Постаці. Да 110-годдзя Адольфа Клімовіча

09:10 / 05.05.2010

“…Даймае адчувальны сорам за ўсіх нас, беларусаў, якія да гэтага часу па-сапраўднаму не ацанілі такіх карыфеяў, як Адам Станкевіч, Адольф Клімовіч... Іх прозвішчы не ўбачыш у назвах вуліц, на мемарыяльных дошках, іх профілі не ператварыліся ў манументальныя помнікі пасярод гарадоў…”

Мар’ян ДУКСА.

2010 год на Астравеччыне аб’яўлены годам Казіміра Сваяка – у сувязі з яго 120-годдзем. Але свой юбілей сёлета абыходзіць яшчэ адзін слынны сын Клюшчанскай зямлі – Адольф Клімовіч, якому 5 мая споўнілася б 110 гадоў. Яму і прысвячаецца гэты матэрыял.



«ХАЙ НЕ БУДУ АДКІНУТЫ НАВЕКІ»


У самым цэнтры Клюшчанскіх могілак, непадалёк ад старога разгалістага клёна стаіць, крыху пахіліўшыся, высокая каменная пліта, на якой па-беларуску лацінкай напісана: “Інжынер Адольф Клімовіч. 1900–1970. Беларускі дзеяч-патрыёт. “У табе, Божа, паклаў я надзею, хай не буду адкінуты навекі. Te Deum Laudamus”.






Адольф Клімовіч. Калісьці гэтае імя было шырока вядомае беларускаму патрыятычнаму грамадству. А як жа! Інтэлігент еўрапейскай культуры, выпускнік Пражскага ўніверсітэта, адзін з лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, супрацоўнік Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, таленавіты журналіст, рэдактар і выдавец. А яшчэ – нястомны барацьбіт за незалежнасць Беларусі, тэарэтык і практык нацыянальна-вызваленчага руху.
Ён нарадзіўся 5 мая (па новаму стылю) 1900 года ў вёсачцы Казаноўшчына Свянцянскага павету Віленскай губерніі (цяпер – Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці).
Бацька, Юстын Клімовіч быў слынным на ўсю акругу кавалём. А маці Петрунэля… Вось з маці ў біёграфаў Клімовіча якраз праблемы – вядома, што яна працавала ў паноў Сволькенаў, але кім? Краязнаўца Янка Драўніцкі сцвярджае, што Петрунэля была бонай, г.зн. выхавальніцай панскіх дзяцей, і ў першым шлюбе была замужам за ўпраўляючым маёнтка Сволькенаў, што добра ведала французскую мову. Канешне, усё магчыма, але калі разважаць лагічна… Сволькены жылі ў Шайкунах толькі ў летні перыяд – асноўным месцам іх жыхарства была кватэра ў Вільні, дзе пан працаваў інжынерам (аб гэтым расказвае ў сваіх успамінах іх зяць Далінскі), значыць, жонка ўпраўляючага павінна была б кожную восень пакідаць свайго мужа ў адзіноце і ехаць услед за панскімі дзецьмі. І потым: пасля замужжа з упраўляючым выйсці за вясковага каваля – поўны мезальянс.
Так ці інакш, але адно вядома дакладна: Петрунэля ведала грамату і нават мела сваю бібліятэку (хаця ў той час у вёсцы бібліятэкай маглі лічыцца і 3-4 кнігі).
Бацькі Адольфа пажаніліся, калі Юстыну было 43-44, а Петрунэлі – 34-35 гадоў. Праз год нарадзіўся сын, а яшчэ праз чатыры гады Юстын памёр ад раку.
Да Петрунэлі некалькі разоў сваталіся, але яна адмаўляла – сэнсам і зместам яе жыцця стаў сын Адольф. Яму яна прысвяціла ўсё сваё жыццё.
Адольф закончыў пачатковую школу і ў 1914 годзе паступіў у Свянцянскае вышэйшае пачатковае вучылішча. У выдатніках не хадзіў, затое ў цвёрдых “харашыстах” – на працягу ўсёй вучобы. А на канікулах спяшаўся дамоў – касіць, баранаваць, нарыхтоўваць дровы… І як бы за дзень ні даводзілася яму напрацавацца, па вечарах ён абавязкова ішоў на вясковыя вячоркі, дзе звінелі беларускія песні ды тупацела іскрыстая лявоніха.
У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна – Свянцянскі павет, як, дарэчы, амаль уся Віленшчына, апынуўся пад нямецкай акупацыяй. Праўда, Адольф Клімовіч паспеў 1 мая 1915 года скончыць вучылішча, атрымаць пасведчанне і вярнуцца дамоў.
А ў Клюшчанах у гэты час пробашчам парафіі быў ксёндз Канстанцін Стэповіч, які, як вядома, арганізаваў пры касцёле хор, і на базе якога крыху пазней узнікла грамадскае аб’яднанне “Хаўрус сваякоў”. Мэтай арганізацыі было “выхаванне духу і цела”. Дзеля канспірацыі сябры “Хаўрусу” мелі свае псеўданімы і мянушкі. Да прыкладу, мастак Рамуальд Ракіцкі быў вядомы як Роміч, Віктар Смаленскі – як Лаўровы, Адольф Клімовіч – як Альфіч…
Да святкавання першых угодкаў хору быў прачытаны рэферат на тэму “Аб беларускай песні”. Яго напісаў кс. Стэповіч, а прачытаў Адольф Клімовіч.
Нягледзячы на маладыя гады, Клімовіч усё больш набываў аўтарытэт здольнага арганізатара, актыўнага прапагандыста беларускай культуры, кіраўніка навакольнай моладзі. У вольны час ён шмат займаўся самаадукацыяй. Аднойчы ксёндз Стэповіч параіў яму не спыняцца на дасягнутым, а працягваць вучобу далей, і нават паабяцаў матэрыяльную дапамогу.
Падчас нямецкай акупацыі Віленшчыны ўзнікла магчымасць стварэння беларускіх школ, але не хапала настаўнікаў, таму падчас Каляд 1915 года Кастусь Стэповіч арганізаваў кароткачасовыя настаўніцкія курсы, слухачом якіх стаў і Адольф Клімовіч. Зімой 1916 года ў Клюшчанскай парафіі адкрылася сем школ – у Казаноўшчынскай школцы настаўнічаў Адольф Клімовіч. Яны праіснавалі тры гады, а пасля былі зачынены польскімі ўладамі. Ксяндза Стэповіча перавялі вікарыем на Беласточчыну, але распачатая ім беларуская дзейнасць не спынілася. “Хаўрус Сваякоў” працягваў працаваць. Актыўным яе сябрам быў Клімовіч, які наладжваў святкаванні Калядаў вёў заняткі ў беларускай школе, распаўсюджваў газеты і часопісы, ездзіў ў Вільню на сустрэчы з дзеячамі-адраджэнцамі. І ўвесь час ліставаўся з ксяндзом Стэповічам, які праз пісьмы раіў, што і як рабіць.
У пачатку 1918 года “Хаўрус сваякоў” атрымаў запрашэнне для ўдзелу ў рабоце Беларускай канферэнцыі, якая мелася адбыцца ў Вільні ў канцы студзеня. Мэта канферэнцыі: узгадніць дзейнасць беларускіх арганізацый, адпрацаваць асновы беларускага народнага прадстаўніцтва і пакласці першы камень пад будоўлю нашай дзяржаўнай будучыні. Вось на такі прадстаўнічы форум сваім дэлегатам клюшчанцы выбралі Адольфа Клімовіча.
Клімовіч застаўся ў Нова-Вільні, дзе працаваў на розных часовых работах. Наездамі бываў у Вільні, пазнаёміўся з рэдакцыямі газет “Гоман” і “Грамадзянін”. У канцы года ён перабраўся ў Вільню.
Працаваў спачатку карэктарам у Віленскім выдавецкім таварыстве, потым летам 1919 года вучыўся на Беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1919 года сталі разносіцца чуткі, што ў Вільні будзе адчынена беларуская гімназія – пра гэтую звестку Адольфу расказаў ксёндз Адам Станкевіч. Ён жа параіў хлопцу пайсці ў гімназію вучыцца. “Некалькі фармальнасцяў – і 20 кастрычніка 1919 года я ўпершыню пераступіў парог беларускай школы”, – напісаў потым Адольф Клімовіч у сваіх успамінах.
Паспяхова здаўшы ўступныя экзамены, Адольф Клімовіч быў залічаны ў шосты клас “на падставе пасведчання аб сканчэнні поўнага курса Свянцянскага Вышэйшага Пачатковага вучылішча”. Усе гады вучобы ў гімназіі Адольф быў круглым выдатнікам, а яшчэ актыўным удзельнікам яе грамадскага жыцця. Дарэчы, у адным класе з ім вучылася будучая слынная паэтка Наталля Арсеннева.
25 чэрвеня 1921 года Адольф Клімовіч атрымаў атэстат паспяховасці і некалькі месяцаў настаўнічаў у адной з васьмі адчыненых у той час у Вільні беларускіх школ.
У гэты час Клімовіч супрацоўнічаў з многімі перыядычнымі выданнямі, уваходзіў у склад беларускіх культурна-асветніцкіх арганізацый, часта сустракаўся з беларускімі культурнымі і грамадскімі дзеячамі. Падчас адной з такіх сустрэч Браніслаў Тарашкевіч прапанаваў яму ехаць вучыцца ў Прагу. У якасці своеасаблівага пропуску ў Чэхаславакію паабяцалі даць пасведчанне ад рады. Але пры гэтым перад Клімовічам паставілі дзве ўмовы: атрымаўшы адукацыю, ён павінен выдаць кнігу на беларускай мове і за свой кошт даць магчымасць вучыцца яшчэ аднаму суайчынніку.
У пачатку 1922 года Адольф разам са сваім аднакласнікам па гімназіі Алесем Сасноўскім выехаў з Вільні. У Чэхаславакіі яны спачатку жылі і займаліся на падрыхтоўчых курсах у Езафове – ў 150 кіламетрах ад Прагі, а харчаваліся ў бясплатнай сталоўцы, якую адчыніў амерыканскі Чырвоны крыж. Здаўшы экзамены, хлопцы сталі студэнтамі Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі Чэшскага тэхнічнага ўніверсітэта ў Празе.
І зноў не толькі вучоба цікавіць Клімовіча – ён з галавой акунаецца ў грамадскае і палітычнае жыццё. Становіцца сябрам Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый (АБСА) і нават сам арганізоўвае выданне газеты “Беларускі студэнт”. З 11 лістапада 1927 года ён пачаў узначальваць Аддзел міжнародных зносінаў АБСА і да кожнага з’езда Міжнароднай студэнцкай канфедэрацыі выдаваць беларускі інфармацыйны бюлетэнь на французскай мове. Акрамя таго, Адольф неаднойчы выбіраўся ў склад кіраўніцтва АБСА, быў намеснікам старшыні, скарбнікам, сакратаром…
Чалавек глыбока веруючы, ён актыўна супрацоўнічаў і з беларускімі рэлігійнымі арганізацыямі. Бачачы страшны канфесійны падзел беларускага народа, прыходзіў да высновы, што толькі аднаўленне ўніі прывядзе да міру і хрысціянскай гармоніі ў грамадстве. Таму ён – пастаянны ўдзельнік уніяцкіх сходаў, канферэнцый, кангрэсаў.
Такая бурная дзейнасць Клімовіча выклікала не толькі павагу сярод студэнцтва і старэйшага беларускага грамадзянства, але і пільную цікавасць з боку органаў бяспекі Польшчы і бальшавікоў. Нездарма яго прозвішча часта згадваецца ў аналітычных запісках, тэзісах дакладаў, рэзалюцый пленумаў ЦК КП(б)Б, якія прысвячаліся дзейнасці беларускіх арганізацый за мяжой.
У Вільню Адольф Клімовіч вярнуўся 13 снежня 1928 года і… папоўніў шэрагі беспрацоўнай беларускай інтэлігенцыі. Польскім уладам не патрэбны былі беларусы з дыпломамі. Але Клімовіч не марнуе дарэмна час – аднаўляе старыя і заводзіць новыя знаёмствы ў Віленскай беларускай гімназіі, Беларускім студэнцкім саюзе, грамадскіх і палітычных арганізацыях. Наведвае Казаноўшчыну, Свянцяны. Часта бывае ў ксяндзоў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага, наладжвае добрыя адносіны з Янкам Шутовічам, адным з будучых кіраўнікоў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.
Неўзабаве Адольф Клімовіч становіцца даволі вядомым і аўтарытэтным дзеячам незалежніцкага накірунку. Беларускую хрысціянскую дэмакратыю (БХД) доўгі час узначальвалі дзве роўнавялікія постаці, два ксяндзы – Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі. Але ў канцы 1928 года віленскі арцыбіскуп Ялбжыкоўскі забараніў каталікам, а тым больш святарам належаць да БХД і чытаць яе прэсавы орган “Беларускую крыніцу”. Святары павінны былі адысці ад спраў – іх месца занялі людзі свецкія, сярод якіх быў і Клімовіч. У той час ён уваходзіў у склад кіраўніцтва БХД, БІГіК, з’яўляўся адным з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва. У другой палове 1930 года ён выкладае ў Беларускай настаўніцкай семінарыі імя Францішка Багушэвіча, якая адчынілася ў Вільні.
Адольф Клімовіч становіцца адным з ідэолагаў і кіраўнікоў нацыянальнага кааператыўнага руху ў Заходняй Беларусі. Шмат піша на гэту тэму ў перыядычных выданнях. А ў канцы снежня 1933 года арганізоўвае завочныя Беларускія кааператыўныя курсы пры часопісе “Самапомач” – піша і высылае зацікаўленым свае адпаведна падрыхтаваныя лекцыі. Як працяг курсаў ён праводзіць “Месяц беларускай кааперацыі”, у рамках якога прапануе ў кожнай вёсцы, мястэчку, хутары правесці супольныя чытанні беларускіх кніжак, часопісаў сельскагаспадарчай накіраванасці.
У 30-ыя гады Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры лічыўся адной з самых уплывовых арганізацый у Вільні, яго Віленскім аддзелам кіраваў Клімовіч. Ён выдаў шмат кніг сельскагаспадарчай і эканамічнай тэматыкі: “Пясчанае золата”, “Земляробская чытанка”, “Лекі на здзекі”, “І культура, і палітыка”…
Але Адольф Клімовіч апантана працаваў яшчэ і ў структурах Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Сучаснікі лічылі яго правай рукой ксяндза Адама Станкевіча, прызнанага лідэра беларускіх хадэкаў. Клімовіч актыўна ўдзельнічаў у з’ездах партыі, якія адбыліся ў 1931 і 1936 гадах. Як прадстаўнік гэтай партыі ўваходзіў у склад Беларускага нацыянальнага камітэта. Займаў там розныя пасады.
У 1935 годзе, як прадстаўнік ЦК БХД, Адольф Клімовіч разам з Янкам Шутовічам вёў перамовы з кіраўнікамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі наконт стварэння адзінага Народнага фронту, накіраванага супраць усё больш нарастаючай пагрозы поўнай фашыстызацыі краіны. Але жаданага выніку перамовы не далі.
У канцы 1936 года польскія ўлады спынілі дзейнасць Таварыства беларускай школы і Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1937 годзе рэпрэсіі супраць беларусаў працягваліся. Асабліва жорсткі шавіністычны наступ на беларускае пачаўся ў 1938 годзе. Але і ў такіх умовах беларусы працягвалі працаваць. 7 студзеня 1939 года на падставе дэкрэта прэзідэнта вядомыя сваёй антыпольскай дзейнасцю беларусы былі выселены з Вільні. Сярод іх аказаўся і Клімовіч. Разам з жонкай Веранікай ён выехаў на Беласточчыну. У Вільню вярнуўся у канцы кастрычніка 1939 года. І адразу ўключыўся ў грамадскую дзейнасць. Быў на прыёме ў прэзідэнта Летувы Сметаны, перамаўляўся з іншымі прадстаўнікамі летувіскай адміністрацыі. Тэма: адраджэнне беларускасці. Але ў палітыцы няма сяброў – ёсць інтарэсы. Літоўцы не аказалі падтрымкі беларускаму адраджэнню.
Нейкі час Клімовіч працаваў раённым аграномам у Зямельнай палаце, выдаваў і рэдагаваў адноўленую беларускую газету “Крыніца”.
З прыходам у Вільню савецкія органы бяспекі пачалі арышты сярод беларускай інтэлігенцыі. Быў арыштаваны і Клімовіч – знаходзіўся пад арыштам з 12.07.1940 па 2.05.1941.
У канцы чэрвеня Вільню занялі немцы і сталі ўводзіць свой новы парадак. Ключавыя пасады ў горадзе дасталіся літоўцам і палякам, якія беларусаў, як канкурэнтаў, няшчадна знішчалі.
З мэтай абароны нацыянальных правоў паўстаў Беларускі Нацыянальны камітэт, сярод арганізатараў якога быў Клімовіч.
У кастрычніку 1941 года ён пераязджае ў Ліду, дзе ўзначальвае акружны аддзел Беларускай народнай самапомачы. Шчыра верыў, што немцы дадуць беларусам незалежнасць – “…не панаваць больш над намі ні ляхам, ні маскалям”. Ён цудоўна ведаў, што нямецкія фашысты з іх вар’яцкімі планамі сусветнага панавання і расісцкай ідэалогіяй не з’яўляюцца сябрамі беларускага народа. Але часам пастаўлены ў такія неспрыяльныя палітычныя ўмовы Клімовіч вымушаны быў выкарыстоўваць любы момант для легальнай і актыўнай беларускай дзейнасці. Зрэшты, не толькі легальнай – калі за сувязь з партызанамі гестапа арыштавала паэта Валянціна Таўлая, Адольф з рызыкай для ўласнага жыцця змог яго выратаваць.
14 жніўня 1952 года Адольф Клімовіч быў арыштаваны. Амаль адразу яго, “як асабліва небяспечнага беларускага буржуазнага нацыяналіста”, перавезлі ў Маскву. Прайшоў усе кругі сталінскага пекла і 28 лютага 1953 года быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу. Выкананне прысуду па нейкай прычыне адкладвалася, і калі памёр Сталін, расстрэл быў заменены на 25 гадоў лагераў.
З камеры смяротнікаў Клімовіч выйшаў белы, як снег, але ад сваіх перакананняў не адмовіўся.
Пакаранне адбываў у Інце Комі АССР.
У 1956 годзе спецыяльная камісія Вярхоўнага Савета СССР перагледзела яго справу і не знайшла ў ёй складу злачынства. У верасні 1957 года Клімовіч выйшаў з лагера.
Жыць у Вільні разам з сям’ёй яму забаранілі, і Клімовіч да 60 года жыве ў Барысаве, працуе арганістам у касцёле. Шмат піша ў розныя СМІ – аргументаваныя, палітычна і эканамічнаспелыя лісты на тэмы будучыні Беларусі. З лёгкай рукі В. Таўлая, які напісаў верш “Цені Сваяка”, у якім, вырваўшы з біяграфіі Казіміра Сваяка некаторыя звесткі, стаў выказваць бяздоказныя думкі, што наш паэт меў намер парваць з “ксяндзоўскай сутанай”, якая перашкаджала яму ў жыцці. Верны вучань свайго настаўніка Адольф Клімовіч кінуўся ў яго абарону: “Сваяка нельга чвярткаваць. Яго можна браць толькі цэлага. Інакш гэта будзе як крыўда, як здзек”.
У 1960 годзе Клімовіч перабіраецца ў Вільню. Яго эканамічныя і арганізатарскія здольнасці тут таксама не патрэбны. Адольф ўладкоўваецца арганістам у касцёл на Звярынцы. Кола людзей, з якімі ў гэты час ён мае зносіны, невялікае: жонка Вераніка, паэтка Зоська Верас, мастак Пётр Сергіевіч, пісьменнік Фелікс Анішчык… Перапісваецца з Ларысай Геніюш, Міколам Ермаловічам і інш.
У тыя, ужо далёкія 60-ыя гады Адольф Клімовіч у віленскім беларускім асяродку меў рэпутацыю чалавека энцыклапедычных ведаў і сумленнага, шчырага сэрца. Вось толькі друкаваць яго творы адмаўляліся, не існавала і трыбуны, з якой ён мог бы выступаць – дзяліцца сваім багацейшым вопытам і ведамі.
24 лістапада 1970 года Адольфа Клімовіча не стала. Пахаваны ў адпаведнасці з яго апошняй воляй на могілках у Клюшчанах – побач з бацькам і маці.

Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.