Коллектив железнодорожной станции "Гудогай" объединяет ответственность, приветливость и аккуратность

16:00 / 06.08.2013
Для мяне, карэннай жыхаркі пасёлка Гудагай, размераны перастук колаў цягнікоў, іх гудкі – нешта асаблівае. Да гэтых гукаў так прывыкаеш, што з часам нават не заўважаеш. Але варта ад’ехаць ад сваёй чыгуначнай станцыі – адразу ж пачынаеш разумець: чагосьці не хапае.

Сёння прыемна зайсці на чыгуначны вакзал у Гудагаі: вялікая прасторная чыстая зала, санвузлы, вадаправод, добраўпарадкаваная тэрыторыя. Але так было не заўсёды. Пасля капітальнага рамонту, які прайшоў тут у 2010 годзе, палепшыліся ўмовы і для пасажыраў, і для работнікаў чыгуначнай станцыі. Праўда, згубілася тая гістарычнасць, якая панавала тут дзесяцігоддзямі.
На чыгуначнай станцыі Гудагай працуе 17 чалавек, якія размеркаваны па трох аддзелах: перавозак, пасажырскі і грузавы. З 2002 года чыгуначную станцыю ўзначальвае Валянціна Аляксееўна Бенахомская, якая да гэтага адпрацавала тут дзесяць гадоў дзяжурнай па станцыі.
– За шэсць месяцаў бягучага года на чыгуначнай станцыі было загружана 410 вагонаў – у асноўным гэта прадукцыя Астравецкага лясгаса, – расказвае Валянціна Аляксееўна. – А вось разгружана вагонаў значна больш – 2122. І асноўны атрымальнік грузаў – завод ЖБК ААТ “Гроднапрамбуд”. Гэта арганізацыя – адна з тых, хто займаецца ўзвядзеннем аб’ектаў інфраструктуры Беларускай АЭС, яна мае ўласныя пад’язныя пуці, што прымыкаюць да станцыі Гудагай. У сувязі з актыўнай фазай будаўніцтва колькасць вагонаў з прыбываемай будаўнічай прадукцыяй значна ўзрасла.
Падчас майго візіту на чыгуначны вакзал пасажыраў абслугоўвала білетны касір Людміла Іосіфаўна Кушлевіч, якая ў далёкі 1990 год прафесію выхавальніка змяніла на працу ў білетнай касе.
– Напэўна, гэта быў покліч крыві. Менавіта так для сябе і родных я абгрунтавала свой пераход на чыгунку. Яшчэ мой дзядуля шмат гадоў працаваў дзяжурным на чыгуначным пераездзе.
З таго часу прайшло больш за дваццаць гадоў, і Людміла Іосіфаўна ні разу не пашкадавала аб зробленым выбары, нягледзячы на тое, што на працу даводзіцца дабірацца са Смаргоні. Сустракацца з пасажырамі, дапамагаць ім, даваць парады і афармляць білеты – усё гэта стала для жанчыны сэнсам жыцця. Людміла Іосіфаўна – адна з самых вопытных работніц білетнай касы. Сёння яна займаецца з маладой практыканткай Крысцінай Бурбуль, якая пасля заканчэння Мінскага каледжа чыгуначнага транспарту прыехала працаваць у Гудагай.
Немагчыма ўявіць чыгуначную станцыю без дзяжурных па ёй. Аляксандр Генрыхавіч Дарашкевіч, Вацлаў Вацлававіч Бароўка, Генадзій Аляксандравіч Паўліновіч, Дзмітрый Вільгельмавіч Козіч, Віктар Леанідавіч Лысуха, Аляксандр Сяргеевіч Карней – без гэтых людзей, якія сустракаюць і адпраўляюць цягнікі, прапускаюць розныя віды саставаў, арганізуюць работу і кантралююць парадак на тэрыторыі чыгуначнай станцыі жыццё гудагайскай чыгункі не можа існаваць.
Вялікі пульт упраўлення станцыі з рознакаляровымі лямпачкамі і кнопачкамі, пастаянныя тэлефонныя званкі, аб’яўленні аб прыбыцці цягнікоў…, імклівыя рухі, спакойны голас і ўпэўненасць у вачах – застаецца толькі здзіўляцца, як усё гэта атрымліваецца.
– Сёння на чыгуначнай станцыі ўстаноўлена спецыяльная праграма “Экспрэс – 3”, дзякуючы якой яшчэ да прыбыцця цягніка чыгуначнікі могуць атрымаць звесткі аб наяўнасці і колькасці пасажыраў у ім. Гэтыя звесткі адразу ж перадаюцца супрацоўнікам пагранічнай і мытнай службы – усё гэта спрыяе павышэнню якасці работы, – расказвае дзяжурны па станцыі Аляксандр Генрыхавіч Дарашкевіч.
Аляксандра Генрыхавіча таксама можна назваць адным са старажылаў чыгуначнай станцыі. Калі юнак закончыў 8 класаў, бацька, які працаваў у Вільнюскім дызельным дэпо, прывёў сына ў тэхнікум чыгуначнага транспарту – і тым прадвызначыў яго прафесійны лёс. Потым была армія, праца памочнікам машыніста ў Вільнюсе – і ўжо 18 гадоў жыццё мужчыны звязана з чугуначнай станцыяй Гудагай.
Усе змяненні, якія адбыліліся на чыгуначнай станцыі Гудагай у апошнія гады, не могуць не радаваць дружны калектыў работнікаў, якіх аб’ядноўвае адказнасць, ветлівасць і акуратнасць. З яшчэ большай надзеяй яны чакаюць бліжэйшую будучыню – на 2015 год запланавана электрыфікацыя ўчастка “Маладзечна – Вільнюс”, што дазволіць павялічыць прапускную магчымасць цягнікоў, а, значыць, лепш задаволіць запыты пасажыраў.


-----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.