Дорога, железнодорожный вокзал и поезд стали значимой частью жизни Валентины Волонцевич

09:00 / 07.08.2013
Вакзалы злучаюць і разводзяць, бы піцерскія масты, людзей… Становяцца маўклівымі сведкамі спазненняў працягласцю ў адну хвіліну – часам лёсавызначальных. Ці наадварот, у сваім вагоне поезд “хавае” чалавека – і з кожным новым кіламетрам аддаляе яго ад месцаў, з якімі звязаныя асаблівыя ўспаміны… А ёсць людзі, для якіх дарога, чыгуначны вакзал і поезд – значная частка жыцця…

Валечка была самай малодшай, у сям'іакрамя яе ў бацькоў былі яшчэ дзве дачушкі і сынок. Кухарэвічы разам з іншымі больніцкімі дзецьмі хадзілі ў Варнянскую школу – смех, жарты і забаўкі ў дарозе прыносілі куды больш задавальнення, чым школьныя ўрокі.
Валечка добра вучылася, асабліва дзяўчынцы падабалася маляваць. І вельмі часта пасля ўрокаў бегла на гурток малявання. Спрабавала нават паступаць у сталічнае мастацкае вучылішча.
Гэта цяпер бацькі разам “паступаюць” са сваімі дзецьмі: праходзяць медыцынскія камісіі, суправаджаюць на ўступныя іспыты… Мама выправіла Валечку, учарашнюю васьмікласніцу, у Мінск – і дзяўчына, нягледзячы на вясковую сціпласць і сарамлівасць, знайшла ў сталіцы вучылішча. Але не здолела адшукаць там патрэбнай аўдыторыі. Расплакалася – і ўцякла з горада.
…Поезд набліжаў Валянціну да родных мясцін. Яна глядзела за акно на праплываючыя дрэвы, жоўтыя, бы пацалаваныя сонцам, палі, хаткі, якія за адно імгненне знікалі з далягляду. І злавіла сябе на думцы, што вось так бы ўсё жыццё – ехала і ехала... І паехала падаваць дакументы ў Даўгапілскі чыгуначны тэхнікум: на гэты раз не пабаялася выпраўляцца ў чужы свет і не спалохалася перспектывы рэдкіх сустрэч з родным домам.
Вучоба праляцела хуткакрылай ластаўкай, і ў 1971 годзе маладую чыгуначніцу чакала ўсесаюзнае размеркаванне. Маглі размеркаваць за тысячы кіламетраў ад дому, закінуць у самы далёкі куток неабсяжнага Савецкага Саюза, ад-нак Валянціне пашанцавала: яе чакала месца ў Вільнюскім дэпо. Значыць, можна будзе часта бачыцца з блізкімі. Разам сустракаць святы: дзяліцца аплаткай на Каляды, біцца на Вельканац яйкам…
Свае першыя працоўныя крокі Валянціна рабіла ў якасці правадніцы. І не сказаць, каб было лёгка ці так, як бачылася ў авеяных рамантызмам марах. Летам яшчэ нічога, а калі прыходзіла зіма, то не выпадала і хвілінкі, каб перавесці дух: трэба было паспець у час напаліць катлы, ацепліць вагоны…
Але Валянціне ўсё роўна падабалася яе работа. Ноччу, калі большасць пасажыраў спала, яна магла сабе дазволіць пасядзець у адзіноце. Вочы чапляліся за аднаногія ліхтары, а поезд набіраў хуткасць, і гэтыя бледныя плямкі зліваліся і ўтваралі суцэльную светлую паласу, быццам разразалі прастору на дзве часткі. Дзяўчына дзякавала Богу за тое, што некалі так і не змагла знайсці патрэбную аўдыторыю ў мастацкай вучэльні. Значыць, яе выбар – звязаць сваё жыццё з чыгункай – быў не выпадковым, а прадвызначаным.
Паміж рэйсамі ў далёкія гарады і наездамі дамоў Валянціна атрымлівала вышэйшую адукацыю ў Ленінградскім інстытуце чыгуначнага транспарту.
Валя сумленна працавала і заўжды добразычліва ставілася да людзей. Вядома, што ў рэйсе не заўсёды ўсё ішло гладка, аднак маладая правадніца спраўлялася са сваімі абавязкамі. Неўзабаве Валя стала выпраўляцца ў рэйсы ў якасці начальніка поезда.
“Вільнюс-Рыга”, “Вільнюс-Масква”, “Вільнюс-Кузніца”, “Вільнюс-Беласток”… Па дакументах яна была “начальнікам поезда”, а між сабой дзяўчаты клікалі “брыгадзірам”.
У Валянціны быў службовы пашпарт, які ў тыя часы даваў магчымасць убачыць свет. І куды толькі ні ездзіла маладая чыгуначніца, куды толькі ні ступали дзявочыя ножкі на абцасіках: Каўказ, Батумі, Сухумі, Гагра, Германія, нават Кітай…
Савецкія магазіны не маглі пахваліцца вялікім асартыментам тавараў, а вось у нямецкіх якіх толькі ні было! Валянціна разам з сяброўкамі зайшлі ў магазін бялізны – і ўсё там было такое прыгожае і непадобнае да савецкага шырспажыву, што аж дух заняло. Дзяўчына прыкмеціла камбінацыю і пацікавілася ў прадаўца на ламаным нямецкім пра яе кошт. А ў адказ пачула: “Русіш швайн!”. Маўляў, грошай не хопіць, нават і не мар. Ах, так! Дзяўчаты злажыліся, хто колькі меў – і купілі тую камбінацыю – ведай нашых!.
А ў Кітай Валянціна паехала на экскурсію. Першае, што здзівіла, – вельмі нізкае неба. Здаецца, што яно вісела прама над галавой, яшчэ хвіліна, і яно абрынецца на цябе і паглыне, зацягне, бы ў багну. Толькі тады Валя зразумела, чаму гэтую краіну называюць “Паднябеснай”…
…Краіны, рэйсы, новыя людзі і – нязменны поезд. Чарнавалосая “брыгадзірша” пасля чарговага рэйсу паехала на сваю маленькую радзіму, у вёску Больнікі. Зайшла праведаць стрыечнага брата. Праз паўгадзіны ў дзверы пастукаліся – прыйшлі сябры брата. Не сказаць, каб яна закахалася ў баявога хлопца Івана, з якім лёс звёў у братавай хаце, з першага погляду. Так, спадабаўся – і не больш. Са спакойнай душой паехала ў Вільнюс. А Іван паехаў следам за Валянцінай. Яна не здзівілася, убачыўшы земляка, наадварот – прапанавала схадзіць у оперны тэатр.
Валя і Іван доўга не сябравалі: у лютым пазнаёміліся, а ў красавіку пабраліся шлюбам. Вяселле грымела, як і належыць, “на дзве стараны”: у Больніках і ў Каценавічах. На той час Валянціна была сакратаром камсамольскай арганізацыі, але шлюб маладыя ўсё роўна ўзяліў віленскім касцёле святых Пятра і Паўла і пасля вяселля засталіся жыць ў Вільнюсе.
Маці Івана клікала на радзіму, прасіла, каб сын з нявесткай вярталіся. Ушчувала Валянцінеу: “Кідай гэтую работу, ужо сямейная, не пра сябе думаць трэба”. І ўрэшце Валанцэвічы пераехалі на Астравеччыну. Не паспелі абуладкавацца на новым месцы, як Валя паехала ў Гудагай. Аднак са спецыяльнасцю інжынера-механіка вагоннай гаспадаркі жанчына магла працаваць толькі ў маладзечанскім дэпо. Каб застацца ў Гудагаі, трэба было перавучвацца. З чыгункай давялося развітацца. Спачатку Валянціна працавала ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва, затым – у бюро тэхнічнай інвентарызацыі…
Як жартуе сама Валянціна Людвікаўна, зараз адзначае яна два прафесійныя святы: у першую нядзелю жніўня – Дзень чыгуначніка, у другую – Дзень будаўніка. І прызнаецца, што крышку шкадуе аб пераездзе ў вёску.
Ведаю, што жанчына не маніць. Але складана паверыць, што яна, ля хаты якой з ранняй вясны і да позняй восені гараць рознакаляровым агнём кветкі, аддала б перавагу гарадской кватэры.
А сыны, нібы прадчуваючы дваістасць матчыных думак, раздзяліліся ў сваім выбары: малодшы Роберт жыве ў Вільнюсе, старэйшы Андрэй – у Міхалішках.
…Валянціна Людвікаўна часта бачыць у снах, што едзе. Хоць з гадамі ўсё радзей і радзей ёй сніцца чыгунка…
Вірлівы лёс не раз ўстаўляў палкі ў калёсы яе жыццёвага цягніка: дзесяць гадоў таму жанчына змагалася са складанай хваробай і – перамагла. І кожны дзень дзякуе Богу за магчымасць гадаваць унукаў, усміхацца – жыць.


----------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.