55 лет счастливой совместной жизни

07:30 / 17.01.2013












Летась, у ліпені, Алена Антонаўна і Мікалай Антонавіч Валюкі  адзначылі  55-годдзе сумеснага жыцця – ізумруднае вяселле. У далёкім 1957-м вялікае каханне звязала іх назаўсёды, і нішто не здолела разарваць гэтыя моцныя вузы.

Знаёмства маладых людзей было, напэўна, прадвырашаным. Алена Антонаўна і сёння памятае дзень свайго ўступлення ў рады ВЛКСМ. У кабінеце першага сакратара Ашмянскага райкама камсамола Івана Валюка яны з сяброўкай проста разгубіліся і на нейкі час страцілі мову – сакратар быў проста прыгажун! Дзявочыя сэрцайкі трапяталіся, як спалоханыя ластаўкі. Старшакласніцы добра падрыхтаваліся да экзамену на веданне камсамольскага статута, але ад хвалявання адказвалі на пытанні з запінкай. І ўсё ж ім выдалі членскія білеты...
Па заканчэнні школы Алена аднесла дакументы ў  Ашмянскае медвучылішча. Пасля першага ўступнага экзамену праглядвала спісы  дапушчаных да другога іспыту і ўбачыла знаёмае прозвішча: Валюк, толькі імя іншае – Мікалай. “Брат камсамольскага сакратара,” – здагадалася дзяўчына і неўзабаве атрымала пацвярджэнне сваёй здагадкі – убачыла братоў разам ў калідоры вучылішча.
Мікалай таксама звярнуў увагу на стройную студэнтку з шыкоўнай касой і пастараўся з ёю пасябраваць. Атрымаўшы дыпломы фельчараў, яны пажаніліся.
--Вяселле ў нас было сціплае, -- успамінае Алена Антонаўна. – Без белага ўбору і вэлюма. Апранула любімую квяцістую сукенку, Коля – студэнцкі касцюм і пайшлі ў ЗАГС. На вечарыну сабраліся нашы бацькі,  татавы саслужыўцы – ён працаваў галоўным бухгалтарам у Ашмянскай  “Сельгастэхніцы”, некалькі маіх сябровак і ўсё. Але ўрачыстасць атрымалася запамінальнай.






З двумя невялікімі чамаданамі, у якіх змясціўся ўвесь сямейны багаж, маладажоны прыбылі на сваё першае месца працы – участковую бальніцу ў Камаях на Пастаўшчыне. Не прайшло і паўгода – Мікалая прызываюць на вайсковую службу.  Алена  са слязамі прыехала ў аблздраўаддзел: “Не буду тут адна працаваць, адпусціце дадому”.
У сваім раёне знайшлася вакансія – месца загадчыцы фельчарска-акушэрскага пункта ў Доргішках. Тут Алена і працавала, пакуль Мікалай выконваў грамадзянскі абавязак у войску. Служыць пашчасціла ў Маскве, старшым санінструктарам медыка-санітарнага батальёна. Перад дэмабілізацыяй камбат прапанаваў талковаму, дасведчанаму фельчару Валюку заставацца на звыштэрміновую службу і паступаць на вячэрняе аддзяленне Маскоўскага медыцынскага інстытута, але той адмовіўся – дома чакала маладая жонка.
Вярнуўшыся са службы, Мікалай паехаў ў Маладзечанскі аблздраўаддзел па накіраванне на працу. Так яны трапілі на Астравеччыну. Галоўны ўрач раёна Іван Цімафеевіч Міхалькоў быў рады маладым, але ўжо з вопытам, спецыялістам, адправіў сям’ю Валюкоў на Янаўскі фельчарска-акушэрскі пункт, яго – загадчыкам, яе – акушэркай. Праз два гады Міхалькоў перавёў Мікалая ў раённую бальніцу, а  Алена засталася на ФАПе яшчэ на паўтара года.
Пасаду  Мікалаю Антонавічу прапанавалі даволі арыгінальную – фельчара па арганізацыі прышчэпкавай работы ў раёне. Існавала небяспека ўспышак воспы, дыфтэрыі, таму трэба было кантраляваць прафілактычную работу ФАПаў.
– Затым была праца ў санстанцыі, – далучаецца да размовы Мікалай Антонавіч. – Паўтара года выконваў абавязкі галоўнага санітарнага ўрача. А пасля скасавалі Астравецкі раён і мяне перавялі ў Ашмяны на пасаду старшыні райкама Чырвонага Крыжа.
Пасля аднаўлення раёна Мікалай Антонавіч яшчэ некаторы час аддаў санітарнай службе, а потым перайшоў у райкам партыі. І ад гэтай пары яго жыццё было звязана з грамадскімі арганізацыямі.


Алена Антонаўна доўгі час працавала ў жаночай кансультацыі, апошнія дваццаць гадоў – у аглядавым кабінеце паліклінікі. Абодва маюць працоўныя ўзнагароды, а галоўнае, заслужылі шчырую павагу людзей. Стаўшы выдатным прафесіяналам, Алена Антонаўна здолела спаўна рэалізаваць сябе і ў сям’і, стварыць мужу надзейны тыл і тым самым дапамагаць яму ў кар’еры. Пакуль Мікалай Антонавіч чатыры гады вучыўся стацыянарна ў Мінскай  вышэйшай партыйнай школе, затым  завочна – на эканамічным факультэце Ленінградскага сельскагаспадарчага інстытута, яна працавала, гадавала дачушак Алачку і Волечку, падтрымлівала ўтульнасць у доме. І ніколькі не шкадавала, што не зрабіла кар’еры сама. Для яе самым важным быў лад у сям’і. Такую жыццёвую ўстаноўку  Алена Антонаўна пераняла ад сваёй маці – цудоўнай гаспадыні, любячай жонкі, ласкавай матулі для чатырох дачок. Дарэчы, усе яны, стаўшы дарослымі, стварылі моцныя сем’і.
Чамусьці лічыцца, што жыццё доўгае, гады праходзяць павольна, таму можна многае паспець, асабліва не спяшаючыся. На самой справе час хуткацечны. Здаецца, зусім нядаўна  Ала і Вольга прынеслі дадому атэстаты сталасці з залатымі медалямі ў прыдачу, ды не паспелі мама з татам азірнуцца, як старэйшая дачка скончыла медыцынскі інстытут – у  прафесіі пайшла далей за бацькоў, стала выдатным анестэзіёлагам, паважаным у сталічным медыцынскім асяроддзі спецыялістам. Працаваць з ёю лічаць за гонар многія мінскія  хірургі, а хворыя часам згаджаюцца на аперацыю толькі пры ўмове, што анестэзію будзе даваць Ала Мікалаеўна.
Вольга Мікалаеўна напачатку  збочыла з медыцынскай дарогі і стала біёлагам, але потым прайшла спецыялізаваныя курсы і атрымала пасведчанне ўрача-мікрабіёлага. Зараз  загадвае баклабараторыяй у анкацэнтры ў Бараўлянах.
У абедзвюх вянчаныя шлюбы,  цудоўныя мужы, разумныя дзеці – дачка Вольга ў Алы, трэцякурсніца перакладчыцкага факультэта лінгвістычнага ўніверсітэта, сын Уладзіслаў у Вольгі – выдатнік, сапраўдны вундэркінд. Узмоцнена займаецца з рэпетытарам замежнымі мовамі, наведвае курсы пры БДУ, ды яшчэ адзін раз на тыдзень гуляе ў КВЗ. І ўсё гэта – апрача заняткаў у школе. Пры тым – ніякіх скаргаў на празмерныя нагрузкі. Летам Ала з дачкой і Вольга з сынам пабывалі ў Кітаі.
– Якія традыцыі вы перанеслі з бацькоўскіх сем’яў у сваю?, –цікаўлюся ў Алены Антонаўны.
– Мае бацькі, выйшаўшы на пенсію, перабраліся на радзіму – Віцебшчыну, у Бягомльскі раён. Кожны раз на Новы год ці Ражаство, Пасху мы  з’язджаліся да іх, і дом перапаўняўся радасцю.  Стараемся, каб і нашы дзеці не забывалі роднае гняздо. Дочкі і зяці  -- Аляксандр, урач-анестэзіёлаг, і Дзмітрый, вайсковец і юрыст па другой вышэйшай адукацыі, упадабалі нашу дачу ў Бялькішках, ахвотна  прыязджаюць летам. Нават  відэафільм аб сямейным адпачынку знялі і запісалі для нас на дыск. Дні нараджэння – гэта святое. У ліпені іх святкуем мы з Мікалаем Антонавічам, і нашы дарагія мінчане прыязджаюць да нас, а на іх імяніны мы адпраўляемся ў сталіцу. Вельмі любім дарыць адны адным падарункі.
– Сваіх дачок я вучыла: кім бы ні былі на працы, дома вы найперш жанчыны і гаспадыні. Будзьце заўсёды дагледжанымі, з густам апранутымі. У доме пахне абедам, чысціня, парадак. Галоўная каштоўнасць – сям’я, усім у ёй павінна быць камфортна. Так яны і робяць.
А яшчэ ў сям’і Валюкоў здаўна  шанавалі кнігу. Усе любіяць чытаць – старэйшыя пакаленні перадалі гэтае прыстрасце малодшым. Дзесяцігоддзямі збіралася шыкоўная бібліятэка – на дэфіцытныя падпісныя выданні некалі ішла большая частка сямейнага бюджэту. Зараз значная частка кнігазбору “перакачавала” у кватэры  дзяцей. Бацькі гэтаму толькі рады.
Чым мацаваўся гэты сямейны карабель,  чые ўмелыя і адначасова далікатныя рукі карпатліва абточвалі ізумруды пражытых гадоў? Мацаваўся ён любоўю, даверам, павагай і адданасцю, а  майстрамі-ювелірамі былі самі Алена Антонаўна і Мікалай Антонавіч, якія здолелі  мудра правесці свой сямейны карабель праз жыццёвы  акіян, абмінаючы скалы і рыфы непаразуменняў і ўзаемных крыўдаў, не даючы бурам выплюхнуцца са шклянкі вады ў неспакойнае мора паўсядзённасці, радуючыся сонечным дням і спадарожнаму ветру. Дык шчаслівага і доўгага яму плавання пад ветразямі кахання.


Таіса СЯМЁНАВА.
Фота з сямейнага архіва сям’і Валюкоў.