Паўнацэннае жыццё

19:06 / 20.08.2010

Рашэннем раённага выканаўчага камітэта са снежня мінулага года на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва было адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Тут яны могуць пазнаёміцца з новымі людзьмі, наведваць гурткі па інтарэсах, удзельнічаць у рабоце спецыялізаванай майстэрні — адным словам, правесці свой час цікава і з карысцю. Усё гэта садзейнічае сацыяльнай адаптацыі інвалідаў і ўносіць у іх жыццё разнастайнасць.


А пачыналася ўсё з ідэі і неўтаймоўнага энтузіязму кіраўніка валанцёрскага атрада “Прамень” Ірыны Ігараўны Стэх (зараз — загадчыцы аддзялення), якая хацела стварыць другі дом для дзяцей і маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дзе тыя змогуць авалодаць навыкамі самаабслугоўвання, навучыцца арыентавацца ў навакольным свеце самастойна, без дапамогі бацькоў. Яе падтрымалі ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а затым неабходныя сродкі для дзейнасці аддзялення выдзеліў райвыканкам.
Не абышлося без падтрымкі спонсараў. Старшыня раённай арганізацыі Фонду міру А. С. Сухадольская дапамагла набыць тэлевізар з вадкакрышталічным экранам і ўбудаваным DVD-прайгравальнікам. Пенсіянер з вёсцы Трокенікі Іван Свіла зрабіў драўляную мэблю для аддзялення, прадпрымальнік І.І. Раўдановіч падарыў электрычную пліту, а дырэктар Астравецкага лясгаса Р.М. Долгі прадаставіў матэрыялы для вырабу крытай альтанкі, што ў хуткім часе з’явіцца каля будынка тэрытарыяльнага цэнтра. Вялікую падтрымку ў выглядзе гуманітарнай дапамогі аказаў і працягвае аказваць Чырвоны Крыж. А ў планах – набыць аргтэхніку і мэблю. Такім чынам, сёння аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў уяўляе сабой утульнае памяшканне з усім самым неабходным для годнага правядзення часу. Яго наведваюць 9 чалавек, з іх пяцёра – дзеці з анкалагічнымі захворваннямі і чацвёра інвалідаў.
– Спачатку ў аддзяленні былі толькі анкалагічна хворыя дзеткі, – расказвае Ірына Ігараўна, – і ў нас узнікалі цяжкасці з наборам людзей. Дзеці ў нашым аддзяленні знаходзяцца на працягу чатырох гадзін у суткі, бо пакуль што не арганізавана харчаванне. Але гэтыя чатыры гадзіны праходзяць для іх цікава і насычана. З цягам часу нам паверылі – і да нас пайшлі.
Зараз пры аддзяленні створана спецыялізаваная майстэрня па вырошчванню хатніх раслін Дзяўчынкі з задавальненнем садзяць кветкі, даглядаюць іх, каб на 8 Сакавіка зрабіць сваю выставу. Каля будынка выхаванцы аддзялення пад кіраўніцтвам Ірыны Ігараўны пасадзілі маленькі агарод – там растуць сланечнікі, боб, фасоля.
Дзейнічае кулінарны гурток, дзе дзяўчынкі вучацца гатаваць, і ў хуткім часе яны хочуць стварыць смачную скарбонку ведаў – кнігу рэцэптаў. У бліжэйшай будучыні маладыя гаспадыні будуць вучыцца засольваць агуркі. А калі іх агарод дасць свае плады, то можна будзе рабіць нарыхтоўкі з садавіны і гародніны.
Ёсць пры аддзяленні і арт-тэрапеўтычны гурток, дзе маладыя людзі могуць праявіць свае творчыя здольнасці ў розных відах дзейнасці: вязанні, бісерапляценні, цестапластыцы, вышыванні. Ён паказвае, што талентаў у выхаванцаў аддзялення хапае.
Вольга Рукойць, да прыкладу, піша вершы, — асабліва блізкія ёй творы на ваенную і любоўную тэматыку. Увогуле, яна лічыць, што ад жыцця трэба браць усё, і калі ёсць магчымасць навучыцца чаму-небудзь новаму, то трэба гэтым карыстацца. Яна з задавальненнем ходзіць на кулінарныя заняткі, бо далёка не ўсё ўмее гатаваць, і марыць навучыцца іграць на гітары і асвоіць камп’ютэр.
Насці Курыла – 17 гадоў, яна вучыцца на швачку, а таксама прыгожа малюе. Як, дарэчы, і Эдуард Змітровіч, які збіраецца стаць архітэктарам. Яго непаўторныя малюнкі ўпрыгожваюць сцены аддзялення.
Вольга Літкоўская прыязджае ў цэнтр з Малых Якентан. Спачатку яе прывозіла і забірала мама, якая таксама мае групу інваліднасці, а потым вырашылі, што і Зінаіда Іванаўна можа знайсці сабе ў цэнтры занятак і цікава правесці час. Сёння маці і дачка наведваюць аддзяленне разам — ім вельмі падабаецца разводзіць кветкі.
Час ад часу прыходзяць у цэнтр бацькі з дзеткамі, што пакутуюць ад анкалагічных захворванняў. Падчас візіту я пазнаёмілася з Валянцінай Генрыхаўнай – сіле духу якой можна толькі пазайздросціць. Былы муж, калі даведаўся, што ў іх сына – рак, спалохаўся цяжкасцей і кінуў сям’ю. Але Валянціна не страчвае надзею, яна ўжо пяць гадоў змагаецца за жыццё сына. Больш таго, яна ўзяла ў сям’ю прыёмную дачку, маленькую Віку, якую палюбіла ўсім сэрцам. Валянціна лічыць, што калі яна ашчаслівіць хаця б адно дзіця, то Бог абавязкова дапаможа ёй выратаваць сына.
Выхаванцы аддзялення больш за ўсё любяць спяваць у “Караоке” – песні вельмі уздымаюць ім настрой. А дзякуючы інтэрактыўнаму тэлебачанню з’явілася магчымасць глядзець розныя пазнавальныя праграмы. Нядаўна маладым людзям пашчасціла з’ездзіць на экскурсію ў коннаспартыўны цэнтр “Гіпіка”.
Увага ўдзяляецца і аздараўленчым мерапрыемствам. У аддзяленні рэабілітацыі Астравецкай ЦРБ дзецям-інвалідам прадаставілі магчымасць прайсці шэраг працэдур. Спелеатэрапія, аэра- , іонатэрапія, фітабар – кожны мог выбраць аздараўленне па патрэбе і душы.
А для бацькоў у аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў праходзяць дні інфармавання, дзе яны могуць атрымаць кансультацыі юрыста, псіхолага, педагога.


– Мы б хацелі запрасіць да цеснага супрацоўніцтва бацькоў і дзяцей-інвалідаў, – кажа Ірына Ігараўна. – Наша аддзяленне стане для іх другім домам, дзе яны змогуць развіць творчыя здольнасці, набыць новых сяброў, авалодаць навыкамі самаабслугоўвання і, што самае галоўнае, – пераадолець комплекс чатырох сцен, ад якога яны ўсе пакутуюць.


Вольга ШОЎКУН.