Материнская любовь не знает границ

16:00 / 18.11.2014
Чарговай гераіняй нашага праекта, прысвечанага жанчынам, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці, стала Галіна Станіславаўна Бініцэвіч – шматдзетная маці з Тракеляў. Гэтую дзяржаўную ўзнагароду жанчына атрымала ў 2006 годзе за выхаванне пяцярых дзяцей.


На вуліцы восень, а дзверы дома сям’і Бініцэвіч з Тракеляў заўсёды гасцінна адчынены: бацькі чакаюць дзяцей, якіх у сям’і – пяцёра. А калі палічыць нявестак, зяцёў і ўнукаў, то сям’я збярэцца вялікая.

Сёння Галіна Станіславаўна Бініцэвіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але, як і раней, яна ў пастаянным клопаце – з маладосці не ўмее сядзець склаўшы рукі.

– Мая сям’я была невялікай: старэйшы брат і я. Але мы з дзяцінства былі прывучаны да працы, – успамінае Галіна Станіславаўна. – Пагэтаму і я прывучала працаваць і сваіх дзяцей – уласным прыкладам і прыкладам людзей, якія жылі побач.

Галіна Станіславаўна дастае фотаальбом – і пачынаюцца ўспаміны...

Са сваім мужам яна пазнаёмілася на танцах. Дзяўчаты з Кісялёва – невялікай вёсачкі на Ашмяншчыне – на танцы хадзілі на станцыю Ашмяны. Юнакі з Тракеляў таксама ездзілі на станцыю – усё ж бліжэй, чым Астравец.

Менавіта тут і звёў лёс маладых Галю і Казіка.

– Ён неяк адразу прыцягнуў да сябе ўвагу. Акуратны: на штанах “стрэлкі” – муха разаб’ецца, туфлі аж блішчаць. І спакойны – не піў, не курыў. Словам, лепшага не знайсці. На мой погляд, раней моладзь была іншая, не такая, як цяпер, – больш сціплая ці што? І не сустракаліся мы доўга: у лістападзе пазнаёміліся, у красавіку заяву ў загс падалі, у чэрвені вяселле згулялі, – усміхаецца Галіна Станіславаўна. – Шчыра кажучы, мая маці Казіка раней упадабала, чым я. І часта мне гаварыла: “Ён будзе добрым мужам і бацькам для дзяцей”. Ды і муж цешчу маці заўсёды лічыў лепшым сябрам.

Ім здаецца, што гэта было нядаўна – але ў наступным годзе сям’я Бініцэвіч адзначыць 35 гадоў сумеснага жыцця. За гэты час шмат вады сцякло – нязменным засталося толькі тое, што муж і жонка, як і раней, жывуць душа ў душу.

– У нашым жыцці было ўсяго, але дзякуй Богу, што яно было менавіта такім, – гаворыць Галіна Станіславаўна.

А тады, у далёкім 1980 годзе, адразу ж пасля вяселля маладая сям’я пасялілася ў доме мужа.

– Казік – са шматдзетнай сям’і. Яго маці нарадзіла і выхавала васьмёра дзяцей. Казік – малодшы. Ды толькі гэта зусім не азначала, што ён быў распешчаны. Наадварот, працавітым рос. Усё ўмее зрабіць сваімі рукамі, – расказвае Галіна Станіславаўна. – І свякроўка мая была добрай жанчынай. Па праўдзе кажучы, называць яе свякрухай язык не паварочваецца. Яна для мяне – другая маці, якая заўсёды магла даць параду і дапамагчы.

Але ў доме Бініцэвічаў жыло некалькі сем’яў – а маладым так хацелася мець сваё жыллё. І ў яго пошуках Галя і Казік накіраваліся спачатку ў Астравец, потым нейкі час жылі ў маці Галіны, а затым, нарэшце, прыдбалі свой дом – менавіта ў ім сёння і збіраецца вялікая сям’я Бініцэвічаў.

Першым у сям’і нарадзіўся сынок Саша, а праз год, якраз на 8 сакавіка – яшчэ адзін сын, якога назвалі Славік. Але маме хацелася дачку – і таму Бініцэвічы рашыліся на яшчэ адно дзіця. Але зноў нарадзіўся хлопчык – Паша.

– У маладосці я ніколі не задумвалася, колькі ў мяне будзе дзяцей. Колькі Бог даваў – столькі і ёсць. Чацвёртай нарадзілася Оля. А ёй жа трэба сястрычка, падумалі мы – і нарадзілі Лену. Сёння я не магу ўявіць свайго жыцця без кагосьці з іх, – расказвае Галіна Станіславаўна. – Дзеці ў нас павырасталі добрыя – тэлефануюць і прыязджаюць часта. Не даюць нам засумаваць. А што галоўнае – яны любяць адзін аднаго. І пра нас не забываюць. І гэта для бацькоў – галоўнае шчасце. – Славік дамоў прыязджае не вельмі часта – жыве ў Светлагорску, працуе ў міліцыі. Затое на ўсё лета яны прывозяць мне ўнучку Вераніку І тады жыццё поўніцца новымі сіламі. У нас ужо чатыры ўнукі: Вераніка, двое дзетак, Дзяніс і Віка, – у старэйшага сына, і ў Пашы ўжо ёсць сынок Жэнька. Таму мы не толькі шматдзетныя бацькі, але і шматдзетныя бабуля і дзядуля, – з усмешкай працягвае Галіна Станіславаўна.

Тое, што радасць жыцця заключаецца ў зусім простых рэчах: утульным доме, дзецях, сям’і, – пачынаеш разумець у сталым узросце. Так і для Галіны Станіславаўны найвялікшай радасцю і шчасцем былі і застаюцца дзеці і іх поспехі.

– Гэта Лена ў школу пайшла… А гэта – вяселле Олі… А вось гэта Пашу ў армію адпраўляем, – гартае старонкі альбома маці – і ўсміхаецца, нібы зноў перажывае самыя важныя моманты ў жыцці сваіх дзяцей.

Прывычка пастаянна быць у руху, клапаціцца пра дзяцей і мужа – у яе на першым месцы. Як і раней, у яе руках спорыцца любая работа. Дом і двор патанаюць у кветках, паліцы поўняцца слоікамі з рознымі прысмакамі-варэннямі-саленнямі, а ў думках ужо раяцца новыя ідэі: што яшчэ трэба зрабіць-перарабіць.

– Маці як у ваду глядзела: мой Казік аказаўся сапраўдным мужчынам. І з дзецьмі дапамагаў. Калі яны былі малыя, ноч у нас была падзелена напалову: спачатку я глядзела, затым – Казік. Спавіваць дзяцей умеў лепш за мяне, – расказвае Галіна Станіславаўна. – Ды і сёння ён – самая надзейная апора ў маім жыцці. Я часта дзецям гавару: “Калі б вы пражылі такое жыццё, як мы з бацькам, то я б была самай шчаслівай маці на свеце”.

Сёння ў бацькоўскім доме вялікая сям’я Бініцэвічаў збіраецца толькі на выхадныя і ў святы. І тады дом напаўняецца шчасцем і радасцю, вясёлымі галасамі, дабрынёй і любоўю – і, здаецца, муж і жонка Бініцэвічы зноў вяртаюцца ў гады, калі дзеці былі малымі і, вярнуўшыся са школы, расказвалі бацькам пра пражыты дзень.

– Самы вялікі падарунак нам дзеці зрабілі ў мінулым годзе – падарылі плакат “Наша сям’я”, – дэманструе Галіна Станіславаўна вялікі фотакалаж з сямейнымі фотаздымкамі, на якіх адлюстраваны самыя розныя моманты з жыцця, і прыгожым вершам, прысвечаным іх дружнай сям’і.

Галіну Станіславаўну я бачыла ўпершыню. Але размаўляла з гэтай жанчынай – і сэрца поўнілася радасцю за яе, яе дзяцей і ўсю вялікую сям’ю. У такія моманты разумееш, што мацярынская любоў не мае межаў – яна, бы ліхтар, увесь час асвятляе жыццёвы шлях дзяцей.


---------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.

Фота аўтара і з архіва сям’і Бініцэвіч.