Поле васількоў для Маргарыткі

18:56 / 20.08.2010


Каля двух месяцаў назад яна атрымала карону і тытул “Міс Астраўчанка”. Нягледзячы на тое, што гэта быў не рэспубліканскі размах і не адчыніў каралеве дзверы ў мадэльныя агенцтвы, перамога на конкурсе прыгажосці ўсё ж такі значыць многае для любой дзяўчыны. Што яна значыла для Маргарыты Рук, пра што яна марыць, і якія будуе планы – пра гэта і іншае мы і вырашылі распытаць астравецкую прыгажуню.

ВІЗІТНАЯ КАРТКА:


Імя, прозвішча: Маргарыта Рук.
Месца працы: аддзел архітэктуры райвыканкама.
Сямейнае становішча: не замужам.
Знак Задыяка: Рак.
Любімая страва: усё, што прыгатавана з любоўю.
Любімае месца адпачынку: любое, дзе адчуваеш сябе добра, спакойна і камфортна.
Тэмперамент: сангвінік-меланхолік.
Недахопы: бывае гультайкай – часам ведае, як, дзе і што зрабіць – але лянуецца.

–Прайшло нямала часу, як вы сталі ўладальніцай ганаровага тытулу “Міс Астраўчанка”. Ці змянілася ў вашым жыцці што-небудзь у сувязі з гэтай падзеяй?
–Шчыра кажучы, мне было вельмі прыемна, калі аднойчы, ужо праз некаторы час пасля конкурсу, хтосьці, убачыўшы мяне, сказаў свайму суразмоўцу: “Глядзі, вось гэта – “Міс астраўчанка”. Раней пра мяне звычайна казалі: “Гэта – Маргарыта Рук”. Я была проста дачкой сваіх бацькоў, якіх ведаюць у раёне. А атрыманы тытул – гэтага я дасягнула сваімі сіламі. Мяне заўважылі – значыць, я чагосьці вартая сама па сабе. Канешне, гэта прыемна.
–Першыя эмоцыі пасля перамогі? Наогул, што даў удзел у конкурсе?
–Эмоцыі былі самыя бурныя і радасныя. А сам конкурс дапамог неяк устрапянуцца, ажывіцца, адчуць сябе больш упэўнена, самаўдасканаліцца. У выніку я была вельмі задаволена, што прыняла ў ім удзел. Хаця, прызнаюся, спачатку было крыху страшнавата. Тады мяне калегі па рабоце і сябры падбадзёрвалі – ідзі і нічога не бойся. У школе і летніках часта праводзіліся падобныя мерапрыемствы, і я заўсёды актыўна ўдзельнічала – люблю сцэну. А вось ва ўніверсітэце з гэтым было тугавата. Пасля прыехала працаваць у Астравец – жыццё тут больш спакойнае ў параўнанні са сталіцай, і я расслабілася. А тут такі ўсплёск адрэналіну – падрыхтоўка, рэпетыцыі… І так прыемна было зноў прайсціся па сцэне, адчуць сябе прывабнай, пачуць кампліменты…
–Некаторыя лічаць, што прыгожай дзяўчыне не абавязкова быць разумнай. Маўляў, розум і прыгажосць – спалучэнне неспалучаемага. Што думаеце наконт гэтага?
–Не згодна! А яшчэ лічу, што для сапраўднай прыгажосці неабходна таксама пачуццё сціпласці і такту. Не трэба выстаўляць усе свае вартасці напаказ. Нават калі ты шмат чаго умееш ці ведаеш – зусім неабавязкова дэманстраваць гэта ўсім на кожным кроку.
Таксама дзяўчына павінна быць адукаванай, а не “пустышкай”. Прыгажосць вельмі хутка надакучыць, і тады ваш паклоннік пераключыцца на кагосьці іншага, хай сабе і не такога прыгожага, але цікавага, абаяльнага і разумнага.
–Ці ёсць у вас ідэал сапраўднай жанчыны, на якую б хацелася быць падобнай, раўняцца ці якая проста выклікае павагу і захапленне?
–Не ведаю, ці можна назваць гэта ідэалам, але мне чамусьці вельмі падабаюцца замежныя, заакіянскія дзівы. Напрыклад, Ума Турман, Мадонна, Анжаліна Джолі – яны такія моцныя духам, нават крыху ўладарныя, ведаюць, чаго хочуць і як гэтага дасягнуць. І ў той жа час яны – пяшчотныя, жаноцкія, сціплыя. Вось такое спалучэнне якасцей выклікае захапленне.
–У анкеце конкурсу сярод іншых хобі вы напісалі, што любіце мыць адзенне, займацца ўборкай, іншымі хатнімі правамі. Можа, ёсць яшчэ якія-небудзь нестандартныя захапленні?
–Я на самой справе люблю наводзіць парадак! Яшчэ ва ўніверсітэце выкладчыкі нам казалі, што трэба атрымліваць задавальненне як ад незвычайных, так і ад зусім паўсядзённых спраў. Пагэтаму стараюся да ўсяго адносіцца з творчым падыходам. Я ж дызайнер, таму люблю з хаосу рабіць парадак.
У дзяцінстве мне вельмі падабалася марыць. Пасля свае фантазіі стала пераносіць у выглядзе малюнкаў на паперу. Напэўна, гэта былі першыя крокі да прафесіі, якая мне вельмі падабаецца. Асабліва калі даюць заданні зрабіць праектныя прапановы. Дарэчы, у школе я задумвалася аб прафесіі журналіста, але тут патрэбна хватка, хуткасць рэакцыі, а мне гэтага часам не хапае. Змагла б, напэўна, працаваць і ў турыстычных агенцтвах, бо яны асацыіруюцца з падарожжамі, а падарожнічаць я таксама вельмі люблю.
–Часам дзяўчат ці жанчын параўноўваюць з кветкамі. З якой кветкай можаце параўнаць сябе?
(Задумваецца) Дакладна не з ружай – бо яна з шыпамі. Не ведаю, з якой кветкай мяне можна параўнаць, але мне падабаюцца васількі. Некаму, можа, яны пададуцца простымі, але яны такія мілыя, прыгожыя, непаўторныя. А яшчэ лепш – поле васількоў! Гэта так рамантычна, калі табе дораць цэлае поле кветак…
–Вы шчаслівы чалавек? І ў чым заключаецца звычайнае жаночае шчасце?
–Я – шчаслівая! Бо ў мяне ёсць каханы. На мой погляд, гэта і ёсць асноўная складаемая жаночага шчасця – кахаць і быць каханай.


Марына МАЦКЕВІЧ.