Спасатель из Бреста перебрался в Островец

08:00 / 22.01.2013

Будаўніцтва першай беларускай атамнай электрастанцыі прыцягвае ўвагу не толькі жыхароў нашага раёна. Разам з самой станцыяй расце і шырыцца Астравец. З’яўляюцца новыя працоўныя месцы, на якія прэтэндуюць не толькі астраўчане, а і выхадцы з іншых раёнаў і абласцей нашай краіны.
Менавіта такім шукальнікам шчасця на Астравеччыне з’яўляецца начальнік дзяжурнай змены ПАВЧ-2 на аб’ектах Беларускай атамнай станцыі Віталій Несцяровіч – выхадзец з Брэстчыны.


– Віталій, скажыце, калі ласка, чым займаліся ў сябе на радзіме?
– Працаваў у службе хімічнай і радыяцыйнай абароны ў мясцовым МНС. Мая спецыяльнасць мае даволі цеснае дачыненне да атамнай энергетыкі, таму прыняў рашэнне перавесціся на працу ў Астравец, менавіта на будаўніцтва будучай АЭС.
– І колькі часу вы ў нас працуеце?
– З Брэста я перавёўся ў Астравец 4 кастрычніка спачатку на пасаду камандзіра аддзялення, а зараз працую начальнікам змены. Мне падабаецца ўсё: праца, калектыў, жыллё мне тут прадаставілі.
– А хто параіў звярнуць увагу на Астравец?
– Сюды паклікаў мой былы начальнік. Ён прыехаў у Астравец «на разведку», агледзеўся, распытаў і прапанаваў таксама сюды перабірацца.
– Ці доўга вагаліся перад прыняццем рашэння?
– Практычна не вагаўся. А ў хуткім часе яшчэ адзін мой зямляк збіраецца сюды прыехаць. Калектыў тут добры. Шмат маладых байцоў і мне цікава свой вопыт перадаць ім.
– А вопыт у вас багаты?
– Працую я ў гэтай сферы 7 гадоў. Вучыўся завочна ў Гомельскім інстытуце МНС і адначасова працаваў. Таму пэўны запас ведаў і практыкі ёсць, і мне прыемна дапамагаць у некаторых пытаннях маладым выратавальнікам, нешта падказаць або параіць ім.
– У райаддзеле зараз ідзе абнаўленне абсталявання. Для вас гэтыя тэхнічныя прылады, напэўна, ужо знаёмыя?
– Так. На Брэстчыне я сутыкаўся з такой тэхнікай. Той жа аўтамабіль хуткага рэагавання ў Брэсце ўжо даўно знаходзіцца на ўзбраенні. Таму інструменты, помпы і ўсё іншае мне добра знаёма.
– Як вам будынак раённага аддзела пасля рэканструкцыі?
– Я не бачыў старога будынка, а новы мне даспадобы: кабінеты прасторныя, працоўныя месцы добра абсталяваны.
Да чарговай змены на баявым дзяжурстве ёсць чым заняцца: можна схадзіць у спартыўную залу і пазаймацца на трэнажорах, каб падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме.
– І апошняе пытанне: як у вас з асабістым жыццём?
– Ну, скажам так, месца пакуль вакантнае.
Таму я сюды і перабраўся: кажуць на Астравеччыне вельмі прыгожыя дзяўчаты.
– Ну што ж, шчасця ў вашых пошуках і сухіх вам “рукавоў”.


------------------------------------------------
Антон МАЛЬШЭЎСКІ,
фота аўтара.