Владимир Богданович: "Мне приятно, что моя работа отмечена"

10:00 / 20.01.2015
Для ўласнага і прафесійнага развіцця псіхолагі раяць мяняць месца працы раз у пяць гадоў. Лічыцца, што за гэты тэрмін чалавек можа цалкам самарэалізавацца. Аднак гэтае папулярнае меркаванне заходніх вучоных абвяргае прыклад Уладзіміра Людвікавіча Багдановіча, які на працягу дваццаці пяці гадоў працуе машыністам кампрэсарных установак у Астравецкай сельгастэхніцы. І яскравым пацвярджэннем таму з’яўляецца тое, што партрэт мужчыны неаднаразова знаходзіўся на Дошцы гонару прадпрыемства, а ў 2014 годзе быў занесены і на раённую Дошку гонару.

Відаць, прывучаныя да фізічнай працы з дзяцінства людзі і ў далейшым жыцці менш часу трацяць на словы, больш – на справы. Так і Уладзімір Людвікавіч адносіцца да катэгорыі людзей нешматслоўных, але шматспраўных. Ён з’яўляецца прыкладам для маладых і яшчэ “неапёраных” работнікаў сельгастэхнікі. Але нічога звышнатуральнага ў сваёй сціплай асобе мужчына не бачыць: такі, як і ўсе. Аднак на раённай Дошцы гонару знаходзяцца толькі 20 партрэтаў. Пагэтаму сакрэты прафесійнай паспяховасці мы раскрывалі разам з Уладзімірам Людвікавічам Багдановічам.


– За вашымі плячамі дваццаць пяць гадоў працоўнага стажу на адным прадпрыемстве. Няўжо ніводнага разу ў жыцці не хацелася змяніць месца працы?

– Мне здаецца, што ў кожнага чалавека час ад часу ўзнікаюць думкі нешта змяніць не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці. І гэта нармальна…

Пасля восьмага класа Гудагайскай школы я пастапіў у вучылішча. Потым дзесьці каля года працаваў трактарыстам у калгасе “Шлях Леніна”. Затым мяне забралі ў армію ў горад Рыбінск Яраслаўскай вобласці, дзе два гады адслужыў у ракетных войсках. Заставацца на чужбіне не было ніякага жадання, пагэтаму пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў калгас. Праз некаторы час змяніў месца працы: з 1990 года “прапісаны” ў Астравецкай сельгастэхніцы – лічы, ужо 25 гадоў.

– Раскажыце пра адзін працоўны дзень з жыцця машыніста кампрэсарных установак.

– Графік работы ў мяне звычайны: працуем з 8 да 17 гадзін з перапынкам на абед. Што ўваходзіць у мае абавязкі? Калі казаць проста, то мы займаемся выгрузкай даламіту ці іншых угнаенняў, што прыходзяць да нас па чыгунцы. І гэты працэс адбываецца згодна з усімі тэхнічнымі патрабаваннямі. На словах складана растлумачыць, лепш убачыць на свае вочы. Я ўжо прывык да сваёй работы.

– Кажуць, што звычка – гэтая другая натура. Дык вы працаголік?

– Чалавек як чалавек… Лічу, што працаваць трэба сумленна: стаіць перад табой пэўная задача – дык трэба рабіць, а не траціць час. Але не работай адзінай… У мяне цудоўная сям’я. Жонка, дарэчы, таксама працуе ў сельгастэхніцы.

– Што вы адчулі, калі даведаліся, што ваш партрэт занесены на раённую Дошку гонару?

– Складана перадаць свае пачуцці. Радзіма загадала працаваць, вось я і працую (усміхаецца. – заўв. аўт.). Мне, канешне, прыемна, што мая работа адзначана такім чынам, але паўтаруся: я самы звычайны чалавек і работнік.

– А якімі прынцыпамі па жыцці кіруецца самы звычайны чалавек і работнік?

– З усімі трэба жыць у згодзе і ладзе, таму што ўсе мы – людзі. Галоўнае, каб дзеці і блізкія былі здаровымі, а астатняе ў любым выпадку дадасца.

– Дзякуй вам за размову! Працоўных поспехаў і надалей.


-------------------------------------------

Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.