Оптимистичный историк Виталий Ленкевич

09:00 / 12.10.2012
3

Яго ведаюць пісьменнікі і журналісты, выкладчыкі і настаўнікі, машыністы і вадзіцелі… адным словам, – усе выпускнікі апошніх 30 гадоў Гудагайскай школы. Здаралася і так, што ён вучыў, выпускаў у дарослае жыццё цэлыя сем’і: спачатку бацьку і маці, а затым – сына ці дачку, ці нават абодвух. Ён памятае амаль усіх выпускнікоў па імёнах: як хто вучыўся, чым “дыхаў” і чаго “каштаваў”. Гэты шматгранны чалавек – былы дырэктар Гудагайскай школы Віталій Іванавіч Лянкевіч.
З ім я, тады яшчэ маленькая дзяўчынка, таксама пазнаёмілася ў ваколіцах роднай школы. Спачатку як з дырэктарам, а ў старэйшых класах – яшчэ і як з настаўнікам гісторыі.
Часта на ўроках Віталій Іванавіч расказваў нам біяграфіі гістарычных асоб, а мы адказвалі на яго пытанні. Здавалася, што ён ведае ўсё пра жыццё іншых людзей. А вось пра сябе гаварыў мала, больш прыгадваў гумарыстычныя гісторыі, якія адбываліся з ім ці з некім іншым, расказваў жарты.
Выпраўляючы гэтую несправядлівасць, сёння я паспрабую расказаць вам пра некаторыя вехі жыццёвага шляху простага хлопчыка, юнака, настаўніка, дырэктара, мужа, бацькі і дзядулі.



Дзяцінства

Нарадзіўся Віталій Іванавіч у вёсцы Лоша. А калі гаварыць больш дакладна, то ў Шумску.
– Вельмі ж я спяшаўся з’явіцца на свет (смяецца), а радзільнае аддзяленне ў Шумску было бліжэйшым. Цікавая сітуацыя і з самім днём майго нараджэння: гэта адбылося ў ноч з 24 на 25 снежня. Бацька вырашыў, што з-за некалькіх дзён не варта “старыць” мяне на цэлы год і запісаў дату нараджэння – тады такія “вольнасці” былі магчымымі – ужо ў студзені. А каб захаць “гістарычную праўду”, выбралі таксама перадкалядную куццю, толькі праваслаўную – 6 студзеня 1952 года.
Маці працавала ў Дайноўскай сямігадовай школе дырэктарам, бацька – старшынёй Байканскага сельскага Савета, а затым – першым старшынёй калгаса “Чырвоная зара”.
Затым сям’я Лянкевічаў пераехала ў Гудагай. Амаль увесь час бацька працаваў тут старшынёй сельсавета.
Дзяцінства Віталія Іванавіча праходзіла ў цікавы час. З кожным днём паляпшаліся ўмовы жыцця людзей. Калі яны толькі пераехалі, у Гудагаях было 26 дамоў, а ў Табарышках, дзе жыла сям’я, – 24. Пазней Гудагай стаў пасёлкам. А Табарышкі – вуліцай Зялёнай у гэтым пасёлку. Гэта зараз яе зноў перайначылі ў Табарышкі.
– Тады, знаёмячыся з дзяўчатамі, мы з гонарам казалі, што жывём на вуліцы Зялёнай.
Памятае Віталій Іванавіч і грашовую рэформу 1961 года.
– Калі мы ішлі ў кіно, то стараліся выдаць старыя грошы за новыя. Але такія “фокусы”, на жаль, амаль ніколі не праходзілі!



Школьныя гады

Калі настаў час, Віталій пайшоў у школу. Яму падабалася вывучаць гісторыю: чытаць пра гістарычныя падзеі, знаёміцца з жыццём людзей, якія жылі раней. Яшчэ вабіла матэматыка і фізічная культура.
– А марыў, – гаворыць Віталій Іванавіч, – як і ўсе хлопцы ў той час, стаць шафёрам. Гэта прафесія лічылася вельмі ганаровай. Можна сказаць, што мара споўнілася: я ўсё-такі скончыў Ашмянскі мотаклуб.
Любіў Віталій пагуляць з хлопцамі ў лапту, штандар, футбол, хакей.
– Калі вучыўся ў малодшых класах, тэлефона яшчэ не было, таму бацька часта перадаваў праз мяне запіскі па сваіх справах у школу, а я прыносіў яму адказ. Аднойчы настаўніца мне перадала звычайную запіску, аддаў я яе бацьку і пытаюся:
– А адказ пісаць будзеш?
– На гэта пісьмо я адкажу табе дома, – сказаў тады тата.
Я зразумеў, што за запіску сёння прынёс. Там, пэўна, было нешта пра мае штукарствы, на якія я ў дзяцінстве быў майстар. Да хаты ісці не хацелася… Але сітуацыю выправілі карасі, якіх бацька вельмі любіў. Я налавіў іх шмат, і накіраваўся дадому. Пакарання так і не паследавала.



Армія

Дзяцінства, а з ім і школа, мінулі хутка, і на стале ўжо ляжала павестка.
У армію Віталія прызвалі 1 лістапада 1970 года. Закінулі служыць ажно ў Германію, у ракетную дывізію, якая стаяла на беразе імклівай ракі Одэр.
Вось тут адна з юнацкіх мар ажыццявілася – першыя паўгода Віталій служыў у якасці вадзіцеля камандзіра.
– Як усе маладыя салдаты, я пазнаў “хараство” нарадаў па кухні. У нас быў такі скрупулёзны галоўны повар, – успамінае Віталій Іванавіч, – які прымушаў драбніць муку для стараслужачых, выбіраў самую дробную бульбу, каб даўжэй абіраць, прымушаў прадзьмухваць доўгія макароны, каб у іх не было пылу. Нягледзячы ні на што – відаць, я быў неблагім салдатам – заслужыў я кароткатэрміновы водпуск на 10 дзён.



36 гадоў у прафесіі

…Доўгачаканая дэмабілізацыя. І разам з ёй – непазбежная пытанне: “А што далей?”
– Пайду працаваць шафёрам на аўтабазу, – вырашыў юнак.
Але Віталія Іванавіча запрасілі працаваць у школу, якая тады была ў мястэчку Гудагай, настаўнікам фізкультуры. Вось тады і вырашыўся далейшы прафесійны шлях Віталія Іванавіча. У гэты ж час ён паступае на завочнае аддзяленне тады яшчэ Гродзенскага педінстытута на гістарычны факультэт. У мястэчку Гудагай Віталій Іванавіч адпрацаваў тры гады настаўнікам і тры гады дырэктарам. А вось у школе на станцыі Гудагай – амаль 30 гадоў. Колькі за гэты час было выпускнікоў? Цяжка нават палічыць!
– Было вельмі шмат спрэчак, дзе будаваць новую школу: у Гудагаі ці ў Лазоўцы, – працягвае размову Віталій Іванавіч.
Якому месцу тады была аддадзена перавага, сёння мы бачым. У 1988 годзе распачалі будоўлю новай школы. Рабочыя, настаўнікі, дзеці – усе хутчэй марылі перайсці ва ўтульную і прыгожую школу, таму працавалі, не пакладаючы рук. І 23 студзеня 1990 года нас сустрэла новая, светлая, прасторная Гудагайская сярэдняя школа. А ўжо праз год мы выдавалі дыпломы першым выпускнікам – тым, хто дапамагаў будаваць школу. Некаторыя з іх, закончыўшы вучэбныя ўстановы, затым працавалі побач са мной.
Віталій Іванавіч у людзях больш за ўсё цэніць справядлівасць і дабрыню. Без гэтага, лічыць ён, нельга стаць дастойным чалавекам.
– Адзнака, якую ты атрымаў у школе – гэта не самае галоўнае, больш значна – якія каштоўнасці ты засвоіў. Я ведаю шмат выпадкаў, калі чалавек вучыўся не вельмі добра, а затым становіўся добрым прафесіяналам, цудоўным сем’янінам. Але, на жаль, ёсць і адваротныя сітуацыі.
Асабіста я жыву па прынцыпе: сказаў – зрабіў. На пасадзе дырэктара ніколі не абяцаў таго, чаго не мог выканаць. Таго ж заўсёды патрабаваў ад тых, з кім працаваў.



Сям”я

Эма Іосіфаўна, маладзенькая выпускніца Гродзенскага педагагічнага інстытута, ужо тры гады працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Гудагайскай школе, калі да іх дружнага калектыву далучыўся малады настаўнік гісторыі.
– А хутка стварылася наша сям’я аднадумцаў, – гаворыць Віталій Іванавіч. ¬– Адразу ж узнікла жаданне мець сваё жыллё: і я пачаў будаваць дом. І да сённяшняга дня, можна сказаць, будую яго: то тое, то гэта патрэбна ў гаспадарцы. Шчасце любой сям’і – дзеці. Нашы сыны любілі чытаць, слухаць пласцінкі – тады магнітафонаў, не кажучы пра камп’ютары, не было, збіраць канструктар. Самастойна выконвалі ўрокі. Абодва закончылі школу з залатымі медалямі. Старэйшы, Дзіма, з сёмага класа марыў стаць настаўнікам гісторыі, пайсці па маім шляху. А я параіў паступаць на факультэт гісторыі з англійскай мовай. Цяпер ён выкладае англійскую мову. А малодшы Вадзім з самага дзяцінства захапляўся маляваннем. Таму ён выбраў прафесію архітэктара. Зараз жыве і працуе ў Мінску.



Захапленні

Ёсць у Віталія Іванавіча і захапленне – ён любіць майстраваць.
У размове ён прызнаўся, што аднойчы нават удалося сабраць з запчастак самаробны грузавік.
Канешне, любіць Віталій Іванавіч і чытаць. Аддае перавагу дэтэктыўным гісторыям і расследаванням. І гэта не дзіва!
– Працуючы дырэктарам школы, мне часта даводзілася праводзіць свае расследаванні. Узгадваецца адзін выпадак. Яшчэ калі я працаваў у мястэчку Гудагай, адбылася не вельмі прыемная гісторыя: у адной з мясцовых жыхарак укралі восем качаноў капусты. Падазрэнне адразу ж упала на вучняў нашай школы. Я хутка прыкінуў: дадому яны яе не панеслі б, ды і пад плотам не елі – значыць, тут нешта другое. Узгадаў, што нядаўна прыязжалі студэнты і абедалі ў нашай сталовай. Але яны, не ведаючы наваколля, наўрад ці палезуць у чужы агарод. Значыць, гэта хтосьці з нашых хлопцаў дапамог ім. Знайшоў вінаватых і сказаў: або нясіце капусту назад, або раскажу бацькам. Падлеткі, вядома, выбралі першае. Думаю, пасля такога ніколі больш не глядзелі на чужое. А за ўсе гады падобных выпадкаў было шмат. Галоўнае, лічу, для дырэктара школы ў падобных абставінах – гэта выбраць правільнае пакаранне.



Мары

– Ну… быў бы рады пабачыць дзеючую АЭС!
Віталій Іванавіч поўнасцю падтрымлівае будаўніцтва атамнай электрастанцыі. У яго нават ёсць мары аб тым, як у сувязі з гэтым зменіцца Гудагай:
– Хацелася б, каб Гудагай зноў стаў цэнтрам сельгаскааператыву. Называецца СВК “Гудагай” – а цэнтр яго зараз ажно ў Малях? Неабходна развіваць наш пасёлак: гэта ж, можна лічыць, граніца з Літвой, твар Беларусі з паўночна-заходняга боку. Можа, некаторыя яшчэ і памятаюць: у 90-ых гадах разам з праектам новай школы быў створаны і яшчэ адзін праект – развіцця пасёлка. Згодна з ім у Гудагаі планавалі пабудаваць каля 300 калгасных дамоў, новы Дом культуры, Палац спорту, вялікі дзіцячы садок, новы ФАП, басейн. Але пасля развалу Савецкага Саюза, з усяго задуманага пабудавалі толькі школу. Чаму б сёння не ажыццявіць той праект?
Роўная і заасфальтаваная дарога да вакзала, тратуар, пешаходныя дарожкі, што з’явіліся ў Гудагаі нядаўна, – усё гэта гаворыць аб тым, што пасёлак мяняецца, мяняецца ў лепшы бок. І я вельмі рады гэтаму.
А яшчэ мне хацелася б яшчэ раз, а можа і не раз стаць дзедам, – усміхаючыся, на заканчэнне нашай гутаркі, прызнаўся Віталій Іванавіч.
– Унучка Ксенія ўжо падрасла, школьніца. Кожнае лета прыязджае ў госці – і тады ў хаце і на падворку робіцца весялей.


Вось такі ён – чалавек, якога ведаюць у кожнай галіне гаспадаркі нашага раёна – ды і не толькі раёна. Да яго можна звярнуцца ў любы час, пагаварыць, запытаць парады. Віталій Іванавіч умее выслухаць – але і расказаць ён можа многае, у гэтым мы, яго вучні, неаднойчы пераконваліся.
І за гэта – за ўрокі гісторыі і жыцця, за мудрыя парады, за нязменную павагу да дзяцей і дарослых, мы, яго былыя вучні, бясконца ўдзячны свайму мудраму настаўніку і дырэктару – Віталію Іванавічу Лянкевічу
.


------------------------------------------------------------
Юлія БУКЕЛЬ, студэнтка журфака БДУ.