Вайна і мір сям'і Мядзелец

17:09 / 13.05.2010

Вайна… Яна руйнавала, калечыла, не шкадавала ні старых, ні малых… Яе балючыя, трагічныя адгалоскі чуваць сёння і не забудуцца ніколі. Сёння засталіся дзесяткі жывых сведак палаючых саракавых. І тысячы, каго няма ў жывых, але подзвіг якіх будзе жыць вечна.


Пятру Сцяпанавічу і Марыі Васільеўне Мядзельцам пашчасціла перажыць – і выжыць – Вялікую Айчынную вайну. Ён партызаніў на Полаччыне, яна хавалася ад бамбёжак на сваёй маленькай радзіме. Сёння, на жаль, ветэрана вайны і добрасумленнага супрацоўніка міліцыі Пятра Сцяпанавіча няма ў жывых, але пра яго і пра сябе расказала яго жонка – Марыя Васільеўна Мядзелец.
–Вайну я сустрэла ў сваёй роднай вёсачцы Загацце Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Якраз скончыла 7 класаў. А вёска ў нас глухая – не было ні радыё, ні электрычнасці. Вядома, галоўны атрыбут сялянскай хаты ў той час – вялікая печ. А вечарам кавалачак смаляка запальвалі – і пры такім святле і вучыліся, і працавалі, і танцы ладзілі. А як жа! Былі ў жыцці і сумныя, і радасныя моманты. Хто ж ведаў, што ў гэты час чорнай хмарай насоўваецца такая вялікая бяда?





У той чорны дзень хтосьці прыйшоў са станцыі Мілое, якая размяшчалася непадалёк і прынёс страшную вестку, якая спачатку здалася нерэальнай: пачалася вайна. Не паспелі апамятацца, як прыехалі машыны з ваенкамата і пачалі мужчын на фронт забіраць. Я гэта добра памятаю – натоўп людзей, мужчыны ледзь слёзы стрымліваюць, а мы ідзем следам і плачам. Як паехалі – здавалася, быццам вёска вымерла. Страшна стала – жах!
Першы год вайны прайшоў адносна спакойна. Некалькі разоў немцы праязджалі міма, але нікога не чапалі. Толькі, бывае, яек ці малака папросяць – і ўсё. А ў 1942 годзе сталі ў нашых лясах партызанскія атрады фарміравацца – вось тут і пачалося. І бамбілі нас, і палілі. 130 двароў у вёсцы было – ніводнага не засталося. Спачатку хаты спалілі, пасля гумны, хлявы. Нічога і нікога не шкадавалі. А жыць жа неяк трэба. Рабілі зямлянкі – і жылі ў іх. Жывёлы таксама не было: частку немцы забралі, частку паліцаі, а частку і партызаны – есці ж у лесе таксама нешта трэба. А ў нас – пуста. Толькі пацукі па галовах у зямлянцы бегаюць. Мама з нейкай травы аладкі пякла, ад якіх часам жываты балелі. А нас – шэсць чалавек у сям’і. Як усіх накарміць? Памятаю, аднойчы курыцу купілі, дык мы яе больш чым два тыдні елі.
Страшна было і ў лес хадзіць, але пачуццё голаду мацнейшае за страх. Пойдзем па грыбы ці па ягады, а там немцы аблаву на партызан робяць. Хто трапіцца пад руку – расстрэльваюць. Маіх аднакласнікаў так аднойчы забілі – двух хлопчыкаў і дзяўчынку. А ў чым яны вінаватыя былі? Не дай Божа, каб гэта калі-небудзь паўтарылася.
Канец гэтага пекла на зямлі таксама ніколі не забуду. У той дзень хаваліся ў зямлянках у лесе – мы іх дотамі яшчэ называлі. А непадалёк шаша пралягала. І раптам чуем моцны грукат там. Цікава, а пайсці паглядзець боязна – незадоўга да таго самалёты бамбілі. Пасля смялейшыя ўсё ж пайшлі. Прыбеглі пасля з радасным крыкам: “Нашы ідуць! Вайна скончылася!” Гэта нашу вобласць вызвалілі. А салдаты якія бедныя ішлі – брудныя, чорныя, знясіленыя, у абмотках. І нічога ў нас не было – не мы іх, а яны нас кармілі, хлеб давалі. Пасля і кухня палявая пад’ехала. Я вось зараз думаю: як мужчыны тады ўсё вытрымалі? Не дарэмна іх моцным полам называюць.
Наступныя гады сталі горкім рэхам вайны – пустата, бедната, галота. У гэты час Марыя зноў пайшла ў школу, аднак вучыцца было немагчыма – ні падручнікаў, ні сшыткаў, ні адзення-абутку. Мясцовыя дзяўчаты працавалі ў Маладзечанскай друкарні. Вырашыла паспрабаваць там шчасця і Марыя. Уладкавалася на працу ў сталовую пры фабрычна-завадскім аддзяленні, далі пакой у інтэрнаце. Праз некаторы час дзяўчыну перавялі памочнікам повара ў сталовую спецгандлю. Тут харчаваліся супрацоўнікі праваахоўных органаў. І менавіта тут аднойчы перахапілі позірк адзін аднаго дзве пары вачэй – сустрэліся Ён і Яна. І ўварвалася ў маладыя, гарачыя сэрцы непаўторнае цудоўнае пачуццё – каханне.
–Пеця адразу мне спадабаўся. Чым? Ён такі абаяльны быў, добры, цікавы. І ў той жа час – спакойны. А як цудоўна танцаваў! Ці ж такі можа не спадабацца? І адважны, смелы. У час вайны быў байцом партызанскага атрада №1 партызанскай брыгады “Кастрычнік”. Пасля вайны Пецю прапанавалі ў Маладзечна міліцыянерам працаваць. Так мы і сустрэліся. А 28 красавіка 1948 года пажаніліся. Выйшлі з ЗАГСу – а што далей? Мы ж бедныя абое – ні капейкі лішняй за душой. Кватэру ледзьве знайшлі – у зямлянцы невялічкі пакойчык. Ох, і пакусалі там нас клапы! А летам мужа накіравалі ў Астравец. Спачатку ў Гудагаі ўчастковым працаваў. Цяжкі час тады быў. Ад немцаў нядаўна вызвалілі, а лясы бандытамі кішэлі. І Пётр мой кожную ноч на аперацыю хадзіў. А я заснуць дома не магу – вачэй не заплюшчу, хвалююся, чакаю. Хоць і цяжарная ўжо была.
А аднойчы Пётр вельмі ўдала адну аперацыю правёў. Яго нават у Мінск на нараду выклікалі – падзякавалі і прэмію ўручылі… кнігамі. Прывозіць дадому цэлую скрынку кніжак. Бачыце, яны і зараз на паліцы стаяць.
Праз некаторы час Пятра Сцяпанавіча перавялі ў Астравец у крымінальны вышук. І мяне на працу прыстроілі. Тады ЗАГС таксама міліцыі падпарадкоўваўся, ну начальнік і прапанаваў мяне на пасаду загадчыцы. Я згадзілася. Таксама нясоладка прыходзілася – усё адна. Памяшканне халоднае, з раніцы чарніла ніяк адагрэць не магла. А людзей жа прыняць трэба. Тым больш, што пасля вайны шмат хто дакументы свае аднаўляў. Колькі людзей прайшло праз мае рукі – не злічыць, колькі лёсаў. А ў 1972 годзе бяда здарылася – паехаў на заданне мой гаспадар і не вярнуўся. Разбіўся на машыне. Вадзіцель жывы застаўся, а Пеця мой загінуў…
Вось ужо трыццаць восьмы год, як няма на свеце Пятра Сцяпанавіча. Але і зараз Марыя Васільеўна не можа стрымаць слёз, калі ўспамінае пра яго смерць. Толькі крані – і заныюць-заспяваюць глухім болем струны душы. Напэўна, былі гэта сапраўды дзве палавінкі аднаго цэлага, якім наканавана заўсёды быць разам – у думках, сэрцы, жыцці.
Трыццаць гадоў прапрацавала жанчына на пасадзе загадчыцы ЗАГСа і восем – інспектарам. За гэты час змяняліся правілы і норавы, было ўведзена абавязковая ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу з вясельнай сукенкай і вэлюмам. Работнікі ЗАГСа і культуры самі апраналі нявесту і па-добраму зычылі шчасця маладым. Адначасова з гэтым Марыя Васільеўна выконвала шматлікія грамадскія абавязкі. Зараз і сама здзіўляецца – і калі ўсё паспявала? А тады, напэўна, проста не было часу звяртаць увагі.
–Вось толькі і пажыла, як Пётр быў побач. Тады я была самай шчаслівай жанчынай на свеце. Бо для нас галоўнае, каб побач быў надзейны, добры і каханы чалавек. А мой муж быў цудоўны. Колькі ўзнагарод у яго было, медалёў розных. І мяне зараз міліцыя не забывае, дзякуй ім вялікі.
На палічцы, сярод сямейных фотаздымкаў Мядзельцаў – Пятра Сцяпанавіча і Марыі Васільеўны, іх дзяцей і ўнукаў, ёсць адна – малады хлопец у міліцэйскай форме. Гэта ўнук – Вадзім Мядзелец, які вырашыў працягнуць традыцыю і пайсці па слядах дзеда Пятра, закончыў Акадэмію МУС, працаваў у праваахоўных органах у Смаргоні і Гродне. Зараз жа атрымлівае другую адукацыю і хутка прыедзе працаваць у Ашмяны. Трэба бачыць, як загараюцца шчаслівым бляскам вочы Марыі Васільеўны, з якім гонарам яна расказвае пра ўнука. Пэўна, бачыць жанчына у ім годнага нашчадка.
І значыць, справа Мядзельцаў будзе жыць далей.


Марына МАЦКЕВІЧ.