Святлана Куцько: "Цаніць само жыццё"

07:43 / 11.10.2010

Артысты на сцэне іграюць свае ролі, ім трэба быць яркімі, упэўненымі, харызматычнымі, вясёлымі, узнёслымі, журботнымі. Але мне заўсёды цікава было даведацца, якія яны ў жыцці, аб чым думаюць і пра што мараць. І ў каго яны ператвараюцца, калі заканчваецца карнавал і гаснуць свечкі.
Святлану Куцько, дырэктара раённага Дома культуры, усе ведаюць, як цудоўную спявачку і нязменную вядучую ўсіх канцэртаў і святочных мерапрыемстваў. Я заўсёды бачыла яе на сцэне – яркую, сонечную, вясёлую – і менавіта такой уяўляла яе ў звычайным жыцці. Толькі пры знаёмстве яна мне адкрылася яшчэ і з іншага боку, я б нават сказала, здзівіла: спакойная, разважлівая, з глыбокім і задумлівым позіркам. Але – пра ўсё па парадку. Знаёмцеся – Святлана Куцько.



Візітная картка

Святлана Куцько нарадзілася і вырасла ў Астраўцы. Скончыла з чырвоным дыпломам Гродзенскі каледж мастацтваў па спецыяльнасці “Арганізатар культурна-забаўляльнай дзейнасці. Кіраўнік народнага хору”. Працавала дырэктарам Мальскага СДК, потым Кямелішкаўскага СДК, з 2008 года ўзначальвае раённы Дом культуры. Вучыцца на 3 курсе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Замужам, гадуе двух сыноў – Арцёма і Ягора. Старэйшаму сем гадоў, малодшаму – чатыры. Святлана любіць вясну, пару яе нараджэння. І адчувае сябе самай шчаслівай жанчынай на свеце, калі побач любімы муж. Цэніць у людзях шчырасць, а ў жыцці – само жыццё. І жыве па прынцыпу: “Не шкадуй, што было. Не гадай, што будзе. Беражы, што ёсць”.



Шлях да прафесіі

– Давайце вернемся ў ваша дзяцінства. Магу выказаць меркаванне, што вы былі актыўнай дзяўчынкай, удзельнічалі ва ўсіх конкурсах мастацкай самадзейнасці…
– Памыляецеся. Я была вельмі спакойнай і безыніцыятыўнай дзяўчынкай. Мама заўсёды расказвала, што ў час вялікіх чэргаў яна мяне маленькую магла пакінуць адну дома, даць цацкі і праз тры гадзіны знайсці на тым жа месцы. У школе я не ўдзельнічала ні ў якіх конкурсах мастацкай самадзейнасці, і ўвогуле нідзе не ўдзельнічала, на дыскатэкі нават не хадзіла…Хаця вучылася добра, і мяне ўгаворвалі паступаць ва ўніверсітэт на эканаміста ці юрыста. Але мне падабалася спяваць, і ў старэйшых класах я ўсё ж такі вырашыла паспрабаваць свае сілы і пайшла ў студыю А.П. Альховіка. Ён мяне паслухаў і, як зараз памятаю, так далікатна сказаў: “Дзяўчынка, займіся чым-небудзь іншым”. Я вырашыла, што ў мяне няма таленту. Толькі чамусьці гэта мяне не спыніла, і я пайшла ў студыю А.А. Якіменкі. Ён мяне ўзяў да сябе, я пачала ездзіць з ім па канцэртах, і менавіта ён параіў мне паступаць у каледж мастацтваў. Вось і паступіла, хаця і ў музычную школу не хадзіла і была абсалютна непрыкметнай дзяўчынкай.
– Можа вы проста сябе недаацэньвалі?
– Можа быць. Я ўвогуле вельмі самакрытычны чалавек, ды і да сваіх работнікаў праз меру патрабавальная. А ў каледжы, сапраўды, мяне заўважылі. Сталі выдзяляць з групы, менавіта мне даручаць многія справы. Зразумела, што і я на нешта здольная.
– А калі б была магчымасць вярнуць час назад, вы б хацелі змяніць прафесію?
– Не, я не шкадую, што атрымала гэтую спецыяльнасць. Яна мяне раскрыла як чалавека, дагэтуль я была вельмі замкнутая. І сказаць па праўдзе, з 13 да 17 гадоў я на поўным сур’ёзе збіралася пайсці ў манастыр, пагэтаму ні ў якай культуры сябе не бачыла. А потым я пазнаёмілася са сваім будучым мужам, і ўсё ў маім жыцці змянілася…Я атрымала добрую спецыяльнасць, і зараз мне прыемна, што ў мяне атрымліваецца тое, чым я займаюся. Усе знаёмыя кажуць, што я на сваім месцы. Адзіная праблема – у нас, работнікаў культуры, ненарміраваны графік. На святы мяне часта не бывае дома. А мне хочацца больш часу праводзіць з сям’ёй.
– Дарэчы, як родныя адносяцца да таго, што вас часта не бывае дома?
– Муж мяне вельмі падтрымлівае. Як ужо разумее мяне Валера, не разумее ніхто. Часам даводзіцца вяртацца з канцэртаў і ў дзве гадзіны ночы, другі б ужо ўчыніў скандал, а ў нас з гэтым праблем не ўзнікае. За гэта я ўдзячна мужу, таму што калі б ты прыходзіў стомлены з работы, а цябе б яшчэ дома пілавалі – было б невыносна цяжка.
– А якое вы б маглі даць азначэнне такому паняццю, як “работнік культуры”? Што гэта за людзі такія?
– Работнік культуры... (задумваецца). Гэта чалавек, без якога было б сумна жыць. На нас ускладзена высакародная місія — рабіць прыемна іншым людзям, весяліць іх. Хаця ў самога, здараецца, кошкі скрабуць на сэрцы, але гэтага ніхто не павінен заўважыць.
– Не памылюся, калі скажу што гэта яшчэ і шматпрофільная прафесія: работнік культуры звычайна і спявае, і танцуе, і іграе ў тэатры…
– І білеты прадае (смяецца). Сапраўды, акрамя таго, што я займаюся арганізацыяй усіх мерапрыемстваў, што праходзяць у раёне, дык я яшчэ сама і спяваю, і танцую, з’яўляюся вядучай усіх канцэртаў, праводжу заняткі аэробікі. Яшчэ я з’яўляюся кіраўніком дзіцячага вакальнага калектыву “Задорынкі”. З-за недахопу грошай даводзіцца быць і швачкай: сама прыдумваю і шыю касцюмы для вакальнай групы “Авацыя” – добра, што бабуля ў дзяцінстве навучыла мяне гэтаму майстэрству. Ды ўвогуле, шмат работы. Моладзь зараз стала больш патрабавальная, ужо проста на дыскатэкі ім хадзіць не цікава – вось і прыходзіцца прыдумваць пенныя шоу, шукаць артыстаў.
– Падзяліцеся сваімі дасягненнямі.
– Я ўжо казала, што я вельмі самакрытычны чалавек, таму не ўмею працаваць спусціўшы рукавы. Як вынік – прызавыя месцы на розных конкурсах. Мы занялі 1 месца ў вобласці за лепшую дыскатэку, на “Дажынках” у Лідзе – 1 месца ў рэспубліцы за лепшае музычнае афармленне пляцоўкі. На раённым конкурсе “Цудоўная пяцёрка” каманда “Астравецрайгазу”, якую я рыхтавала, таксама святкавала перамогу. І на конкурсе “Дзве зоркі” наш дуэт з А.І. Марцінчыкам стаў лепшым. Маёй ідэяй было стварэнне вакальнай групы “Авацыя”, а яшчэ ў мяне ёсць вялікае жаданне стварыць падобны мужчынскі калектыў. Але ўсе нашы дасягненні сталі магчымымі дзякуючы фінансавай падтрымцы старшыні райвыканкама. Вось і зараз за добрае выступленне на “Дажынках” ён выдзеліў нам сродкі на набыццё касцюмаў для калектываў РДК – гэта лепшы падарунак для мяне да Дня работнікаў культуры.
– Ва ўсіх творчых людзей здараюцца моманты творчага крызісу і апускаюцца рукі. З вамі такое здаралася? І як вы выходзілі з такога стану?
– У мяне быў вельмі цяжкі перыяд, калі я толькі прыйшла працаваць у раённы Дом культуры. Гэта супала са святам горада, работы было – не ўздыхнуць. Паўгода я плакала і некалькі разоў пісала заяву аб звальненні. Але перажыла гэты перыяд, можа, пасталела і пачала па-іншаму да ўсяго адносіцца. Зараз я ўсе рабочыя праблемы пакідаю на рабоце. Навошта зрывацца на сваіх родных?
А якія плюсы бачыце ў сваёй рабоце?
– Мне прыемна, што я запатрабавана, што ў мяне вельмі добры калектыў. І я з радасцю іду на работу, бо ведаю, што заўсёды знайду падтрымку ва ўсіх маіх пачынаннях.
– А што для вас значыць музыка?
– Музыка – гэта стан душы. Нават выбіраючы песню для свайго рэпертуару, заўсёды слухаю свае пачуцці. Што я адчуваю, як адношуся да таго ці іншага свята – усё знойдзе сваё адлюстраванне ў песні.



Захапленні, мары, пажаданні

– Чым вы захапляецеся ў вольны час? Як любіце адпачываць?
– Калі ў мяне ёсць вольны час, я стараюся прысвяціць яго сям’і. Летам мы любім выязджаць з палаткамі на Сарачанскія азёры, узімку катаемся на лыжах. Ды і проста любім выйсці і прагуляцца разам.
– А як вы лічыце, што галоўнае: жаночае шчасце ці бліскучая кар’ера?
– Жаночае шчасце…Дзякуй Богу, яно ў мяне ёсць…(у гэты момант вочы Святланы заззялі… Ды так, што іх святло, здаецца, развянчала б усе тэорыі феміністак і кар’ерыстак)
– Аб чым вы марылі дзесяць гадоў назад і аб чым марыце зараз?
– Дзесяць гадоў назад я пазнаёмілася са сваім будучым мужам і марыла быць шчаслівай. І зараз я шчаслівая жанчына, аб чым яшчэ можна марыць? Ёсць, канешне, жаданні, але ўсе яны, спадзяюся, ажыццявяцца. У канцы года мы з сям’ёй пераедзем у новую кватэру, хачу хутчэй скончыць універсітэт, і каб муж атрымаў вышэйшую адукацыю. Хаця ёсць у мяне адна блакітная мара – скокнуць з парашутам.
– А што самае галоўнае ў жыцці?
– Каб не было вайны. І каб мае родныя жылі як можна даўжэй.
– Дзякуй за цікавую гутарку!


Вольга ШОЎКУН.