Определили лучшую парикмахерскую города

16:00 / 31.07.2013
Паўтара  месяца  назад журналіст “Астравецкай  праўды” высвятляў, якія цырульні лепшыя ў нашым горадзе.
Яны ацэньваліся па  шэрагу паказчыкаў (спектр  паслуг,  цана, санітарна-гігіенічныя
ўмовы, культура зносін з кліентамі, вопыт майстроў). Аднак вызначыцца з лепшай цырульняй не ўдалося. Пагэтаму наша газета разам з жыхарамі і гасцямі раёна выбірала лепшую цырульню горада на сайце ostrovets.by.
Вынікі галасавання падведзены!
У сваім журналісцкім расследаванні я спрабавала знайсці лепшую цырульню горада (артыкул “Лоўкасць рук – і ніякага махлярства” ад 12 чэрвеня 2013 года). Вызначыцца з пераможцам не атрымалася, пагэтаму мы прапанавалі жыхарам Астравеччыны далучыцца і выказаць свае сімпатыі.
На працягу паўтара месяца дзевяць гарадскіх цырульняў (адна дзяржаўная і восем прыватных) віртуальна змагаліся за званне лепшай на сайце “Астравецкай праўды”.

Крыху крыўлю душой, таму што майстры-цырульнікі ў гэты час рабілі сваю штодзённую справу – фарбавалі і стрыглі валасы, закручвалі пасмы ў прыгожыя прычоскі – можна  бясконца пералічваць штодзённыя працоўныя абавязкі чараўніц нажніцаў. Не ўсе цырульнікі нават ведалі, што газета “запусціла ў свет” галасаванне.
За званне лепшай цырульні Астраўца змагаліся кліенты: пакідалі свае галасы на сайце нашай  газеты.  Не  кожны  майстар  (часам з-за празмернай сціпласці) можа  адкрыта  сказаць,  што ён і цырульня, у якой ён працуе – лепшыя. А  вось  людзі, якія на сваёй скуры (а калі быць больш дакладным – на сваіх валасах) зведалі дотык нажніцаў і рук майстра, могуць быць  больш-менш  аб’етыўнымі. Хоць, вядома, ніхто яшчэ не адмяняў  спрадвечнай ісціны – на смак і колер таварышаў няма.
У галасаванні на лепшую цырульню горада прынялі ўдзел 452 чалавекі (дадзеныя на 25 ліпеня 2013 года). Хочацца адзначыць, што свае сімпатыі ў выглядзе віртуальных “галасоў”  можна  было аддаваць адразу некалькім цырульням.
На  працягу  галасавання  лідары мяняліся:  то  “Сакура”  вырывалася наперад, то “ЭллАнна”, а праз некалькі  дзён  іх  апераджала  “Залатая рыбка”.
Інтрыга захоўвалася амаль да канца: 25 ліпеня 2013 года ў 9.00 галасы ўжо не прымаліся.  Пагэтаму  паўплываць  на  вынік  галасавання, напрыклад, у  абед, вы б ўжо не змаглі.
Тройка лідараў, якія мяняліся пазіцыямі на працягу паўтарамесячнага адмысловага “спаборніцтва”, фінішавала  такім жа складам.
Лепшай  цырульняй  Астраўца па  меркаванні  большасці наведвальнікаў  сайта  прызнаная “ЭллАнна”  (125  галасоў,  28%  ад агульнай колькасці прыняўшых удзел у галасаванні).  Другая пазіцыя са 111 галасамі (25%) за “Сакурай”. 94  чалавекі  (21%)  аддалі  трэцюю прыступку “Залатой рыбцы”. Прыемна  здзівіла цырульня Дома  бытавога  абслугоўвання,  якая  стала чацвёртай; за яе прагаласавала 38 чалавек  (8%).  Такую  ж  колькасць працэнтаў  з  дзяржаўнай  цырульняй  раздзяліла  “Валерыя”,  аднак саступіла ёй тры галасы. За цырульню  “У  Таццяны”  прагаласаваў  21 чалавек  –  5%.  “Дэміда”  “прыйшла” да фініша з 10 галасамі (2%), а “Вераніка” з 5 галасамі (1%).
Калі калегі даведаліся пра перамогу  “ЭллАнны”,  то  абедзве Марыны амаль у адзін голас спыталі:
– Пойдзеш у маю цырульню? Мне  здаецца,  што  дадатковыя каментарыі тут не патрэбныя – заслужаная перамога.
Эла  Козіч  і  Ганна  Зімніцкая – адначасова ўласніцы і майстры цырульні – даведаліся  пра  сваю перамогу ад пастаяннага кліента Генадзя Часнойця. Мужчына зайшоў ва ўлюбёную  цырульню не толькі, каб пастрыгчыся, але і падзяліцца навіной. Дарэчы, Генадзь  Часнойць, па  яго словах, стаў першым, хто прагаласаваў за  “ЭллАнну” – шчаслівая рука ў мужчыны.
Па прызнанні дзяўчат, перамога ў галасаванні на сайце газеты стала для іх нечаканасцю. Яны не лічаць сябе лепшымі.
– У  нашым горадзе ўсе цырульнікі добра працуюць. За такі час працы кожны майстар “аброс” сваімі пастаяннымі кліентамі. Магчыма, пэўную ролю сыграў фактар размяшчэння? Мы ж у цэнтры! – гаворыць Эла.
Ганна  падтрымлівае  сваю сяброўку па працы:
– Як па мне, дык усе добра працуюць, вось толькі ў кожнага майстра свая “ізюмінка”. Хочацца падзякаваць тым, хто галасаваў за нас і, спадзяюся, чый давер мы апраўдалі гэтай перамогай.
Ганна з Элай працуюць разам на працягу дзевяці гадоў. Як жартуюць самі дзяўчаты: характарамі сышліся! Калі адна ідзе ў водпуск, працуе другая – і наадварот.  Дзверы  “ЭллАнны” ніколі не бываюць зачыненымі.  Канешне,  дзяўчаты мараць  пра  спецыяльныя  курсы,  павышэнне  разраду.  Але  як пакінеш кліентаў?..
Дыплом  за  перамогу  ў галасаванні на лепшую цырульню Астраўца,  якое  праводзіла  наша газета на сайце, стаў першым у сумеснай  скарбонцы  Ганны  і Элы.  І верыцца – не апошні!
…Кажуць, як карабель назавеш – так ён і паплыве. Дзяўчаты ў назву свайго  “дзецішча”,  справы  ўсяго жыцця,  заклалі  ўласныя  імёны,  а значыць – часцінку сябе. І цырульня-карабель “ЭллАнна” паплыла. І плыве добрымі словамі ад чалавека да чалавека. Не  часта выпадае хвілінка, каб пуставала цырульніцкае крэсла ці каб Эла і Ганна не “чаравалі” над новымі кліентамі.


З першых вуснаў.


Калі мы завіталі ў цырульню, каб павіншаваць і ўзнагародзіць гаспадынь “ЭллАнны”, заспелі іх за работай. Пагэтаму і вырашылі запытаць у кліентаў пра цырульню і яе майстроў.


Жанна:
– Я дастаткова даўно карыстаюся паслугамі свайго любімага майстра  –  Элы  Козіч. Лічу, што ў  яе  “лёгкая”  рука,  бо  пасля стрыжкі добра ўкладваюцца валасы.
На  працы  дзяўчаты  пытаюцца,  дзе  я  “абнаўляю”  прычоскі. Нават дзяўчына з Ашмянаў прасіла, каб я параіла ёй майстра. Я,  канешне ж, параіла  спыніць  свой  выбар на  “ЭллАнне”, бо тут  цырульнікі  заўсёды  ідуць  насустрач  кліентам  і  ўлічваюць пажаданні.


Ніна:
Шчыра прызнаюся, што трапіла ў гэтую цырульню ўпершыню.
Чула ад знаёмых шмат добрых слоў у адрас цырульнікаў.
У Астраўцы я “прайшла” амаль усе цырульні. Магчыма, пасля сённяшняй стрыжкі, афарбоўкі веек і броваў, спынюся на “ЭллАнне”.

__________________


Алена ГАНУЛІЧ.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.