Гордость Островецкого района: Данута Гринцевич

06:20 / 19.09.2012

Я заўсёды захаплялася сапраўднымі вясковымі жыхарамі – нястомнымі працаўнікамі, гасціннымі, шчырымі душой і сэрцам, звязанымі з прыродай непарыўнымі ніцямі, вернымі сваім караням. Яны не мараць пра далёкія краіны і вялікія гарады, ім хораша і ўтульна там, дзе яны ёсць. Данута Леанардаўна Грынцэвіч таксама шчаслівая ў сваёй Альхоўцы – мегаполісы не для яе, а пра тое, што можна жыць у другой краіне, яна нават думкі не дапускае. “Я беларуска, і тым ганаруся”, – кажа Данута Леанардаўна.



Усё жыццё ў працы

Працавітасці Данута Леанардаўна навучылася яшчэ ў дзяцінстве. Нарадзілася яна ў Падваранцах, у школу хадзіла ў Міхалішках. Часу хапала на дзіцячыя гульні і забавы, аднак і працаваць даводзілася шмат. Была ў сям’і свая гаспадарка, акрамя таго, дзеці дапамагалі дарослым у калгасе – буракі палолі, лён падымалі, на збожжаскладзе працавалі.


– Сённяшнія дзеці больш гультаяватыя, аднак мы самі іх прывучылі такімі быць. Мы, бацькі, іх шкадуем: лепш самі зробім, чым ім даручым якую-небудзь справу, – разважае Данута Леанардаўна. – А ў час нашага дзяцінства працаваць, дапамагаць бацькам – гэта ж было, як закон. Мы нават і не ўяўлялі, што можа быць неяк па-іншаму.


З пяцярых дзяцей Данута была самая старэйшая, таму пасля школы, каб падтрымаць сям’ю, дзяўчына пайшла працаваць у магазін у Супранентах, затым – у ашчадную касу ў Альхоўцы. А ў 1993 годзе Данута Леанардаўна ўладкавалася на кардонную фабрыку “Альхоўка”. Тут яна змяніла шмат пасад, аднак вось ужо 10 гадоў працуе прасаўшчыком участка вытворчасці і перапрацоўкі.
Работа для жанчыны – не з лёгкіх: вільготны кардон, перакладзены сурвэткамі, трэба адціснуць на спецыяльнай машыне, а затым рассартаваць – кардон у адзін бок, мокрыя сурвэткі – у другі. Аднак да сваіх абавязкаў Данута Леанардаўна адносіцца з усёй адказнасцю і стараннасцю. Нездарма сёлета адміністрацыя прадпрыемства адзначыла яе за добрасумленную працу, і фотаздымак Дануты Леанардаўны з’явіўся на раённай Дошцы гонару.
Родныя і блізкія вельмі гэтым ганарацца, а Данута Леанардаўна сціпла кажа: “Я ж нічога такога не зрабіла”. Аднак працаваць таксама можна па-рознаму…
Яна і ў водпуску не можа ўседзець на месцы – і гаспадарку дагледзіць, і нарыхтоўкі зробіць, і ў лес па грыбы і ягады збегае. Часу на адпачынак не хапае.
– Я разумею, што сёння прасцей усё купіць – тую ж бульбу ці гародніну, – кажа Данута Леанардаўна. – Аднак мы, сельскія жыхары, не разумеем, як гэта зямля будзе пуставаць? Вось і працуем з раніцы да позняга вечара.



Асабістае

Сваё жаночае шчасце Данута Леанардаўна бачыць у сям’і. Яна радуецца, калі дома збіраюцца яе родныя людзі – муж Генрых, тры любімыя дачушкі і дзве ўнучкі. Дочкі ўжо дарослыя. Старэйшая Аксана таксама працуе на фабрыцы “Альхоўка”, сярэдняя Ірына – бухгалтарам у Гродне. А два гады назад пакінула бацькоўскі дом і малодшая Вольга, якая зараз вучыцца на фізічным факультэце БДУ.


– Калі Оля паехала вучыцца, наш дом зусім апусцеў і нам з мужам стала неяк не па сабе. Аднак тут нічога не зробіш: некалі мы пакідалі бацькоўскі дом, зараз нашы дзеці разляцеліся, хто куды. Такі закон жыцця, – дзеліцца Данута Леанардаўна. – І хоць бацькам заўсёды хочацца, каб дзеці былі побач, мы ніколі не спрабавалі ўплываць на іх выбар – яны самі ведаюць, дзе ім лепей.


Данута Леанардаўна скарае суразмоўцу сваёй жыццёвай мудрасцю, прастатой і добразычлівасцю. Яна не малюе ў сваёй свядомасці завоблачных мар, а знаходзіць маленькія радасці ў кожным моманце. Сонейка ўсміхнулася пасля шэрагу пахмурных дзён – і ўжо радасна. А калі бывае сумна ці здараюцца стрэсавыя сітуацыі, Данута Леанардаўна акунаецца з галавой у работу – і тады ўсе дрэнныя думкі адступаюць. Яшчэ жанчына вельмі любіць паблукаць у цішыні альхоўскіх лясоў – паслухаць шолах лістоты, атрымаць асалоду ад чыстага паветра, адшукаць палянку сонечных лісічак…
Данута Леанардаўна шчаслівая ў сваім простым вясковым жыцці і ні пра які іншы лёс ніколі не марыла.
А што самае важнае для жанчыны? Канешне, гэта шчасце і здароўе дзяцей, а таксама мір і спакой на зямлі.


-------------------------------------------------
Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.