15 мая адзначаўся Міжнародны дзень сям'і

10:26 / 16.05.2010

Арыфметыка сямейнага шчасця


…Аднойчы, яшчэ ў школе, дзявочая цікаўнасць прывяла Алу да варажбіта: гэтай традыцыйна жаночай справай паспяхова займаўся пажылы чалавек у Варнянах. Стары раскінуў карты, паглядзеў на дзяўчыну…
— Усё ў цябе будзе добра. Паступіш, куды хочаш, і праца будзе па душы. З хлопцамі – двое табе выпадае. Але лёс твой — зусім іншы.
Калі дзядуля апісаў прыкметы “лёсу”, Ала без цяжкасці пазнала Івана Мацкевіча, што каторы год хадзіў за ёй, як прывязаны, і зазлавалася: яшчэ чаго! Яна сама – гаспадыня свайго лёсу!


ШЭСЦЬ ГАДОЎ ЧАКАННЯ
…Гэта было каханне з першага погляду. Прынамсі, у Івана.
Вярнуўшыся з арміі, ён трапіў на провады да знаёмага хлопца – і там убачыў дзяўчыну, што адзінока стаяла ўбаку. Запрасіў на танец. І, як цяпер кажуць, “запаў”! Ды так, што – на ўсё жыццё…
Аднак Ала кавалера не ўпадабала. Ну сапраўды, навошта ёй на сем гадоў старэйшы? Да таго ж астравецкі – фі! І ўвогуле, каханне, а тым больш сям’я ў яе планы пакуль не ўваходзіла – трэба было заканчваць школу, потым – ажыццявіць сваю мару: паступіць у Віцебскі інстытут на мастацка-графічны факультэт – яна цвёрда вырашыла, што звяжа сваё жыццё менавіта з прыкладнай творчасцю, каб навучыцца ўвасабляць ў творах мастацтва тое, што жыло ў душы і прасіла выйсця. А там, магчыма, і лёс яе знойдзе. Вядома ж, гэта будзе самы лепшы, самы прыгожы, самы высакародны хлопец, а не гэты Іван – такі просты, такі звычайны. І для яе своеасаблівай гульнёй стала задача напрыканцы танцаў незаўважна ўцячы з клуба, каб Іван не заўважыў і не пайшоў праводзіць. Калі ўдавалася, калі – не. Але ў любым выпадку ранкам маці яе будзіла: “Ну ідзі ўжо, збірай свае венікі – зноў увесь ганак кветкамі завалены”.
Калі Але споўнілася васемнаццаць, Іван у першы – і далёка не апошні – раз прапанаваў ёй выйсці за яго замуж. Яна ў адказ толькі пасмяялася.
—Усё роўна ты будзеш маёй! – сказаў тады Іван.
—Ніколі! – фыркнула ганарліўка і ляпнула веснічкамі перад яго носам…
…Карты не зманілі – Ала без цяжкасцей паступіла на абраны факультэт. Вучылася з захапленнем – усё ёй падабалася. А калі прыязджала дамоў, перад ёй зноў і зноў узнікаў Іван са сваёй прапановай. Каб зноў пачуць катэгарычнае “Не!” – і зноў чакаць…
…Аднойчы, калі яна вярталася з чарговай хатняй пабыўкі, цяжкую сумку ёй дапамог паднесці малады хлопец. Ну якраз такі, як бываюць прынцы ў казках – толькі што без белага каня. А як прыгожа ён заляцаўся! Ружы – самыя свежыя і абярэмкамі, падарункі – самыя лепшыя, падарожжы – самыя рамантычныя… Дзявочае сэрца раставала: вось яно, шчасце… Толькі кватэрная гаспадыня, якая да таго часу ўжо пазнаёмілася з Іванам – ён прыязджаў у Віцебск, каб пабачыць Алу, пагаварыць, павіншаваць са святам – чамусьці сумна ўздыхала:
—Я б на тваім месцы выбрала таго, астравецкага. Ён – сапраўдны, надзейны, за ім ты будзеш, як за каменнай сцяной…
Ды толькі каму ў дваццаць гадоў патрэбны надзейны, калі ёсць прыгожы! Пасля трэцяга курса яны згулялі шыкоўнае вяселле – і яна стала Алай Зяленскай. Чтобы фото со свадьбы получились качественными, рекомендуем заказать услуги фотографов.


ШЭСЦЬ ГАДОЎ АДЧАЮ
…Як жыў усе гэтыя шэсць гадоў, што каханая была замужам, Іван, — ён ўспамінаць не любіць. Узнікалі моманты адчаю. Было жаданне забыць яе, пазбавіцца ад гэтага вар’яцкага кахання. Ён шукаў паратунку: сустракаўся з іншымі жанчынамі, з некім з іх спрабаваў нават жыць разам. Нічога не дапамагала: у вачах стаяла адна толькі Ала, і ніхто іншы быў не патрэбны. Родныя нават спрабавалі яго знаёміць з дзяўчатамі па імені Ала, думалі, можа хоць гэта выцягне яго з непраходнай тугі – усё марна.
Неяк і яго адчай ці надзея прывялі да варожкі. “Ты не прыспешвай падзеі, — сказала тая. — Усё будзе добра – але не цяпер, пазней. Цярпі – і чакай!” І ён працягваў чакаць.
…А Ала лічыла, што гэтыя пяць першых гадоў сямейнага жыцця ў яе была ўзорна-паказальная сям’я: “Ты не стамілася, дарагая?”, “Я так сумую без цябе, сонейка!”, кветкі, падарункі, увага… Ну падумаеш, калі-нікалі выезды на прыроду з сябрамі, начная рыбалка, затрымкі на рабоце – павінны ж быць у яго свае інтарэсы, акрамя яе і сына.
…Усё скончылася, як у барадатых анекдотах пра вяртанне мужа з камандзіроўкі – толькі з дакладнасцю наадварот. Яе забралі ў раддом: Алежку споўнілася тры гадкі, і яны надумаліся нарадзіць яшчэ адно дзіця. Падтрымаць дачку ў складанай і адказнай сітуацыі прыехала маці. І застала зяця ў ложку з іншай жанчынай – парупіўся, каб пасцель не астывала…
Яна спрабавала забыць, дараваць: усё ж двое сыноў. Але “анекдоты” працягваліся і сталі стылем жыцця мужа. Тады яна забрала Алега і Лёву і вярнулася ў Астравец да бацькоў.

ШЭСЦЬ ГАДОЎ НАДЗЕІ…
Калі Ала вярнулася з дзецьмі ў Астравец, Іван акрыяў. Ну, цяпер усё будзе добра, цяпер, нарэшце, яна стане яго жонкай! Двое дзяцей яго не палохалі: гэта былі яе сыны – і за адно толькі гэта ён іх ужо любіў.
Але трэба было не ведаць Алу, каб падумаць, што, застаўшыся з двума дзецьмі на руках, яна кінецца да першага, хто гляне на яе.
– І што ты можаш мне прапанаваць? – як заўсёды, не вельмі далікатна спытала яна ў Івана, калі ён у чарговы – сам ужо не помніў, у каторы — раз прыйшоў да яе усё з той жа прапановай рукі і сэрца. – Жыць я маю дзе, работа ў мяне ёсць, дзеці – таксама.
– Сваё каханне! – развёў рукамі Іван.
Але аднаго толькі кахання, лічыла Ала, для сямейнага шчасця мала – нават такога адданага, як у Івана: яна ўжо на ўласным вопыце пераканалася, што яно можа вельмі хутка скончыцца…
Але ў Івана ўжо з’явілася надзея – Ала была свабодная! І ён з памножаным на каханне імпэтам зноў кінуўся яе дабівацца. Пазнаёміўся з яе хлопчыкамі, задорваў іх падарункамі, сустракаў ранкам і падвозіў у садок – і вельмі хутка стаў для іх сваім. Па-ранейшаму не даваў праходу Але – а яна ўсё гэтак жа, як у юнацтве, прыкідвала, якой бы дарогай пайсці дахаты, каб лішні раз не сустрэцца.
Аднойчы ён прапанаваў ёй з’ездзіць у Маладзечна. Справа была перад першым верасня, і ёй якраз трэба было думаць, як сабраць малых у школу, ды і сабе сёе-тое для працы прыкупіць. Яна згадзілася. Паездка была цалкам дзелавая, без усялякіх заляцанняў і размоў на “сардэчныя” тэмы: яны разам выбіралі рэчы, раіліся, што лепш купіць. І тады Ала ўпершыню паглядзела на Івана іншымі вачамі: ён, аказваецца, умее не толькі хадзіць услед, уздыхаць і бясконца далдоніць пра сваё каханне, а вельмі добра разбіраецца ў розных практычных рэчах, і дае слушныя парады, і яго дапамога якраз дарэчы і менавіта такая, якая патрэбна.
А потым Ваня прапанаваў ёй паглядзець на свой дом.
Хоць увогуле “дом” – гэта занадта гучна сказана, ва ўсякім выпадку, тады ён на гэта званне ніяк не цягнуў. У спадчыну ад памерлых бабулі з дзедам яму са стрыечным братам дасталася хаціна ў Трайгах. Сем гадоў у ёй ніхто не жыў – і можна ўявіць, што яна сабой уяўляла: поўнае запусценне. Першай думкай у Івана было — прадаць гэтую спадчыну і не дурыць сабе галаву. А потым шкада стала: усё ж гэты дом памятае цяпло дзедавых рук, бабулін голас, маміны першыя крокі, ды і яго, малога, плач і смех хаваюцца ў старых дошках сталявання… Усё ж якое-ніякое, а радавое гняздо. І ён вырашыў яго адбудаваць. Тым больш, што залётных “шабашнікаў” запрашаць не трэба было: рукі ў мужчыны залатыя, усё ўмее зрабіць адмыслова. Вось і рабіў паціху…
Калі Ала ўбачыла плён Іванавай працы, то здзівілася. І стала паважаць яго яшчэ больш – яна заўсёды цаніла людзей, якія маглі нешта зрабіць сваімі рукамі. Пагадзілася нават сёе-тое дапамагчы па жаночай лініі – шпалеры паклеіць, да прыкладу…
…Калі паклеілі шпалеры, з’явіліся іншыя клопаты, якія патрабавалі жаночых рук. Потым – яшчэ. Яна і сама не зразумела, калі яе стала цягнуць у Трайгі…
І аднойчы Ала на чарговую прапанову сказала Івану: “Так, я выйду за цябе замуж. Але май на ўвазе: прозвішча мяняць не збіраюся – не хачу, каб у маіх сыноў яно было не такое, як у маці, для іх гэта будзе цяжка маральна”.
Ваня ўсё зразумеў і на ўсё пагадзіўся – якое значэнне мелі гэтыя дробязі пасля таго, як ён васемнаццаць гадоў марыў пачуць гэтае жаданае “Так!” – і стамляўся марыць, і адчайваўся, што гэтага ніколі не будзе, і зноў спадзяваўся… Шэсць гадоў чакаў, калі Ала вырасце, яшчэ шэсць пакутаваў, калі яна была замужам, і апошнія шэсць – з новай надзеяй дамагаўся прыхільнасці яе і сыноў. І вось, нарэшце: яна стане яго жонкай, яны будуць жыць разам, у сваім доме, у іх будзе дзіця! Якое значэнне мае ўсё іншае?

ПЯЦЬ ГАДОЎ ШЧАСЦЯ
У снежні мінулага года іх сям’я адзначыла першы юбілей сумеснага жыцця – пяць гадоў.
Іх старэйшы сын Алег вучыцца ў дзесятым класе гімназіі – вельмі сур’ёзны і цікавы хлопец: захапляецца адзінаборствамі і мае аранжавы пояс па каратэ — як растлумачылі мне, недасведчанай, гэта трэцяя ступень майстэрства — і ўдасканальвае свае ўменні з дапамогай інтэрнэта. Але марыць стаць перакладчыкам і настойліва ідзе да мэты — з’яўляецца пераможцам раённай алімпіяды па англійскай мове.
Шасцікласнік Леў таксама любіць спорт, але аддае перавагу лёгкай атлетыцы. Мама вельмі шкадуе, што ў Астраўцы няма гімнастычнай школы: у хлопчыка проста фенаменальная гнуткасць, ён без праблем – без усялякіх папярэдніх трэніровак і расцяжак — можа “закруціцца” ў любы вузел і гэтак жа лёгка “раскруціцца”. Са школьных прадметаў аддае перавагу матэматыцы, але з будучай прафесіяй пакуль не вызначыўся.
А чатырохгадовы Паўлік, з бацькавымі карымі дапытлівымі вачанятамі і мамінымі гарэзлівымі ямачкамі на шчоках, – пестунок усёй сям’і. Але пры гэтым – яшчэ і памочнік, найперш — татаў: ён усюды разам з ім, усё гатовы майстраваць – пілаваць, прыбіваць ці хоць бы татку дошчачкі ці цвікі падаваць. Вось ён дык дакладна ведае (прынамсі, цяпер), што будзе, як тата – сталяром і пабудуе дом.
З дапамогай дзяржаўнага крэдыту як шматдзетная сям’я яны пабудавалі ў Астраўцы чатырохпакаёвую кватэру. Але любімым месцам, іх домам, па-ранейшаму застаецца селішча ў Трайгах. І варта пабываць там хоць аднойчы, каб зразумець, чаму. Іх “радавое памесце”, як яны жартам называюць сваю сядзібу, знаходзіцца на самым ускрайку лесу, які ў гэтыя майскія дні і вечары глухне ад спеву птушак. Непадалёк – узбярэжжа Янаўскага вадасховішча. Тут яны залажылі сямейны сад. Тут агульнымі намаганнямі даводзіцца да ладу дзедава хата, якая стала іх сямейным гняздзечкам. Унутры Іван ужо ўсё абсталяваў з усімі магчымымі зручнасцямі, ёсць нават ванна і гарачая вада. Але пры ўсім гэтым уваходныя дзверы засталіся дзедаўскімі, з жалезнай клямкай, якая перадае нашчадкам энергетыку мноства родных рук, што па шмат разоў за дзень гэтыя дзверы адкрывалі і зачынялі.
Цяпер асноўная работа – на двары: ужо амаль дабудавана летняя кухня, якая паўстала на месцы колішняга заваленага ад часу склепа, хутка прыме парыльшчыкаў лазенька, ля дома ствараецца маленькі вадаём, у якім сёлета, трэба спадзявацца, зацвітуць лілеі, гаспадары ўжо бачаць, як на адкрытай верандзе цёплымі летнімі вечарамі будуць піць гарбату і слухаць салаўёў, а з гасцямі, якім тут заўжды рады, — смажыць шашлыкі ў спецыяльна абсталяванай альтанцы.
—Гэта ўсё мой Ваня! — шчасліва смяецца Ала. –Ён такі малайчына, рукі ў яго — залатыя, і фантазіі любы мастак можа пазайздросціць. І дзе былі мае вочы, што столькі гадоў гэтага не заўважала, усё нейкіх прынцаў шукала? Вось ён, мой прынц! Побач з ім добра, утульна, надзейна – і мне, і дзецям.
Адно шкада: вялікая сям’я, свой дом, кватэра, праца ў гімназіі і цэнтры пазашкольнай работы адбіраюць у Алы практычна ўвесь час, і яна, таленавітая мастачка, ніяк не можа ўзяцца за ажыццяўленне тых творчых праектаў, што мрояцца ў яе галаве. Але, хочацца спадзявацца, і для гэтага прыйдзе час і дойдуць рукі.
А пакуль…

І БЯСКОНЦАСЦЬ…
А пакуль уся сям’я застыла ў чаканні. Чаго? Памятаеце, як адказала гераіня ў фільме “Аднойчы, шмат гадоў таму…”, калі яе спыталі, чаго яна чакае ад жыцця, усяго дасягнуўшы? Вось так і Ала: яна чакае дзіця.
Дакладней, усе яны. Найбольш, напэўна, тата: ён ужо прыдумаў, што ў іх будзе дачушка Палінка – патрэбна ж і маме памочніца, у яго – аж трое, а ў Алы пакуль ніводнай. І гэтая чарговая кветка ў іх сямейным букеце – як падарунак Бога да пяцігадовага юбілею іх сумеснага жыцця.
І як спадзяванне на бясконцасць – іх сям’і, знойдзенага нарэшце шчасця, прадаўжэння роду…

Ніна ПАЛЕСКАЯ.