Беларусь выходит на космическую арену

18:00 / 11.09.2012

Зусім нядаўна ў рэдакцыю прыйшло пісьмо ад нашага слыннага земляка Леанарда Юльянавіча ТАПУЦЯ. Яно тычыцца важнейшай падзеі ў жыцці краіны, і таму лічым патрэбным прывесці яго поўнасцю.
Паважаныя чытачы нашай «раёнкі»!


Дарагія землякі!
З высокім пачуццём задавальнення і радасці інфармую вас: Беларусь стала касмічнай дзяржавай.
22 ліпеня гэтага года ў 10 гадзін 41 хвіліну 39 секунд па маскоўскім часе з касмадрома “Байканур” ракетай-носьбітам “Саюз” быў зроблены запуск пяці касмічных апаратаў, асноўным з якіх быў Беларускі касмічны апарат. Гэты запуск дазволіў Беларусі ўвайсці ў касмічны клуб перадавых дзяржаў свету.
Да гэтага поспеху кіраўніцтва Беларусі, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, вучоныя і канструктары ішлі доўгіх 10 гадоў…
2 снежня 2006 года на старонках “Астравецкай праўды” быў размешчаны мой артыкул пад амбіцыёзным загалоўкам “Я веру, што Беларусь будзе касмічнай дзяржавай”, у якім падрабязна расказвалася пра падзеі, што адбыліся роўна шэсць гадоў таму на касмадроме “Байканур” падчас падрыхтоўкі і запуску першага беларускага спадарожніка пад сімвалічнай назвай “БелКА” (Беларускі касмічны апарат) 26 ліпеня 2006 года.
На жаль, гэты запуск з-за збою ў рабоце рухальнай устаноўкі канверсійнай ракеты-носьбіта “Днепр”, закончыўся няўдачай. На 70 секундзе палёту адбылося аварыйнае адключэнне гэтай устаноўкі, і ракета-носьбіт у зборы з касмічным апаратам упала ў 150-ці кіламетрах ад кропкі старту ў бязлюдным казахскім стэпе.
На дадзеным пуску на касмадроме прысутнічала дзяржаўная дэлегацыя Рэспублікі Беларусь на чале з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.
Безумоўна, гэтая няўдача негатыўна адбілася на настроі ўсіх удзельнікаў запуску. Але ўсіх здзівілі аптымізм, вытрымка і такт А.Р. Лукашэнкі. Пасля няўдачы ён падышоў да камандавання касмадрома, якое ўдзельнічала ў запуску, да генеральных канструктараў ракетна-касмічнай тэхнікі і інжынераў-выпрабывальнікаў, што знаходзіліся на назіральнай пляцоўцы, і спакойным голасам сказаў: “Хлопцы, трымайцеся. Тэхніка ёсць тэхніка. Мы яшчэ вернемся на «Байканур».
Словы Прэзідэнта аказаліся прарочымі. У сціслыя тэрміны было прынята рашэнне ўрада Беларусі аб прадаўжэнні работ з Расіяй па стварэнні другога беларускага касмічнага апарата і яго падрыхтоўцы да запуску.






Для гэтай мэты было заключана пагадненне паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Федэральным касмічным агенцтвам Расіі па ажыццяўленні супрацоўніцтва ў плане стварэння і запуску беларускага касмічнага наземнага комплекснага кіравання.
Пры гэтым Беларускі касмічны комплекс павінен быў забяспечыць: рэгулярнае і аператыўнае задавальненне патрэб Рэспублікі Беларусь у мэтавай інфармацыі дыстанцыйнага зандыравання Зямлі з высокай прасторавай распазнавальнай здольнасцю; аператыўны прыём касмічнай інфармацыі на наземныя пункты прыёму Рэспублікі Беларусь; кіраванне “БелКА” на ўсіх этапах яго актыўнага існавання; стварэнне асновы для фарміравання ў будучым шматспадарожнікавых сістэм аператыўнага назірання зямной паверхні.
Асноўнымі галінамі прымянення інфармацыі, якую Беларускі касмічны комплекс будзе атрымліваць, з’яўляюцца: кантроль за землекарыстаннем і сельскагаспадарчай вытворчасцю; кантроль натуральных і аднаўляемых рэсурсаў; кантроль надзвычайных сітуацый; абнаўленне тапаграфічных карт; экалагічны маніторынг навакольнага асяроддзя.
Безумоўна, рашэнне гэтых касмічных задач будзе скіравана, у першую чаргу, на інтарэсы народнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Пасля вывядзення «БКА» на касмічную арбіту будуць забяспечаны здымкі паверхні тэрыторыі Беларусі ў бачным дыяпазоне спектру электрамагнітнага выпраменьвання і перадачу атрыманых даных па радыёканалам на наземны комплекс прыёму, рэгістрацыі і апрацоўкі інфармацыі, які размяшчаецца ў Мінску.
Стварэнне беларускага касмічнага апарата ажыццяўлялася сумеснымі намаганнямі спецыялістаў: ад Беларусі – Нацыянальнай акадэміі навук, ад Расіі – карпарацыяй “Усесаюзны навукова-даследчы інстытут электрамеханікі”, г. Масква.
Пры гэтым работа была наладжана так, што адначасова распрацоўваўся другі аналагічны спадарожнік у інтарэсах Расіі, і падчас палёту ў космас яны павінны былі працаваць “у пары”, абменьвацца атрыманай інфармацыяй дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі для прыёмных комплексаў як Беларусі, так і Расіі.
Беларускі спадарожнік атрымаўся вельмі кампактным з сучасным абсталяваннем і аснашчаны спецыяльнымі сістэмамі распрацоўкі прадпрыемстваў Беларусі з высокай ступенню распазнавальнай здольнасці і надзейнасці. Яго вага – каля 400 кілаграмаў, прычым мэтавая здымачная апаратура складае 110 кілаграмаў. Час актыўнага функцыянавання спадарожніка ў космасе – больш за пяць гадоў. Спадарожнік запушчаны на кругавую каляземную арбіту вышынёй 510 кіламетраў з перыядам абароту вакол Зямлі 94 хвіліны 45 секунд. З вышыні палёту спадарожнік будзе ахопліваць на зямлі (зона радыёбачнасці) 1200 кіламетраў, г.зн. больш, чым працягласць Беларусі з Захаду на Усход.
Паласа ахоплівання здымкі пры палёце над тэрыторыяй Беларусі складае 20 кіламетраў. Пры кожным палёце з-за вярчэння Зямлі з кожным новым вітком вакол зямнога шара спадарожнік будзе здымаць усё новыя і новыя тэрыторыі Беларусі. Спадарожнік будзе бачыць з космасу і атрымліваць неабходную інфармацыю ад усіх аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі, якія маюць памер не менш дзесяці метраў.
Для надзейнасці запуску “Бел КА” на гэты раз Расіяй была выкарыстана самая надзейная і самая запатрабаваная для выканання розных касмічных праграм ракета-носьбіт “Саюз”, якая была створана геніем сусветнай ракетна-касмічнай тэхнікі, галоўным канструктарам, вялікім і знакамітым Сяргеем Паўлавічам Каралёвым у далёкіх 1955-1957 гадах мінулага стагоддзя. Гэтая ракета з’яўляецца рэкардсменам па колькасці пускаў і шмат разоў была занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Усяго было запушчана каля 1900 такіх ракет. Прычым яна лятае з касмадромаў «Байканур», «Плясецк», «Французскай Гвінеі» ў Паўднёвай Амерыцы, а цяпер яшчэ плануецца выкарыстаць на новым расійскім касмадроме «Усходні» ў Амурскай вобласці.
Гэтая ракета-носьбіт – адзіная з існуючых у Расіі пяці тыпаў ракет, якую любяць і на якой паспяхова лятаюць расійскія і замежныя касманаўты. Яна вельмі надзейная, паколькі пры яе вырабе былі захаваны самыя жорсткія патрабаванні часоў існавання СССР. Фактычна гэтая ракета вырабляецца метадам ручной зборкі па прынцыпе “павышаны кантроль і якасць”. Усе дэталі ракеты вырабляюцца ў трох экзэмплярах і пасля шматбаковых выпрабаванняў на трываласць, вібрацыйную і тэрмічную стойкасць, акустычныя і іншыя нагрузкі адбіраецца самая надзейная, якая паказала самыя лепшыя тэхнічныя характарыстыкі.
На касмадроме ракета рыхтуецца да пуску пад так званым “трайным кантролем”: кожная тэхналагічная аперацыя (транспарціроўка, устаноўка, стыкоўка пнеўма- гідра- і электракамунікацый, прыцэльванне, запраўка і інш.) выконваюць тры падрыхтаваныя спецыялісты. Першы выконвае канкрэтную работу, другі чытае інструкцыі, як яе трэба выконваць, а трэці, інжынер-выпрабавальнік, кантралюе правільнасць выканання гэтай работы. Усе трое распісваюцца пасля ў спецыяльным журнале і нясуць аднолькавую адказнасць. Такіх канкрэтных работ больш за 1000, гэты журнал складае больш за 100 старонак, і да таго часу, пакуль не будуць пастаўлены подпісы выканаўцаў на кожнай старонцы, пра пуск ракеты размова не ідзе.



Ракета-носьбіт “Саюз” – адна з самых бяспечных, паколькі на ёй у якасці кампанентаў ракетнага паліва выкарыстоўваюцца агульнапрамысловыя кісларод і авіяцыйная газа.
Вага ракеты перад яе пускам складае каля 310 тон. Пры гэтым 280 тон – гэта ракетнае паліва, якое згарае за 530 секунд палёту, іншымі словамі, амаль за 10 хвілін згарае больш чым пяць чыгуначных цыстэрнаў паліва. Усё гэта патрэбна для таго, каб перадолець зямное прыцягненне і вывесці спадарожнік у космас.
Пры запуску беларускага спадарожніка ўсе часткі ракеты-носьбіта “Саюз” адпрацавалі бездакорна, без заўваг, “без сучка і задзірынкі”, дзякуючы чаму спадарожнік быў выведзены на зададзеную арбіту і пачаў функцыянаваць.
На запуску прысутнічала дэлегацыя беларускага ўрада на чале з першым намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Ільічом Сямашкам. Безумоўна, душой дэлегацыі быў наш знакаміты зямляк, мой добры шматгадовы сябар, адзін з самых заслужаных касманаўтаў свету, двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Ільіч Клімук, які 10 ліпеня гэтага года адзначыў свой сямідзесяцігадовы юбілей. Але ён па-ранейшаму працуе ў пасольстве Рэспублікі Беларусь у Маскве, паспяхова і настойліва абараняе інтарэсы Беларусі ў розных міністэрствах і ведамствах Расійскай Федэрацыі.
Беларуская дэлегацыя наведала тэхналагічныя аб’екты ракетна-касмічных комплексаў “Пратон” і “Зеніт”, з вялікай зацікаўленасцю азнаёмілася з лепшым у свеце музеем касманаўтыкі, пакінула запісы ў Кнізе ганаровых гасцей касмадрома, агледзела сацыяльныя аб’екты горада Байканур, наведала Храм Святога Вялікамучаніка Георгія Перамоганосца.
У дзень запуску беларуская дэлегацыя разам з кіраўніком Федэральнага агенцтва Расіі генералам арміі Уладзімірам Аляксандравічам Папковіным з захапленнем назірала за стартам ракеты-носьбіта і сумеснымі дружнымі апладысментамі праводзіла беларускі спадарожнік у космас з пажаданнем яму надзейнай шматгадовай працы.
Паспяховы запуск беларускага касмічнага апарата прадэманстраваў усяму свету неабмежаваныя магчымасці роднай Беларусі, паказаў яе высокі інтэлектуальны, тэхнічны і вытворчы патэнцыял, стаў сведчаннем наяўнасці ў краіне высокіх тэхналогій, таленавітых канструктараў і інжынераў, людзей верных і адданых ідэям Беларусі, якія ў канчатковым выніку дазволілі беларускаму народу падняцца на новыя тэхнічныя вяршыні і заняць годнае месца ў страі перадавых касмічных дзяржаваў свету.
З перамогай у космасе, мае дарагія землякі! Здароўя вам, здзяйснення ўсіх жыццёвых планаў, стойкасці, вытрымкі і цярпення ў вашых нялёгкіх штодзённых справах.
Захоўвайце і памнажайце гістарычныя традыцыі нашай Радзімы.

----------------------------------------
З павагай, Леанард ТАПУЦЬ.
Расійскае касмічнае агенцтва.