менавіта з гэтай станоўчай навіны напрыканцы мінулага тыдня пачаўся адвакатыўны семінар для журналістаў Гродзеншчыны па праграме  “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека ў Рэспубліцы Беларусь”. У якасці экспертаў выступілі прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, статыстычнага камітэта і ўпраўлення па грамадзянству і міграцыі.

За апошнія дзесяцігоддзі сямейныя адносіны моцна змяніліся. Сям’я 1950 гадоў, дзе мужчына быў кармільцам, а жанчына – хатняй гаспадыняй, вельмі адрозніваецца ад сучаснай. Старэнне насельніцтва, нараджэнне аднаго-двух дзяцей, значнае павышэнне рэпрадуктыўнага ўзросту і іншыя фактары прывялі да таго, што дзяржава стала надаваць значную ўвагу дэмаграфічнай сітуацыі.

Пра развіццё сістэмы падтрымкі сямей, якія выхоўваюць дзяцей, расказала намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны  Марына Арцёменка.

Перад прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі Гродзеншчыны таксама выступілі намеснік начальніка упраўлення па грамадзянству і міграцыі Аляксандр Надзейка і начальнік упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак, які расказаў пра перадавы вопыт работ і інавацыйныя праекты. Адзін з такіх –скрынінг раку малочнай залозы ў жанчын “групы рызыкі”  ва ўстановах аховы здароўя Гродзеншчыны. Начальнік упраўлення дэмаграфічнай статыстыкі нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь Таццяна Бабур пазнаёміла журналістаў з афіцыйнымі крыніцамі дэмаграфічных дадзеных.

Другая частка семінара прайшла ў форме дыскусіі, падчас якой журналісты задавалі пытанні экспертам.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, кіраўнік праекта “Падтрымка рэалізацыі нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь” Марыяна Сакалова адзначыла, што тэма дэмаграфіі патрабуе ўдумлівых адносін з боку журналістаў і для таго, каб яе раскрыць, патрэбна паглыбляцца ў праблему і быць карэктнымі і прафесійнымі.

Лічбы і факты

* На сённяшні дзень насельніцтва Беларусі складае 9 505 163 чалавекі.

* Штогод развод бацькоў перажывае 25 тысяч дзяцей.

* Гендарны разрыў паміж працягласцю жыцця мужчын і жанчын складае 10 гадоў.

* На фінансавання разнастайных сацыяльных дапамог і выплат затрачваецца 2 працэнты ўнутранага валавага прадукту.

Алена ГАНУЛІЧ.


 
Текст: