Узник фашистских концлагерей Сергей Матвеевич Буренков отметил 80-летний юбилей.
На мінулым тыдні вязень фашысцкіх канцлагераў Сяргей Мацвеевіч Буранкоў адзначыў 80-гадовы юбілей.
Павіншаваць Сяргея Мацвеевіча з юбілейным днём нараджэння адправіліся старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ірына Фёдараўна Раткевіч і загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Валянцінаўна Сафранкова.
– Мы жылі ў Смаленскай вобласці. Бацькі толькі пабудавалі новы дом. Абжыцца добра не паспелі, як пачалася Вялікая Айчынная вайна, – расказвае мужчына. – Нас пастаянна бамбілі. Бацька выкапаў зямлянку – у ёй і даводзілася хавацца ат нямецкіх бамбёжак.
Бяда не прымусіла доўга чакаць – аднойчы ў вёску прыйшлі немцы. Спачатку сабралі маладых юнакоў і дзяўчат – у гэтую групу трапіла і старэйшая сястра Сяргея Мацвеевіча Марыя.
І сёння перад яго вачыма ўстае злы позірк немца і аўтамат, што выбівае з рук сястры вузялок з ежай і адзеннем, што ёй старалася ўсунуць у рукі маці.
– Моладзь адвялі ў адзін бок, дзяцей і старэйшых людзей – у другі. Немцы падпалілі нашу хату, але яна, зробленая з сырога дрэва, не гарэла. Тады яны прывезлі салому і сталі кідаць яе ў вокны, – дрыжачым голасам расказвае Сяргей Мацвеевіч.
Чатырохгадоваму хлопчыку многае прыйшлося перажыць. Ён разам з братамі Васілём і Мікалаем, сястрой Вольгай і бацькамі трапіў спачатку ў канцэнтрацыйны лагер пад Магілёвам, а ў 1943 іх перамясцілі ў Рэзекне Латвійскай Рэспублікі. Старэйшую сястру Марыю немцы пагналі ў Германію.
– Калі нас вызвалялі, адзін з чырвонаармейцаў сказаў бацьку: “Бяры каня і сям’ю і едзь адсюль. Баі будуць жорскія – можаце загінуць”.
– І мы вярнуліся на Радзіму. Але там нас чакала толькі папялішча. Некалькі месяцаў мы пераязджалі з аднаго месца ў другое, пакуль не дабраліся ў Гудагай. І тут, на шчасце, нам патрапіўся добры чалавек – вадзіцель з Варнян, які прапанаваў спыніцца ў яго роднай вёсцы, – расказвае Сяргей Мацвеевіч.
– Вядома, пасля вайны ўсе былі бедныя, але да нас добра адносіліся: дапамагалі, хто чым мог. Маці і мы, дзеці, усё жыццё былі ўдзячны нашым аднавяскоўцам.
Пасля вайны вярнулася з Германіі Марыя, знайшоўся Васіль – ён згубіўся ў Латвіі. Жыццё наладзілася.
Сёння Сяргей Мацвеевіч разам з жонкай Вандай Вітольдаўнай радуюцца кожнаму дню, які праходзіць у міры і спакоі. Разам яны ўжо 57 гадоў. За гэты час выгадавалі сына, выраслі чатыры ўнукі. Што яшчэ трэба для шчаслівых бацькі і маці? Толькі разуменне ў сям’і і ўвага людзей.
Цёплая размова, успаміны пра мірнае жыццё і гады ваеннага ліхалецця, падарункі ад “Белай Русі” і кветкі ад магазіна “Жасмін” сталі ў той дзень цудоўным сюрпрызам для сям’і Буранковых.