Дазвол на часовае пражыванне

08:23 / 12.03.2011

Закон “Аб прававым палажэнні замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь”, які ўступіў у сілу 4 студзеня мінулага года №105-3, вызначыў умовы выдачы замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства дазволу на часовае пражыванне ў Беларусі.



За мінулы год за атрыманнем такога дазволу ў групу грамадзянства і міграцыі звярнуліся 281 грамадзянін. З іх 241 – грамадзянін Літоўскай Рэспублікі, 23 – Расіі, 13 – Польшчы, 3 – Украіны і адзін грамадзянін Азербайджана.

Нагадваем яшчэ раз, што дазвол на часовае пражыванне выдаецца замежным грамадзянам, на тэрмін прабывання не больш чым адзін год, калі яны:
- прыехалі ў Беларусь для навучання;
- з’яўляюцца мужам, жонкай ці блізкімі грамадзян Беларусі або замежнікаў, якія пастаянна тут пражываюць;
- прыехалі, каб займацца, ці ўжо займаюцца працоўнай, прадпрымальніцкай ці іншай дзейнасцю ў парадку, устаноўленым заканадаўствам;
- у адносінах да  якіх устаноўлена апякунства грамадзянамі Беларусі, а таксама замежнымі грамадзянамі, якія тут пастаянна пражываюць;
- з’яўляюцца этнічнымі беларусамі ці іх кроўнымі роднымі па прамой лініі: дзецьмі, унукамі, праўнукамі, якія нарадзіліся за межамі Беларусі;
- раней было грамадзянства Рэспублікі Беларусь;
- ёсць права ўласнасці на жылое памяшканне, якое тут знаходзіцца;
- прадастаўлены статус бежанца ў Беларусь;
- атрымліваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах у арганізацыях аховы здароўя Беларусі;
- на іншых асновах, якія прадугледжаны заканадаўствам нашай краіны.
Замежныя грамадзяне, якія часова пражываюць у Беларусі, абавязаны пражываць толькі ў тым месцы, на якое ім выдадзены дазвол. Калі яны вырашылі яго змяніць абавязкова трэба на працягу пяці сутак, за выключэннем выхадных дзён і афіцыяльных святаў, звярнуцца ў орган унутраных спраў на новым месцы часовага пражывання для ўнясення змяненняў у дазвол.
Часова пражываючы ў Беларусі грамадзянін абавязаны выехаць адразу, калі закончыўся тэрмін дзеяння дазволу на часовае пражыванне, калі ён не атрымаў новы дазвол на часовае прабыванне або ўжо дазвол на пастаяннае жыхарства ў Беларусі.


Н. АНІМУЦКАЯ, старшы інспектар групы грамадзянства і міграцыі.