Справа аб нецвярозым квартэце

08:21 / 12.03.2011

На выязных судовых пасяджэннях, дзе вырашаўся лёс людзей, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, я бывала неаднойчы. Здаецца, працэдура заўсёды аднолькавая – зачытванне абвінавачвання, пытанні суддзі і пракурора, словы падсуднага і вынясенне прыгавору. І тым не менш кожны раз усё пакідае неадназначныя адчуванні і роздумы над убачаным.


Пасяджэнне праходзіла ў актавай зале лясгаса, дзе, акрамя асноўных персон, прысутнічалі і работнікі розных арганізацый. На першым радзе сядзелі абвінавачваемыя – на гэты раз іх сабралася чацвёра. Як высветлілася пазней, рознага ўзросту, але з аднолькавай праблемай. Першым аказаўся жыхар вёскі Падольцы 1959 года нараджэння, які працуе паляводам у мясцовым саўгасе. Судовы разбор з ім аказаўся надзіва хуткім і без пярэчанняў: “Вінаваты?” “Вінаваты!” – і ўся размова. Здзівіла, што мужчына ўжо тры разы быў у лячэбна-працоўным прафілакторыі. Адбываў свой тэрмін, прыходзіў дадому – і зноў “зрываўся” і каціўся ўніз. Жыве са сваёй старэнькай маці, якой нярэдка дастаецца ад нецвярозага сына. На пытанне суддзі і памочніка пракурора, чаму гэта паўтараецца ўжо каторы раз, адказваў толькі адно: сам вінаваты, але нічога з сабой зрабіць не магу. І, на жаль, няма гарантыі, што яму дапаможа чацвёрты раз.
Чарговы абвінавачваемы – малады хлопец 1986 года нараджэння – на самой справе выглядае  нашмат старэйшым. Як паведаміў пасля ўчастковы інспектар, раней хлопец жыў са сваім бацькам, з якім  разам і выпівалі. Бацька памёр, а сын і далей працягваў “сябраваць” з “беленькай”. Яго дом хутка ператварыўся ў сапраўдны прытон. На працы хлопец  нідзе доўга не затрымліваўся. І часцей за ўсё знаходзіўся ў статусе непрацуючага. У ЛПП ні разу не быў – не паспеў яшчэ – таму ўсё спадзяванне зараз на тое, што пасля лячэння малады чалавек асэнсуе сваё жыццё і кардынальна зменіць яго.
А вось трэцяя справа адрознівалася ад папярэдніх. Не, асноўным вінаватым тут таксама быў алкаголь, дакладней, злоўжыванне ім. Адрозніваўся ад сваіх таварышаў па лаўцы падсудных сам абвінавачваемы. І хоць факты са справы ён не аспрэчваў і, па сутнасці, быў згодны з прымяненнем адпаведных мер, аднак у яго голасе чувалася непакора, недавер і прыхаваная насмешка над усім, што адбывалася. На рахунку мужчыны – дзве судзімасці, адна з іх – за забойства. Быў жанаты, але зараз з жонкай не жыве. Перыядычна ўладкоўваўся на працу, адкуль яго праз некаторы час выганялі з-за п’янак. Абяцаў “завязаць”, але гісторыя паўтаралася зноў і зноў. Толькі мужчына не верыць, што яго вылечаць у ЛПП: “Пакуль сам не захочаш кінуць, ніхто цябе не прымусіць. Шкада – пару гадоў да пенсіі засталося. Тады б, можа, і пажыў…”
Апошні падсудны – жыхар Астраўца 1972 года нараджэння, да судовага пасяджэння загадзя падрыхтаваўся, бо прынёс даведкі, што ўладкаваўся на працу і прайшоў кадзіроўку. Ды і добраахвотна ехаць у лячэбна-працоўны прафілакторый ён не згаджаўся. “Ведаю, што вінаваты, але больш такога не здарыцца. Вельмі хачу жыць і працаваць на волі”, – паўтараў мужчына. Характарыстыка мясцовага ўчастковага інспектара таксама была адпаведнай: “Быццам бы становіцца на правільны шлях…”
У выніку прыгаворам суда Астравецкага раёна трое першых падсудных будуць у бліжэйшы час накіраваны на прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый тэрмінам на адзін год. Апошняму пакуль далі шанс. У такіх выпадках заўсёды хочацца верыць у лепшае. Ці будзе яно, пакажа час.


Марына МАЦКЕВІЧ.