Чеслав Лобачевский собирает любителей зимнего купания

16:53 / 28.02.2017
купание 1

На Вадохрышча, калі, згодна з хрысціянскім павер’ем, вада набывае асаблівыя гаючыя ўласцівасці і не траціць іх на працягу года, імправізаваныя купелі збіраюць сотні вернікаў розных канфесій і людзей, якія ў гэты дзень захоўваюць гэтую традыцыю. Аднак для некаторых –аказваецца, што і на Астравеччыне ёсць такія людзі! – палонка і па-за вялікім хрысціянскім святам з’яўляецца аб’ектам здаровай цікаўнасці.


купание 3Яны не баяцца холаду і прастуды і, нягледзячы на надвор’е, кожны тыдзень сустракаюцца ў вызначаным месцы ў вызначаны час. Іх называюць “маржамі”, а яны пазіцыянуюць сябе аматарамі зімовага купання…


Усё пачалося з невялікай аб’явы, якая выйшла на старонках газеты “Астравецкая праўда”:  “Ствараецца клуб аматараў зімовага купання”, а для сувязі пазначаны толькі нумар тэлефона...

Я ні разу не акуналася на Вадохрышча. Аднак бязмерна паважаю людзей, якія займаюцца загартоўваннем, вядуць здаровы лад жыцця. І тут спрацаваў прафесійны журналісцкі інтарэс: захацелася на свае вочы ўбачыць і пазнаёміцца з астравецкімі зімовымі купальшчыкамі, язык проста не паварочваецца назваць іх “маржамі”.

купание 4
Калі я, набраўшы ўказаны ў аб’яве нумар тэлефона, пачула бадзёры, энергічны, а галоўнае – знаёмы голас, майму здзіўленню не было мяжы… Аказваецца, Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі – захоплены садавод, фермер, мецэнат і проста неўтаймаваны чалавек – з’яўляецца ініцыятарам стварэння на Астравеччыне клуба аматараў зімовага купання.

–  Прыязджайце ў суботу, самі ўсё ўбачыце! – прапанаваў Часлаў Станіслававіч.

Ад такой прапановы немагчыма было адмовіцца!
Аматары зімовага купання збіраюцца кожную суботу ля сядзібы Лабачэўскага. Купель для плавання ў вадаёме рыхтуюць работнікі фермерскай гаспадаркі: спачатку працуюць бензапілой, а пасля баграмі вызваляюць ваду ад лёду. Пляцоўка для плавання абсталяваная драўлянай платформай, а сама палонка – з двух бакоў лесвіцамі.

купание 5Пакуль мужчыны заканчвалі прыгатаванне купелі, цікаўлюся, ці практыкуюць яны зімовае купанне і як да яго ставяцца.

– Наш Станіслававіч – малайчына, – у адзін голас гавораць мужчыны. – Ён не толькі сам акунаецца, але і іншых запрашае гэта рабіць. Кожную суботу тут збіраюцца людзі не толькі з Астраўца, але прыязджаюць і з раёна – з Маляў і  Варнян.

– Я даўно выношваў ідэю стварэння суполкі па інтарэсах, і не абавязкова ў цэнтры ўвагі павінна быць зімовае купанне, гэта можа быць абліванне халоднае вадой, хадзьба басанож па снезе, – да размовы далучаецца Часлаў Лабачэўскі. – Падобныя працэдуры не толькі загартоўваюць чалавека, але сістэматызуюць і дысцыплінуюць яго. Акунаюся ў палонцы я са школьных часоў – натхніў прыклад нашага настаўніка Адама Браніслававіча Наркевіча.

За гутаркай я і не заўважыла, што заўсёднікі клуба ўжо перамаўляюцца між сабой.

Перад тым, як адкрыць заплыў, ваду і прысутных акрапіў святой вадой  пробашч парафіі святых Космы і Даміяна, канонік, ксёндз Юзаф Багдзевіч. Пасля кароткай малітвы святар прыгадаў хрышчэнне ў Іардане Езуса Хрыста і святога Яна Хрысціцеля, а таксама падзякаваў, што гэтую добрую справу – акунанне ў палонцы – астраўчане пачынаюць з Богам.

…Першы пайшоў! Плывец даў нырца з галавой – і ўпэўнена паплыў далей. Ён выйшаў на бераг, але не спяшаўся апранацца. Гэтак жа – і астатнія аматары зімовага купання.

купание 2Мужчынскую кампанію разбавіла адна жанчына, якая штотыдзень спецыяльна прыязджае з Маляў у Астравец разам са сваёй групай падтрымкі – мужам і малодшым сынам. Каця вылезла на бераг і, накінуўшы на плечы ручнік, “абсыхала”.

– Не паверыце, мне горача! – падзялілася адчуваннямі жанчына, пакуль я пераступала з нагі на нагу і спрабавала сагрэцца.

А пасля купання ўсе частаваліся гарачай і духмянай абляпіхавай гарбатай.

…Што імі рухае, запытае дапытлівы чытач? Наколькі я зразумела, не толькі прытрымліванне здаровага ладу жыцця, пэўныя прынцыпы, але і тыя эмоцыі, якія яны атрымліваюць ад акунання, а іх адзін з аматараў зімовага купання назваў “гучнай радасцю”. Не важна, колькі разоў кожны з іх акунуўся, галоўнае – яны змаглі гэта зрабіць – і перамаглі ў першую чаргу сябе.

За зімовым купаннем назірала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.

ostrov-red.ganulich@tut.by

 

З першых вуснаў

Віктар Саханоўскі, работнік фермерскай гаспадаркі “Світанак-Л”:

– Сёлета я ўпершыню на Вадохрышча акунаўся ў палонцы, а зараз – і двух месяцаў не прайшло –    ужо заплывы раблю. (Усміхаецца). Гэта карысна для ўмацавання здароўя і загартоўкі духу. А вось словамі перадаць эмоцыі, растлумачыць іх чалавеку, які ніколі не адчуваў ледзяной вады, проста немагчыма. Далучайцеся – і тады зразумееце, чаму мы штотыдзень плаваем у палонцы.

 

Кацярына Вайцяховіч, сацыяльны работнік:

– Першы раз акунулася ў палонцы ў мінулым годзе на Вадохрышча. Складана адказаць, што мяне да гэтага падштурхнула. У нейкі момант адчула, што я, як кажуць, дарасла да гэтага, што мне гэта патрэбна. Мяне падтрымаў чатырнаццацігадовы сын Мікіта, які сёння прадстаўляе Астравеччыну на лёгкаатлетычных спаборніцтвах у Гродне. Сёлета таксама акуналася на Вадохрышча. А потым на вочы трапілася аб’ява ў газеце “Астравецкая праўда” пра стварэнне клуба аматараў зімовага купання – я загарэлася. Зараз штотыдзень прыязджаю з Маляў у Астравец, каб не толькі акунуцца ў палонцы, але і сустрэцца з аднадумцамі.


Текст:
Фото: Алена Гануліч