Гордость Островецкого района: тестовод Галина Змитрович

11:43 / 01.07.2017
Гарачы астра­вецкі хлеб – цёплая і духмяная «цаглінка» – мала ў каго асацыіруецца з месцам, адкуль ён прыходзіць на паліцы магазінаў. І яшчэ менш – з чалавекам, які дае галоўнаму прадукту на нашым стале пачатак…
Ці ведаеце вы, што ёсць такая прафесія – цеставод? Пра яе Галіна Міхайлаўна Змітровіч можа расказаць проста і зразумела. І ўжо з некалькіх кароткіх сказаў, якімі жанчына характарызуе сваю работу, пачынаеш разумець, што справа гэтая нялёгкая.  
Амаль трыццаць гадоў – на Астравеччыну яна прыехала ў далёкім 1989 годзе па размеркаванні пасля Баранавіцкага вучылішча – Галіна Міхайлаўна працуе на астравецкім хлебазаводзе – цяпер гэта цэх хлебапячэння Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. У верасні 1989-га хлебазавод у Астраўцы толькі адкрыўся – маладому спецыялісту пашанцавала трапіць у добрыя ўмовы. Потым у прыгожай дзяўчыны з'явілася сям'я, дзеці – так яна і «прырасла» да невялічкага пасёлка, аб якім раней нават не чула і куды аднойчы з Навагрудскага раёна яе закінуў лёс…
– А мяне задавальняе мая работа, – гаворыць цеставод 4 разраду цэха хлебапячэння Астравецкага філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства, здымак якой у гэтым годзе занесены на раённую Дошку гонару. – Я раблю тое, што мне падабаецца, і тое, што патрэбна людзям.

Дэвіз у працы: рабіць усё з душой і з добрым настроем.

Пытанне выбару: “Я заўсёды купляю астравецкі хлеб, таму што яго любяць мае дзеці. Гэта для мяне – галоўны паказальнік яго якасці.”

IMG_7663.jpg– Паступала ў Баранавічы разам з сяброўкамі, – успа­мінае жанчына. – Атрымала спецыяльнасць «Хлебапёк». 
Тое, што пра яе працу заўважаюць не ўсе, Галіна Міхайлаўна ўспрымае спакойна, па-філасофску заўва­жаючы, што ад гэтага яна не стане больш важнай ці, наадварот, непатрэбнай. 
А замешваць цеста для хлеба і батона – справа вельмі адказная: тут апраўданне «недагледзеў-недасыпаў» не праходзіць. Мала таго, што без солі хлеб есці немагчыма – цеста не дойдзе да патрэбнай кандыцыі. Замес абавязкова праходзіць па рэцэпту: колькі і якіх інгрэдыентаў патрэбна, цеставод адсочвае па спецыяльнай кнізе, якая ўвесь час знаходзіцца пад рукой. 
– За шмат гадоў працы рэцэпты хлеба і батона ведаю на зубок, – раскрывае сакрэты майстэрства Галіна Міхайлаўна. – А вось, замешваючы булкі і пірагі, асартымент якіх амаль кожны дзень мяняецца, «шпаргалкай» карыстаюся – не дай бог што-небудзь прапусціць: соль, дрожджы, маргарын…  
Жанчыне падабаецца назіраць, як цеста ажывае – пачынае брадзіць, падымацца і «дыхаць» – менавіта ў гэты момант яна ў стотысячны раз упэўніваецца, што і яе справа патрэбная людзям. Бо без добрага хлеба няма не толькі абеду, але і работы.
Цеставод пачынае працаваць у 5 гадзін раніцы – гэта першая змена. Другая ж – з 10 гадзін – заканчваецца, калі апошні чан з гатовым да выпечкі цестам адпраўляецца на фармоўку – каб і вечарам жыхары і госці горада маглі паласавацца свежым хлебам.
– Ніколі не імкнулася зрабіць кар'еру – гэта не маё, – дзеліцца жанчына. – Я проста працую і раблю гэта так, як атрымліваецца. Таму вельмі здзівілася, калі даведалася, што мой фотаздымак занесены на Дошку гонару. Для мяне гэта падзея не мае асаблівага значэння. А вось родныя і блізкія радаваліся. 

Глядзіш у цёплыя вочы Галіны Міхайлаўны Змітровіч, слухаеш яе ціхую гаворку, сочыш за ўпэўненымі рухамі – і разумееш: ёсць сярод нас сапраўдныя людзі працы, якія замест пустых размоў і скаргаў на жыццё проста і спакойна выконваюць свае абавязкі. Бо вынік будзе толькі тады, калі працаваць адказна, якасна і з душой – так, як гэта робіць цеставод астравецкага цэха хлебапячэння Галіна Змітровіч, партрэт якой занесены на раённую Дошку гонару.

У дадатак: Марыя Уладзіміраўна Масойць, намеснік дырэктара па прамысловасці Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства:

За ўвесь час работы Галіны Міхайлаўны на хлебазаводзе яна паказала сябе як акуратны, старанны, надзейны і руплівы працаўнік, безадказны, мяккі і спагадлівы чалавек. Пачынала яна на фармоўцы, потым была пераведзена на адну з найбольш важных і адказных работ – цеставода. Яна ніколі не адмовіла на просьбу – бо разумее, што гэта трэба для агульнай справы.

Текст: