Несерьёзный разговор с серьёзной девочкой

16:30 / 19.01.2013

Насця Пупінская – сур’ёзная дзяўчынка. Яе ўсмешка – з’ява даволі рэдкая, а таму асабліва каштоўная. Звычайна на навакольны свет маленькая прыгажуня паглядае ўважліва – ёй яўна не церпіцца высветліць да канца: як жа ўсё ж такі насамрэч прыдумана гэтае жыццё?.. І хто такія дарослыя людзі? Чым яны адрозніваюцца ад людзей, якія завуцца “дзеці”?


– Насцейка, сонейка! Не “ламай” дарэмна сваю прыгожую галоўку – павер, што адказаў на гэтыя пытанні не знойдзеш і ў пяцьдзясят. Лепш парадуйся шчаслівай магчымасці жыць: туліцца да мамы, шукаць абароны ў таты, “дапамагаць” браціку рабіць урокі, хадзіць у дзіцячы садок, гуляцца ў лялькі… І ўсміхніся шырока-шырока, каб твой пытлівы сур’ёзны тварык заззяў ад радасці. І давай пагаворым…
– Давайце. А пра што мы будзем размаўляць?
– Давай пра школу. Ці хутка ты станеш першакласніцай? Ці рыхтуешся да школы?
– Вось скончыцца зіма, потым пройдзе лета, і я пайду ў першы клас. Да школы мы старанна рыхтуемся. У дзіцячым садку вывучаем матэматыку. Я ўмею лічыць, нават складаць і аднімаць. І літары некаторыя ведаю. Вось гэта “а”, а гэта з паднятай рукой “б”. Некалі мы нават умелі чытаць, цяпер, праўда, забыліся…
– Як жывецца ў садку?
– У садку жывецца добра. Там шмат сябровак: Юля, Каця, Віка... І цацак процьма. Мы гуляем у розныя гульні. Праўда, нядаўна я прынесла ў садок свой ноўтбук (амаль, як сапраўдны, дарослы), дык дзеці яго сапсавалі – перастаў уключацца. І некаторыя дзеці ў садку вядуць сябе дрэнна. Вось Ілюшка сёння скінуў на падлогу «бальніцу»… А Юля за гэта ўкінула яму ў суп хлеб. Ілюша расплакаўся і плакаў, нават калі нас паклалі спаць. Цёці выхавацельніцы ніяк не маглі яго супакоіць і вырашылі выклікаць міліцыю, каб Ілюшу арыштавалі.
– Ну і як? Прыходзіла міліцыя?
– Прыходзіла. Толькі мы да таго часу ўжо ўсе паснулі. Нават Ілюша. А спячых дзяцей міліцыя не арыштоўвае.
– А ў школу хочацца?
– Хочацца. Таму што мама купіць мне новы ранец з малюнкам Барбі, і альбом для малявання, і пенал. І завяжа новыя пышныя банцікі. Хоць сама больш мне хочацца на работу. Каб як мама…
– А на якую работу? Кім ты будзеш, калі вырасцеш?
– Я буду доктарам. Толькі не простым, а такім, які бярэ з пальчыка кроў.
– Насця, а які сезон года твой любімы?
– Мне ўсе падабаюцца. Таму што летам мы ездзілі на мора. Там можна было купацца, колькі хочаш – з вады мама не выганяла. Мой брат злавіў мядузу, а тата – жывога крабіка. Хоць самая любімая ўсё ж такі зіма. Можна катацца з горкі. І часам, калі мы ўсёй сям’ёй гуляем, тата кідае мяне ў снег – гэта вельмі смешна!
– У цябе заўсёды так прыгожа ўкладзены коскі… Вось і сёння на галоўцы цудоўны “каласок”. Хто цябе так удала заплятае?
– Мая мама. Яна яшчэ ўмее рабіць з валасоў “рыбіны хвост” – таксама вельмі прыгожа.
– Твая мама – такая модніца. Напэўна, у яе ёсць туфлі на высокіх абцасах – ты іх мерала? А касметыкай мамінай любіш спадцішка карыстацца?
– Дзяўчынкам нельга карыстацца мамінай касметыкай – для маленькіх прадаюцца спецыяльныя дзіцячыя наборы. Я толькі часам лак для пазногцяў бяру. Проста ён такі прыгожы… І адзін раз брала памаду для вуснаў. Ці два разы? І на маміных абцасах спрабавала – хадзіць няцяжка, проста яны мне крыху велікаватыя.
– Ты жывеш у шматпавярховым доме, затое ў тваёй бабулі ёсць дом і прыгожы ўчастак. Любіш там бываць?
– Вельмі. У бабулі растуць яблыкі і грушы. І ёсць свінкі – яны так смешна чомкаюць. І папугай Кеша ёсць – адзін раз ён нават не даў мне заснуць сваімі размовамі. І агарод я дапамагаю бабулі садзіць. Бабуля робіць радкі, а я сыплю, каб усё вырастала. А дзядуля зрабіў для мяне арэлі, і я на іх катаюся. Толькі адзін раз пабіла локаць.
– Што любіш у жыцці?
– Маляваць, боўтацца на турніку. Ружовы колер – у мяне ёсць ружовая кофта, басаножкі, куртка… Люблю сваіх лялек, асабліва Барбі. Люблю шакаладнае марожанае. Ад яго можна захварэць ангінай, але мы з мамай купляем марожанае і грэем яго “на вадзічку”. Люблю размаўляць з мамай, таму што яна ўсё ведае. Люблю бавіцца з татам, таму што ён вельмі дужы. З сяброўкамі люблю гуляцца… І мульцікі, асабліва на камп’ютары: “Смяшарыкі” і герояў Зайчыка Кроша, Лася Ласяша і іншых. Ой, як шмат я, аказваецца, што люблю!...
– Ну і любі, сонейка! І няхай цябе жыццё таксама любіць. Як ты яго.
– Добра. Няхай.


------------------


Ганна ЧАКУР.