Гордость Островецкого района: Анатолий Туминский работает универсальным "воином"

11:42 / 21.03.2017

tuminski.jpgСамую напружаную і складаную пару для аграрыяў – жніво –калісьці журналісты назвалі бітвай за ўраджай. Трапны выраз адразу прыжыўся і не траціць сваёй актуальнасці і зараз, хоць тэхнічнае аснашчэнне гаспадарак і механізацыя працы зрабілі значны крок наперад. Тым не менш ні аграном, ні хлебароб не ў стане дамовіцца з нябеснай канцылярыяй.

Трактарыст-машыніст КСУП “Варняны” Анатоль Тадэвушавіч Тумінскі, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару, – універсальны “воін”: няма тых работ у гаспадарцы, якія не выконваў працаўнік.

Апошнія гады Анатоль Тадэвушавіч заняты на трамбоўцы зялёнай масы, хоць дваццаць гадоў свайго  жыцця мужчына аддаў жніву. Шэсць гадоў назад яму  даверылі магутны “Амкадор”. З новай тэхнікай вопытны механізатар адразу знайшоў агульную мову і цалкам апраўдаў давер кіраўніцтва калгаса. Зімой Анатоль Тадэвушавіч таксама не сядзіць без працы: загружае кармы і арганічныя ўгнаенні.

Многія работнікі прывыклі да графіка “з 8.00 да 17.00”. Працаўнікі аграпрамысловага комплексу пра такую раскошу нават і не мараць: у час трэба пасеяць, прапалоць, убраць ураджай, пакарміць і падаіць жывёлу. Таму нават у выхадны дзень давялося папярэдне дамаўляцца з Анатолем Тадэвушавічам пра сустрэчу, каб ён у сваім шчыльным працоўным графіку знайшоў маленькае акенца для журналіста.

З Анатолем Тадэвушавічам сустракалася не раз падчас падрыхтоўкі рэпартажаў пра сельскагаспадарчыя работы. Просты і нешматслоўны, як і ўсе вясковыя работнікі, ён прывык працаваць шчыра, сумленна, як некалі вучылі яго бацькі, а не выхваляцца вытворчымі дасягненнямі і посьпехамі...

Тым не менш варнянскаму трактарысту-механізатару ёсць чым ганарыцца: не раз ён уваходзіў у лік пераможцаў раённага і абласнога жніва, а апошнія гады трывала займае першыя пазіцыі ў гаспадарцы ў табелі па корманарыхтоўцы – менавіта таму партрэт Анатоля Тадэвушавіча Тумінскага вісіць на раённай Дошцы гонару.

...Нарадзіўся ён у Бабраўніках. Бацькі трымалі вялікую гаспадарку і з дзяцінства прывучалі да працы дзяцей. Не дзіва, што ўсе чатыры сыны Тадэвуша і Ванды – у хаце панаваў толькі адзін закон: хочаш, не хочаш, працуй – дапамагалі бацькам на ферме “Бабраўнікі”.

– Маці ўсё жыццё працавала жывёлаводам, – успамінае Анатоль Тадэвушавіч. – І кароў даіла ўручную. Тата таксама працаваў на ферме – быў падвозчыкам. Такой тэхнікі, як зараз, не было, таму я з братамі дапамагалі бацькам: хто з ахвотай, а хто – і пад прымусам. (Усміхаецца).

Толік хадзіў у мясцовую “сямігодку”. Навука і доўгія, як часта здавался хлопцу, урокі – не падабаліся, куды больш вабіла тэхніка.

– Сусед працаваў трактарыстам у калгасе, таму трактар часта насаваў на суседскім панадворку, – успамінае Анатоль Тадэвушавіч. – За шчасце было не толькі пасядзець у кабіне, але і з ветрыкам праехацца па вясковых вуліцах. Сябры так зайздросцілі!

Відаць, тая захопленасць тэхнікай, якая нарадзілася ў сэрцы бабраўніцкага хлопчыка, і прадвызначыла далейшае працоўнае жыццё Анатоля Тадэвушавіча.

–  Пасля Бабраўніцкай адвучыўся ў Варнянскай сярэдняй школе. Закончыў у Гудагаі курсы трактарыстаў: заняткі праводзіліся на працягу пяці месяцаў, пасля іх выдавалася адпаведнае пасведчанне, – расказвае мужчына. – У армію пайшоў, калі споўнілася дваццаць гадоў.

 Аднак перад тым, як Анатоль Тадэвушавіч адправіўся служыць, у яго жыцці здарылася лёсавызначальная падзея: знаёмства з будучай жонкай.

– З Марыяй пазнаёміліся на танцах у Гервятах. Яна – з Міцюн, я – з Бабраўнік – лічы, суседзі, – з усмешкай гаворыць мужчына. –Яна мне адразу запала ў душу. Пасля службы ў войску справілі вяселле. Нарадзілася ў нас трое дзетак: сын Віталь і дачушкі Наташа і Таня.

Не многія ведаюць, што на роўных з татам пэўны час працавала і старэйшая дачка Наташа: упраўлялася з трактарам не горш за мужчын, некалькі сезонаў запар працавала на жніве памочнікам камбайнера – бацькі.

– Дваццаць гадоў працаваў на камбайне, – расказвае Анатоль Тадэвушавіч. – Хлеб цяжка даецца… Калі б здароўе не падводзіла (з-за праблем з сэрцам мужчына ляжаў і ў раённай, і ў абласной бальніцах. – Заўв. аўтара) яшчэ пазмагаўся б за ўраджай. Сілы ўжо не тыя, што ў маладосці. Ды і іншай работы ў калгасе хапае: разам з уборкай хлеба нарыхтоўваем кармы – а тут без майго “Амкадора” не абысціся.

Жонка Анатоля Тадэвушавіча – Марыя Уладзіславаўна – таксама працуе ў КСУП “Варняны” – начальнікам МТК “Кярняны”, таму ёй таксама хапае клопатаў.

Аднак галоўная радасць бабулі і дзядулі – унукі. Разам з Марыяй і Анатолем жыве малодшая дачка Таццяна з сынам Арсеніем: зяць Віталь працуе дальнабойшчыкам і зарабляе грошы на будоўлю ўласнага дома.

Не паспеюць вечарам дзядуля з бабуляй пераступіць парог, як іх радасна сустракае двухгадовы Арсеній.

–  Дзеда, машына, –  цягне малы за руку стомленага за працоўны дзень мужчыну.

І як рукой здымае стомленасць,  і боль у спіне адыходзіць –  Анатоль ізноў становіцца тым жа бабраўніцкім хлопчыкам, у якога вочы гарэлі, калі ён бачыў суседскі трактар.

Універсальны “воін” пільна нясе сваю варту і дома.


Текст: