Педагог-организатор из Ворнян

18:41 / 11.11.2012

Сёлетняя гаспадыня-восень неяк хутка пазрывала з дрэў жоўта-чырвоныя хусткі, скінула іх на зямлю, прысыпала белым інеем-снегам – нібы падганяла: “Наводзьце, людзі, парадак у садах-агародах! Вунь колькі ў вас яшчэ ўсяго! Яблыкі не ўсе сабраныя, агароды не пераараныя”. Кінуліся вяскоўцы, падганяемыя блізкай зімой, збіраць-прыбіраць...  Ды толькі старыя нямоглыя людзі ўздыхнулі: няма ў іх ужо столькі сіл, каб сабраць тое, што зямелька дала… А так хочацца мець на зіму яблычкаў, адчуць іх пах і смак глыбокай зімой, калі ўсё заляжа пад снегам і маразамі...


І тут ім на дапамогу прыйшлі валанцёры – піянеры і члены БРСМ Варнянскай сярэдняй школы-ясляў. Вясёлыя, энергічныя, спрытныя рабяты дапамаглі ветэранам працы: збіралі яблыкі, прыбіралі траву, чысцілі агарод. Таццяна Нікіфараўна Волкава, Алена Іванаўна Зелянеўская, Марыя Адамаўна і Зянон Вацлававіч Аўгулі не маглі нарадавацца, гледзячы на такіх шчырых памочнікаў, сардэчна ім дзякавалі.
Хлопцы і дзяўчаты толькі  ўсміхаліся. Ім не прывыкаць! Даводзілася вады, дроў у хату прынесці, падлогу памыць, у краму збегаць, каб купіць што-небудзь для сваіх падапечных. Трэба – дык сквер і парк пачысцяць, брацкую магілу ў парадак прывядуць, ветэранаў са святам павіншуюць, дапамогуць сядзібу прыбраць ці проста паслухаюць расповеды адзінокіх пажылых людзей аб іх лёсе-жыцці. І так  прыемна адчуваць, што ты патрэбен гэтым мудрым людзям, што яны цябе чакаюць і рады табе.
«Валанцёрская  справа  – вельмі важны накірунак працы піянераў і членаў БРСМ, бо ён прывучае дзяцей быць уважлівымі да тых людзей, хто побач, каму патрэбна дапамога», – упэўнена  педагог-арганізатар Наталля Іосіфаўна Самко, якая кіруе валанцёрскім атрадам, створаным па тэрытарыяльным прынцыпе: у кожнай, нават невялічкай вёсачцы, ёсць старшакласнікі, якія аказваюць дапамогу састарэлым адзінокім і нямоглым людзям.
Наталля Іосіфаўна прыйшла ў Варнянскую сярэднюю школу-яслі-сад у 2011 годзе пасля заканчэння Мінскага індустрыяльна-педаганічнага каледжа з дыпломам настаўніка тэхнічнай працы і чарчэння. Яна рыхтавалася да цалкам педагагічнай працы, прадумвала, як будзе праводзіць  урокі, чым зацікавіць дзяцей… Але ёй прапанавалі пасаду педагога-арганізатара. І Наталля, якая па свайму характару любіць  эксперыментаваць, згадзілася.  Ёй захацелася паспрабаваць сябе ў новай ролі.
Наталля Іосіфаўна прызнаецца, што ёй цікава тое, чым займаецца, бо яна вельмі любіць дзяцей. І на ўроках, і на перапынках або на нейкіх мерапрыемствах яны заўсёды побач. Маладой настаўніцы ўдалося захапіць дзяцей выпілоўваннем і выпальваннем па дрэве (гэтым яна любіць займацца сама).
Вось толькі часу не хапае – дзяўчына ж яшчэ вучацца завочна ў Мазырскім педагагічным інстытуце.
“Прыгожая, вясёлая, добрая”, – кажуць аб ёй дзеці.
“Шчырая, спагадлівая,  таленавітая, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, мой надзейны памочнік”, – так характарызуе Наталлю завуч па выхаваўчай рабоце Людміла Міхайлаўна Апановіч.
“Адказная, за што ні возьмецца, усё імкнецца зрабіць як найлепш. Сумленны чалавек, добры таварыш, да таго ж яшчэ сціплая, працавітая і сімпатычная”, – гаворыць пра яе дырэктар школы-сада-ясляў Надзея Андрэеўна Субач.
Педагога-арганізатара Наталлю Іосіфаўну цяжка знайсці на месцы: то ў яе рэпетыцыя КВЗ, то савет дружыны, то размовы-сустрэчы…Трэба ўсюды паспець.
Школьнае жыццё віруе, імчыць – і часам здаецца, што гэты імклівы тэмп яму задае ў тым ліку і педагог-арганізатар Наталля Іосіфаўна Самко.


-------------------------------
Людміла КУХАРЭВІЧ.