Нашы землякі. Ваенны лётчык Вячаслаў Голубеў

09:51 / 23.02.2011

Наша газета ў свой час пісала пра ветэрана вайны, міліцыянера Канстанціна Васільевіча Голубева – гудагайскага Аніскіна, які на працягу многіх гадоў для жыхароў чыгуначнай станцыі асацыіраваўся са справядлівым і бескампрамісным ахоўнікам парадку. Калі даведалася, што яго сын Вячаслаў – ваенны лётчык і выбраў для сябе, як і бацька, ганаровую прафесію – Радзіму абараняць, ішоў да яе свядома і настойліва, выконваў свой абавязак сумленна і геройскі, то ўвесь час марыла з ім сустрэцца, каб расказаць чытачам пра іх земляка. На жаль, не паспела… Таму сёння, у Дзень абаронцаў Айчыны, адным з якіх, мужным і адданым, быў Вячаслаў Канстанцінавіч Голубеў, пра адважнага лётчыка, якога ў Гудагаі памятаюць як сціплага, працавітага хлопца, расказваюць яго старэйшая сястра Ларыса і сябар дзяцінства Віталій Іванавіч Лянкевіч. Запісала іх успаміны кіраўнік музея “Зямля Гудагайская” Марыя Карлаўна Васілёнак.


Ніна РЫБІК






Слава нарадзіўся ў 1951 годзе. Да таго ў Голубевых ужо было дзве дачушкі – Ларыса і Святлана, але бацька марыў пра сына.
У гэты год у  сям’і Голубевых адбылася яшчэ адна важная падзея: Канстанціна Васільевіча перавялі на Астравеччыну – і, як аказалася, гэта стала канчатковым пунктам іх бясконцага блукання па свеце. А да таго сям’і былога франтавіка, ураджэнца Падмаскоўя, на якога пасля цяжкага ранення ў кровапралітных баях пад Ржэвам адзелі міліцэйскую форму і адправілі ў толькі што вызваленую Заходнюю Беларусь змагацца з бандытызмам, давялося змяніць не адно месца жыхарства.
Пасля Славы ў сям’і нарадзіліся яшчэ дзве дачкі – Рая і Люда, і Голубевы нарэшце аселі на адным месцы – у Гудагаі, дзе Канстанцін Васільевіч быў нязменным участковым міліцыянерам на працягу многіх гадоў, а Зоя Пятроўна – захавальніцай хатняга ачагу, якая ўвесь час мыла, чысціла, прыбірала, гатавала, імкнулася, каб у доме заўсёды было цёпла і ўтульна. Няпроста было гэта зрабіць ў будынку, дзе да таго, як пасялілі сям’ю міліцыянера, трымалі … каня!  Потым іх жыллёвыя ўмовы палепшылі – перавялі ў склад, дзе раней захоўваўся кардон з фабрыкі “Альхоўка” да пагрузкі ў вагоны. І толькі калі малодшай дачцы споўнілася шэсць гадоў, у Голубевых з’явіўся дом!
Але цяжка тады было не толькі ім – так жылі ўсе. І на цяжкасці ніхто асаблівай увагі не звяртаў – мнагадзетная сям’я жыла дружна, весела. Ларыса Канстанцінаўна сёння прыгадвае словы сваёй сяброўкі дзяцінства Люсі Шкуратавай: “Хачу, каб у мяне, калі стану дарослай, было шмат дзяцей – як у вас”.
Як і ў кожнай вясковай сям’і, з маленства дзяцей далучалі да працы – а як інакш? У бацькоў была немалая гаспадарка: конь – “транспартны сродак” бацькі-участковага, свінні, трусы. Абавязкам дзяцей было збіраць траву для ўсёй гэтай жыўнасці. Летам нязменнымі былі паходы па  ягады, грыбы, якія потым, узімку, з”яўляліся добрым падспор’ем. А Славік яшчэ вельмі любіў рыбалку. Са сваімі сябрукамі Віталем Лянкевічам і Пецем Раткевічам ён гатовы быў днямі прападаць на рэчцы.
–Са Славікам і Пецем мы былі неразлучнымі з маленства, – расказвае сённяшні дырэктар Гудагайскай школы В.І. Лянкевіч. – А тут такая бяда: яны ідуць у школу, а мне, на год малодшаму, трэба яшчэ дома сядзець! Упрасіў-такі бацькоў, каб і мяне з сябрамі ў школу адправілі, хоць і на год раней. Колькі радасці было!
Слаўка рос звычайным вясковым хлапчуком: маглі яны з сябрамі і ў “шкоду” якую ўлезці, і пабіцца – а як жа інакш? Але і працавітым, сумленным, прыстойным.
–Мне, як старэйшай, і Славіку, як мужчыну, трэба было дапамагаць бацькам нарыхтоўваць дровы на зіму, – узгадвае Ларыса Канстанцінаўна. – Мы з ім і пілавалі, і шчапалі дровы – гэта было звычайнай справай. А калі ў нашай мясцовасці пачалі весці лініі электраперадач, мы са Слаўкам хадзілі да электрыкаў на заробкі: чысцілі ад кары бярвенні, што ішлі на слупы, – памятаю, гэта былі першыя нашы вялікія грошы, заробленыя самастойна. Славік тады купіў сабе да школы боцікі і штаны. А яшчэ мы купілі падарунак для мамы: дыванок за 59 рублёў.
–Кожнае лета хлопцы стараліся недзе папрацаваць, каб падзарабіць, — успамінае В.І. Лянкевіч. – Аднойчы – мы тады восем класаў закончылі – на станцыі пачалі ўзводзіць будынак для механічнай падачы збожжа ў вагоны. Ну, і мы, трое сяброў – Слаўка, Пеця і я – вядома, там. Нам даручылі на палях збіраць камяні, якія затым укладваліся ў падмурак. Спачатку з намі накіроўвалі старэйшага, але пасля таго, як камень адскочыў ад борта трактара і трапіў жанчыне ў галаву, вырашылі, што будзе больш толку, калі нас увогуле не кантраляваць – так, зрэшты, і атрымалася.
Бацькі выхоўвалі дзяцей у строгасці. Бацька меў магчымасць летам адпраўляць іх на адпачынак у піянерскі лагер, але не рабіў гэтага – лічыў, што дзеці павінны прывучацца да працы. Быў строгім, мог і “раменную перадачу” у працэс выхавання ўключыць, калі нехта асабліва нашкодзіць. І заўсёды бацькі вучылі дзяцей адной вельмі важнай запаведзі: людзей трэба паважаць – нельга над чалавекам насміхацца, лічыць, што ты – вышэй.
Гульні ў футбол і валейбол былі нязменным атрыбутам летніх вечароў дзяцей і моладзі таго часу. А яшчэ – кіно. У вясковы клуб прывозілі фільмы. Канешне,  у кіно хацелася ісці ўсім! Але для вялікай сям’і білет за 5 капеек на аднаго вылятаў за месяц у істотную суму. І дзеці па чарзе, хітруючы, пераконвалі маці, што ў клуб прывезлі вельмі павучальную карціну, які абавязкова трэбы паглядзець. Мама верыла – і Голубевы звычайна былі сярод першых наведвальнікаў.





Напэўна, на гэтых кінасеансах і “захварэў” Славік небам. У яго з’явілася мара – запаветная, неадольная, на ўсё жыццё: стаць лётчыкам. Таму і вучыўся добра ў школе, стараўся ўмацоўваць фізічную падрыхтоўку. І ўсё ж з першага разу не паступіў у ваеннае вучылішча. Бацька быў нават рады. “Навошта табе тая шапка Манамаха? – супакойваў расстроенага сына Канстанцін Васільевіч. — Будзеш мне на старасці памагаць. А зараз баранку круці”. Славік і сапраўды пайшоў працаваць. У яго былі вадзіцельскія правы пасля заканчэння аўташколы, таму год ён адпрацаваў. Але першая няўдача яго не зламала – неба па-ранейшаму клікала вясковага юнака, маніла сваёй недасяжнасцю, загадкавасцю… І на наступны год Слава зноў паехаў паступаць ў Харкаўскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча. На гэты раз яго чакаў поспех!
Пасля заканчэння вучылішча малады лётчык атрымаў накіраванне служыць на Далёкі Усход. Ларыса Канстанцінаўна да сённяшняга дня захоўвае падарунак брата з таго часу – лётчыцкія унты.
У адзін з прыездаў у водпуск Слава у Астраўцы ў рэстаране пазнаёміўся з Нінай Любімавай, выкладчыцай мясцовай музычнай школы. Малады прыгожы лётчык, можна сказаць, без бою заваяваў сэрца мясцовай прыгажуні: усяго праз некалькі дзён яна стала яго жонкай. З водпуску на месца службы, на Далёкі Усход, яны вярнуліся ўжо разам.
Праз некаторы час ён атрымаў прызначэнне служыць у Венгрыі. У 80-я, пасля вядомых падзей, іх авіяполк быў пераведзены на Украіну, у Кіраваград. Там маёр Голубеў стаў рыхтаваць маладых лётчыкаў, перадаваць ім сваё майстэрства.
І тут – Афганістан… У Голубевых на той час было ўжо трое дзяцей, малодшаму сыну Дзянісу споўнілася толькі тры гадкі. Ён меў магчымасць і юрыдычнае права пазбегнуць удзелу ў гэтай вайне. Але як кінуць гэтых маладых хлопчыкаў, якіх вучыў, якія верылі яму, як сабе, у пекла вайны — а самому адседжвацца ў зацішку? Не так выхоўвалі бацькі Славу Голубева, не такім было ў яго сэрца – ён бы такога сабе ніколі не дазволіў і не дараваў. І ён, канешне ж, пайшоў разам з усімі. Падпалкоўнік В.К.Голубеў быў прызначаны камандзірам эскадрыллі ў складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Афганістане.
Родным  ён стараўся не расказваць пра  сваю службу ў Афганістане – не хацеў турбаваць. А вось сябру дзяцінства, з якім разам днямі прападалі на рыбалцы, вучыліся страляць з паляўнічага ружжа, каталіся на матацыкле, з якім хлеба акрайчык – і той папалам. Можна было ўсё, без утойкі…





…Той вылет 10 сакавіка 1986 года быў другім за дзень: яны атрымалі загад падтрымаць з паветра нашых салдат, якія вялі цяжкі бой з душманамі. І раптам яго МІГ-23 падбілі. “Катапульціравацца!” – паступіў загад з зямлі. Але ўнізе – бой, і невядома, куды прызямлішся, на чыю тэрыторыю… Калі трапіць у палон да душманаў, то лепей – смерць. А аэрадром – непадалёк, усяго ў дзесяці хвілінах лёту… І ён цягнуў, колькі было можна, перш чым націснуць рычаг катапульты.
Рэзкі боль у пазваночніку ён адчуў яшчэ ў паветры – і з жахам думаў, што будзе падчас прызямлення. Пастараўся згрупіравацца, падцягнуць стропы, каб прызямліцца не на ногі, а ўпасці на бок. Але ўсё роўна ад болю на нейкі  час страціў прытомнасць. Калі ачнуўся, убачыў, што затрымаўся на самым краі бездані. Падцягнуў да сябе аўтамат. Аб яго месцазнаходжанні павінен быў паведаміць “маячок”, які выкідваўся з самалёта разам з лётчыкам. І сапраўды – хутка ў небе закружылі два верталёты. Запаліў сігнальную ракету – і адкінуў як мага далей: на сігнал маглі зрэагаваць і душманы і накрыць тое месца агнём. Сябры, на шчасце, заўважылі: праз некалькі хвілін адна “вяртушка”, прыкрываючы іх, завісла ў паветры, а другая спусцілася на зямлю. Але ўстаць Слава ўжо не змог: у верталёт яго падымалі на насілках…
Далей быў шпіталь у Кабуле, затым – у Ташкенце... Доўгія месяцы нерухомасці… Затым – гіпсавы гарсэт, спроба па-новаму вучыцца стаяць, зрабіць крок, другі, трэці… Сіла духу і добрая фізічная падрыхтоўка дапамаглі: ён зноў стаў на ногі, вярнуўся на аэрадром. Ды лятаць ужо не змог. Але працаваў, быў сярод сваіх…
–З намі ён быў скупы на словы, мала расказваў пра сябе, – гаворыць сястра. — Таму мы мала ведаем пра яго службу. Саслужыўцы гаварылі, што Слава быў лётчыкам-прафесіяналам з вялікай літары, надзвычай цікавым суразмоўцам, чалавекам з абаяльнай усмешкай і адкрытай душой, гатовы заўсёды прыйсці на выручку кожнаму, каму патрэбна была яго дапамога. Але сам ён мала гаварыў пра свае справы, больш цікавіўся нашымі. Любіў расказваць аб сваіх дзецях, якіх бязмерна любіў: старэйшы сын быў названы ў гонар дзеда Канстанцінам, і пайшоў услед за бацькам –стаў ваенным. Сярэдняя, Волечка — таткава любіміца, яго святло ў аконцы. Дзяніс больш падобны на маці і ў жыцці пайшоў па мамінай дарозе: зараз працуе ў кансерваторыі. Слава заўсёды вельмі любіў сваю сям’ю – дзяцей, нас, сёстраў. Не кажучы ўжо пра бацькоў: хоць раз у год ён абавязкова павінен быў праведаць іх. І раптам здарылася незразумелае: 12 лютага 2006 года памерла наша мама, а ён не прыехаў з ёй развітацца! Мы не ведалі, што на той час ён ужо хадзіў з палачкай, і ўрачы не маглі вызначыць, адкуль узялася страшная хвароба… Мне ён гаварыў: “Не хвалюйся, я выкараскаюся, я абавязкова перамагу яшчэ раз !” Але на гэты раз яго перамаглі…
…На прыгожым, узнёслым помніку дата яго смерці — 07.07.2007.  Ёсць нешта магічнае, незвычайнае ў спалучэнні гэтых лічбаў.  Бо і сам ён быў незвычайным. Ці можа, якраз звычайным? Звычайным добрым чалавекам. Звычайным героем…
Тры жмені беларускай зямлі на магіле Вячаслава Канстанцінавіча Голубева на воінскіх могілках у Кіраваградзе — яны яго яднаюць з месцам, дзе рос, станавіўся чалавекам – тым, кім ён стаў…


Здымкі з сямейнага архіва Голубевых.