Яўгеній Кухарчык: "Мне не трэба спакою"

14:31 / 15.09.2010
Жыццё, як ні круці, праходзіць... Імгненне за імгненнем. Гадзіна за гадзінай. Дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем. Неяк так неўпрыкмет падкралася сямідзесяцігоддзе… Здаецца, і не жыў… Быццам бы толькі ўчора небарака-бусел скінуў мяне ў бацькаву росную капусту… На досвітку… У самым канцы жніўня 1940 года…


Дзяцінства

Цікава, ці радаваліся майму з’яўленню на свет бацькі? Усё ж восьмае дзіця ў сям’і малазямельнага селяніна – гэта дадатковы галодны рот, у які не заўсёды знойдзецца што пакласці… Чатыры браты і тры сястры ўжо ўдосталь паспелі паспытаць саленаватага прысмаку працы – і на бацькавым сціплым надзеле, і на панскім вялізным полі. А тут я – немаўля-гарлапан, які па начах не дае спакойна адпачыць… Толькі і да гэтага часу жыве ўва мне ўпэўненасць, што быў я жаданым сынам. Можа, таму, што кожнае дзіця – падарунак Бога? А можа, таму што стаў для бацькоў пацехай і апекуном пад старасць.
Хаця некаторыя прэтэнзіі да таго першапачатковага бусла ў мяне ўсё ж ёсць – для майго нараджэння мог бы падабраць куды больш спакойны час. Не, сапраўды. Не прайшло яшчэ і года з таго дня, як беларускія “тэрэны” пакінулі палякі – і тут жа “западные области” занялі рускія. Карэнная ломка ўсяго ўкладу жыцця… Ды што там! Руйнаваўся спрадвечны сялянскі сэнс быцця. Селянін жа заўсёды жыў на зямлі, зямлёй і дзеля зямлі. Пра яе ён доўгімі зімовымі начамі ці то трызніў, ці то складаў планы: на якой палосцы пасее ячмень, а дзе “ўкіне лешку бульбы”. Аб ёй марыў позняй восенню, калі абмалочаны ўраджай дазваляў спадзявацца на лішнюю капейчыну, за якую, калі дадаць яшчэ злотых гэтак каля пяцісот (толькі б зямельны банк даў пазыку!), можна было б прыдбаць той клінок ля балотца. Там жа зямліца – хоць на хлеб намаж!
І раптам свет перакуліўся з ног на галаву – зямля стала агульнай. А значыць, нічыёй. Дзеля чаго ж жыць селяніну? Што ж ён, калі прыйдзе час, пакіне сваім нашчадкам? Балюча, па-жывому адрывалі мужыка ад ягонай зямлі. Прывучалі да новага жыцця – калектыўнага. І ў гэтым ладзе, безумоўна, былі свае плюсы. Толькі новаму жыццю не суджана было праіснаваць доўга…
Эх, бусел-бусел! Я ячшэ і хадзіць не навучыўся, як чэрвеньская цішыня краіны разляцелася на міліярды кавалкаў… Днём і ноччу праз нашу вёску Краснае ішлі на захад нямецкія войскі. Я не магу гэта помніць? Канешне, хіба дзесяцімесячнае немаўля можа разабрацца, хто – наш, хто – вораг? І ўсё ж ёсць рэчы, пра якія памятаюць (не маюць права забыць!) нават тыя, хто нарадзіўся нашмат пазней.
Партызаны забілі двух нямецкіх салдат на дарозе Свіслач–Краснае, паміж вёскамі Краснае і Каласы. І немцы вырашылі, што зрабіў гэта хтосьці з мясцовых…
У тую раніцу карацелі абагналі сонца – прыехалі ў вёску раней, чым свяціла распрастала пасля сну свае прыкамечаныя промні. Стук прыкладаў у дзверы хат. Гартаннае нямецкае: шнэль-шнэль… Усіх мужчын вёсак Краснае і Каласы сагналі ў цэнтр нашай вёскі і прымусілі капаць вялізную яму. Калі будучая магіла была гатова, на яе краі пад дуламі аўтаматаў выстраілі 83 чалавекі. Расстраляць нас не паспелі – каласоўскаму старасце Пятру Смалею ўдалося ўпэўніць немцаў, што вясковыя людзі не вінаваты ў гібелі салдат – гэта ўсё справа рук партызанаў…
А партызанскія атрады ў нашых лясах раслі, як грыбы пасля дажджу. Мясцовае насельніцтва падтрымлівала народных мсціўцаў, чым магло. Моладзь з бліжэйшых вёсак актыўна ішла ў партызаны, асабліва пасля таго выпадку з расстрэлам. Хаця небяспека пакарання літаральна лунала ў паветры.
У ліпені 1944 года прыйшло вызваленне. За нейкі час да прыходу Чырвонай Арміі партызанская разведка данесла, што ў гітлераўцаў ёсць план знішчэння непакорных вёсак. Партызаны папярэдзілі людзей, і ўсе ў адзін дзень сышлі ў лес – балазе, наша Краснае стаяла на самым ускрайку Белавежскай пушчы. Праз некалькі дзён немцы сапраўды прыбылі, але ўсе дамы навакольных вёсак пуставалі. Фашысты ўзарвалі школу, некалькі мастоў праз Свіслач і з гэтым адбылі.
Калі мы вярнуліся ў вёску, у ёй ужо стаялі савецкія салдаты. Адзін з іх даў мне два кавалачкі цукру-рафінаду… Я так і не зразумеў, цэлымі я іх праглынуў ці яны ў імгненне вока расталі ў мяне ў роце? Голад. Трымаліся ў тыя часы на шчаўі ды лебядзе. Памятаю, як мама і тата набралі ў полі каласоў, змалолі і, шчодра разбавіўшы лебядой, спяклі бабку – якая смаката! Зіма 44-45 гадоў была асабліва галоднай. А на вясну кожны гаспадар узяўся засяваць сваю зямлю. Чым – я і сам не ведаю, але тата таксама пасеяў збожжа, пасадзіў бульбу. Год Перамогі быў шчодры і на ўраджай – бацькі намалацілі хлеба, накапалі бульбы. Выгадавалі цялушку, і цяпер у нас стала дзве каровы. А яшчэ распладзіліся авечкі, свінаматка прывяла парасят... Мірнае сытае жыццё на сваёй зямлі – пра што яшчэ можа марыць селянін?!
А ў канцы 1946 года сярод ночы нас разбудзіў з часоў вайны знаёмы грукат – у дзверы лупцавалі прыкладам. Нехта ў скураным паліто прадставіў ордэр: кулак Кухарчык, які разбагацеў на крывавым поце сваіх землякоў, падлягае вывазцы ў Сібір разам з усёй сям’ёй.
–Якім поце? Усё ж са свайго мазаля! Ды і пан начальнік хіба бачыць, якое ў нас багацце… Старэйшы наш сын ваяваў у Чырвонай арміі. А мой малодшы брат загінуў пад Кенігсбергам…
–Нам паступіў сігнал, – быў няўмольным чэкіст.
Ад вывазкі нашу сям’ю ўратавала даведка. Звычайная – з подпісам і пячаткай. Тату далі яе партызаны, як пасведчанне, што ўсю вайну ён быў партызанскім сувязным…





Мае ўніверсітэты

Навошта чалавек вучыцца? Навошта год за годам набываць веды, 90 працэнтаў якіх табе ніколі не спатрэбяцца? Ад маладых цяпер нярэдка можна пачуць пра выключнасць сённяшняга пакалення. Маўляў, з камп’ютарам яны на “ты”, у інтэрнеце арыентуюцца, як ва ўласнай кішэні. Адным словам, вундэркінды ўсіх часоў.
А мне думаецца, чалавечы розум – велічыня пастаянная. Вы ведаеце камп’ютар – а мы ведалі, як спячы хлеб, як падаіць карову, пасля якой культуры лепш садзіць бульбу, а пасля якой – сеяць хлеб… Вы арыентуецеся ў інтэрнеце, а мы арыентаваліся ў лесе – ведалі кожную яго сцяжынку, умелі падклікаць птушак, па пакінутых слядах вызначалі, які прабег звер… Мы жылі (і дзякуй Богу – жывём) у рэальным свеце – а вас усё мацней зацягвае ў сваё павуцінне свет віртуальны…
Першым маім “універсітэтам” стала Каласоўская пачатковая школа – у чатырох кіламетрах ад нашай вёскі. Зрэшты, вызначэнне “школа” для яе занадта гучнае – мы займаліся ў двух невялічкіх пакоях звычайнай сялянскай хаты. Вучыцца я прыйшоў, не ўмеючы ні чытаць, ні пісаць. Затое кароў пас выдатна!
Пасля Каласоўскай школы была Стокская сямігодка, дабірацца ў якую трэба было шэсць кіламетраў па ўскрайку пушчы. Адыходзячы, немцы замініравалі Стокскую школу і зверху на кожную міну паклалі па мяшку мукі. Але ніхто не крануў гэтыя прыпасы – падазрона шчодрымі былі пачастункі, пакінутыя фашыстамі. Пазней савецкія сапёры размініравалі памяшканне, і школа засталася цэлай.
Вучылі нас сапраўдныя, з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй, настаўнікі – можа таму я з такім задавальненнем кожную раніцу спяшаўся ў школу. У сакавіку 1953 года нас сабралі на мітынг – памёр Сталін…
У 1954-ым сямігодку я закончыў. Куды далей? Выбар вучэльняў быў, але адкуль у бацькі грошы на маю далейшую вучобу? У 1949-50 гг. былі арганізаваны калгасы, на працадзень плацілі, лічы, зярняткамі. Так што зноў, як падчас вайны, людзі сталі збіраць па палях страчаныя каласкі…
Прынялі мяне ў Кляпачскую сярэднюю школу, але ў гэты час адукацыйную машыну Беларусі сталі тэрмінова пераводзіць на рускамоўныя рэйкі. Пасля сямі класаў беларускай школы ў рускай я адчуваў сябе не на сваім месцы. Ды і бацькам патрэбна была дапамога. У нашым сяле якраз адкрылася новая школа, у якую я і перавёўся на вячэрняе аддзяленне, а працаваць пайшоў у калгас – у паляводчую брыгаду.
Яшчэ ў школе мяне прынялі ў камсамол. Сёння да гэтай маладзёжнай арганізацыі можна ставіцца па-рознаму, але тады мы ўспрымалі яе ўсур’ёз і падзялялі ўсе яе інтарэсы. Вось быў заклік ЦК ВЛКСМ аб стварэнні камсамольска-маладзёжных брыгад па нарыхтоўцы і вывазцы арганічных угнаенняў – мы тут жа арганізавалі такую брыгаду і працавалі не за страх, а за сумленне. Мяне тады ўзнагародзілі Падзячнай граматай ЦК ВЛКСМ і неўзабаве перавялі ў рахункаводы. Але на “няпыльнай” пасадзе я затрымаўся нядоўга. Закончыў вучылішча механізатараў і стаў працаваць у роднай гаспадарцы – спачатку трактарыстам, потым – брыгадзірам трактарнай брыгады. Неўзабаве ўступіў у камуністычную партыю і быў абраны сакратаром партарганізацыі.
Так я ўжо ўстроены, што не ўмею працаваць у палову сілы. Вось і на партыйнай пасадзе стараўся ад душы. Маё старанне заўважылі ў раёне і нават надумалі, як гэта тады называлася, “прасунуць вышэй”, але мне не хапала адукацыі. “Ты чаму не паступаеш вучыцца?” – запытаўся ў мяне аднойчы першы сакратар Бераставіцкага райкама. – “Няма за што, – так прама і адказаў я яму. – На адзін працадзень даюць 200 грамаў збожжа – не разгонішся”. Праз некалькі тыдняў рашэннем РК КПБ мне была прызначана даплата – палова стаўкі інструктара райкама. І канкрэтная прапанова стаць навучэнцам Магілёўскай партыйнай школы. Закончыў я яе ў 1965 годзе, размеркаванне атрымаў у Гродзенскі абласны камітэт КПБ. А там яшчэ адна канкрэтная прапанова – Астравецкі раён.



На зямлі Астравецкай

16 ліпеня 1965 года я прыехаў на Астравеччыну. Уладкаваўся інструктарам райкама партыі. Стаў працаваць, як заўсёды – як умеў. Як быў з маленства прывучаны бацькамі. Прапановы не прымусілі сябе чакаць – спачатку старшынёй у калгас “Шлях Леніна”, потым – у Масцянскі калгас, у імя Яўсеева... Як мог, адбіваўся. Не таму, што баяўся працы або адказнасці. Проста я планаваў вярнуцца на радзіму. Мне там нават трымалі месца.
Яўгеній Якаўлевіч з унукам ЖэнемАле асаблівы магнетызм астравецкай зямлі ўзяў мяне ў палон раз і назаўсёды. У канцы ліпеня 1969 года мяне зацвердзілі на пасаду старшыні калгаса “Зара”. Два прадстаўнікі райкама і раённы пракурор прывезлі мяне ў гаспадарку. Усе астатнія калгасы ўжо прыступілі да жніва, а “Зара” выбірала старшыню…
Пра стан прынятай мной гаспадаркі можна было б расказваць доўга. Пра тры наяўныя камбайны, з якіх толькі адзін здолеў выйсці ў поле, але не пратрымаўся і тыдня. Пра ўраджайнасць збожжавых, якая складала 10 цэнтнераў з гектара. Пра зарослыя хмызняком і пустазеллем забалочаныя палі. Пра дарогі, па якіх да Альхоўкі УАЗік старшыні прыходзілася цягнуць гусенічным трактарам…
У 1973 годзе ўраджайнасць збожжавых складала 30 цэнтнераў з гектара. Было асушана паўтары тысячы гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, пабудаваны майстэрня, два магазіны, лазня, жылыя дамы, дарога да Альхоўкі… У сярэдзіне 70-ых мы ўжо сталі займаць прызавыя месцы ў раённым спаборніцтве.
За працу ў “Зары” я быў узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, медалём і знакам “Выдатнік сацыялістычнага спаборніцтва”. Рэха нашых поспехаў разышлося за межы раёна – мяне сталі “пераманьваць” у Смаргонскі раён і нават на Літву. Перспектыва ўзначаліць “Светлы шлях” Смаргонскага раёна спакусіла, і “Зару” я вырашыў пакінуць. Але развітацца з Астравеччынай так і не ўдалося – жонка наадрэз адмовілася пераехаць у Смаргонскі раён. Прыйшлося застацца. Мне тут жа прапанавалі пасаду старшыні ў Спондах. “Пасылайце, куды хочаце, але каб намеснікам і непадалёк ад гарпасёлка”. Вось так у якасці намесніка я апынуўся ў калгасе імя Калініна у Дайлідках. Гэта была нармальна развітая гаспадарка, якой кіраваў выдатны спецыяліст Генрых Віктаравіч Захарэвіч. У Дайлідках будаваўся жывёлагадоўчы комплекс, і я марыў уладкавацца туды загадчыкам. Думаў: насаджу навокал дубоў, добраўпарадкую тэрыторыю, да тэхналогіі вырошчвання буйной рагатай жывёлы не прывыкаць, – думалася мне…
Пад канец уборкі 1979 года мяне выклікалі ў райкам. Першы сакратар Т.І. Місуна аб’явіў: “Прызначаем вас старшынёй калгаса імя Карла Маркса”. “Я адмаўляюся, планую ўзначаліць комплекс у Дайлідках”, – спрабаваў аспрэчыць яго рашэнне я. – “А ў вас ніхто і не пытаецца, – парыраваў першы сакратар. – Партыя прыняла такое рашэнне…”
І зноў усё з самага пачатку: раскарчоўка палёў, уборка камянёў, павелічэнне контурнасці ўчасткаў…
Трэба сказаць, што ў жыцці мне вельмі шанцавала на паплечнікаў. У “Зары” са мной працавала цудоўная каманда, у Вароне маю ініцыятыву падтрымалі галоўны аграном Г.Ф. Кара, галоўны заатэхнік В.І. Міхцеева, эканаміст Георгій Рудзік, аграном М.К. Журавель, інжынер М. Кяжун, галоўны бухгалтар С.Ф. Гіновіч, намеснік па кормавытворчасці Р.І. Статкевіч, загадчыкі ўчасткаў К.Ф. Ляховіч, В.Ф. Ластоўскі і многія іншыя. Выдатныя людзі працавалі ў жывёлагадоўлі – да прыкладу, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР даярка Малання Жыліс была ўзнагароджана ордэнам Леніна. А якім моцным быў калектыў механізатараў і вадзіцеляў!
Калгас імя Карла Маркса вельмі хутка стаў правафланговым у раёне – ураджайнасць, надоі, прывагі былі аднымі з лепшых на Астравеччыне. Вядома, падобны поспех – заслуга ўсяго калектыву, кожны з нас працаваў у поўную сілу. Хаця ад кіраўніка гаспадаркі залежыць вельмі многае – паверце мне на слова. І калі “галава” гаспадаркі хоча нечага дабіцца, ён павінен навучыцца цалкам аддаваць усяго сябе справе.
Выпадак з маім сынам вельмі яскрава сведчыць аб тым, якім я быў кіраўніком. Кіраўніцтва раёна прапанавала яму паступаць у сельскагаспадарчую ВНУ. Маўляў, кіруючая дынастыя атрымаецца, будзеш, як і бацька, старшынёй. Сын адмовіўся наадрэз. “Тата працуе з самай раніцы і да ночы, а што з гэтага мае? Што ў нас ёсць такое, чаго няма ў іншых, хто працуе на куды больш спакойных месцах?” І сын стаў настаўнікам.
–Запалохаў сына сельскай гаспадаркай, – папракнуў мяне тагачасны першы сакратар райкама партыі.
І не думаў я палохаць! Наадварот, вельмі часта браў яго з сабой на фермы, да камбайнаў, да сеялак…



Пасля калгаса

Пасля калгаса быў “Дзяржстрах”. Зруйнаваны, развалены, нават без памяшкання. З чыста ўмоўнымі зарплатамі. Па крупінцы, але я аднавіў арганізацыю – набыў будынак, набраў людзей, дабіўся адэкватнай зарплаты.
У 65 гадоў мяне адправілі на пенсію. Але хіба можа нармальны мужчына сядзець, склаўшы рукі?
Амаль пяць гадоў я ўзначальваю цэх бетонных вырабаў СВК “Страча”. Так-так, кожную раніцу з Вароны еду ў Масцяны, дзе знаходзіцца маё працоўнае месца. І спакойнай, бесклапотнай гэту працу не назавеш. Але мне і не трэба спакою – пакуль мозг і мышцы слухаюцца, хачу быць у гушчыні падзей.
Не, дарагі бусел, усё ж такі ў правільны час ты прынёс мяне...


Запісала Ганна ЧАКУР.
Фота з сямейнага архіву сям”і Кухарчык.