Адам Мальдзіс. Ад школьніка да прафесара – чытач бібліятэкі

09:05 / 24.11.2011

У мінулую суботу цэнтральная раённая бібліятэка прымала шаноўнага госця – выбітнога вучонага-літаратуразнаўца, доктара філалогіі, прафесара Адама Іосіфавіча Мальдзіса. Нагода для сустрэчы была адметная: незвычайны юбілей госця. 65 гадоў таму вучань Астравецкай сярэдняй школы Адам Мальдзіс запісаўся ў раённую бібліятэку – і з тае пары застаецца яе чытачом. Цяжка сказаць, ці ёсць яшчэ ў якой-небудзь бібліятэцы чытачы з такім салідным стажам.


У чытальнай зале сабраліся прыхільнікі літаратурнай творчасці слыннага земляка, у большасці сваёй асабіста з ім знаёмыя, для якіх любая нагода для стасункаў – чаканая і жаданая. А гэтая сустрэча абяцала шмат цікавага.
Спярша супрацоўнікі бібліятэкі вярнулі прысутных у пару дзяцінства і юнацтва Адама Іосіфавіча (а ён сам з гумарам дапоўніў іх расповед), у маленькую вёсачку Расолы, дзе ў сялянскай сям’і падрастаў дапытлівы хлопчык, які ў ваеннае ліхалецце ўмудраўся знаходзіць і чытаць кнігі. Цяга да ведаў і сёння застаецца ненатоленай, пошукі гістарычных і літаратурных рарытэтаў працягваюцца – а значыць, нам яшчэ пашчасціць пазнаёміцца з новымі цікавымі знаходкамі. Тым больш, што Адам Іосіфавіч актыўна ўключыўся ў высакародную справу стварэння раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Госць падзяліўся з прысутнымі планамі будучых даследаваняў, а таксама згадкамі пра Уладзіміра Караткевіча, з якім Адама Іосіфавіча звязвалі многія гады шчырай дружбы і творчага супрацоўніцтва.
Дарэчы, дакладна столькі гадоў доўжыцца і супрацоўніцтва Адама Іосіфавіча з “Астравецкай праўдай”. Менавіта яму мы абавязаны веданнем даты выхаду першага нумара нашай газеты – 29 мая 1941 года, калі ў галоўным кнігасховішчы Савецкага Саюза – бібліятэцы імя Леніна ў Маскве – А. І. Мальдзіс адшукаў некалькі нумароў “Бальшавіцкага арганізатара”, органа Астравецкага райкама КП(б)Б і райвыканкама. Тады, напрыканцы 80-х, не было магчымасці атрымаць іх ксеракопіі, і Адам Іосіфавіч намераны пры нагодзе зрабіць гэта зараз.
Закончылася сустрэча на прыемнай ноце – кожнаму з прысутных госць падарыў кнігу “Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі”, у агульнай вокладцы з якой змешчана аповесць “Восень пасярод вясны”, з аўтографам.


Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.